Тады ў месце Пражскім крышылі храмы і нішчылі абразы і стоды царкоўныя, а таксама выколвалі ім вочы і адсякалі насы, кажучы пры гэтым: калі ты бог або святы, адбараніся сам, і мы ўверуем у цябе. Тады ж сабраліся чэхі на гару, званую Табар і збудавалі места новае, і не было дагэтуль такіх ні ў якой зямлі, бо багаты ў месце гэтым дзяліў ежу сваю з бедным, а хто прыходзіў туды з грашыма, апускаў іх у бочку, што стаяла дзеля гэтага на плошчы. Не было там таксама крадзяжоў, і не бавіў ніхто часу ў гультайстве, і ва ўсіх, як у апосталаў, было адно сэрца і адна воля, бо кожны дбаў найперш аб выратаванні душы сваёй. І вучылі там чытаць і пісаць па чэшскае Бібліі, і не трымаліся пастоў, і не верылі ў чысцец. Не пілі ж у месце Табары нічога, апрача вады, як гаспадар наш Вітаўт, і было гэта мне даспадобы, бо няма нічога агіднейшага за чалавека, што ад віна губляе розум свой, але няхай даруе мне Ўсявышні, усё ж праглася мне зрэдку прамачыць нутро сваё добрым кухлем чорнага чэшскага піва. І слухаў я там святара, які вучыў, што прыйдзе хутка царства справядлівасці і не будзе на зямлі караля і валадароў, не будзе паншчыны і падаткаў, і людзі будуць жыць, як браты і сёстры. Два месяцы жыў я ў тым месце і бачыў, што думкі жыхароў ягоных і справы іхнія дагодныя Збавіцелю, бо ўсе людзі народжаныя роўнымі між сабою, і почасту сніў я места сваё роднае Віцебскае, нібы места Табар, і цешылі гэтыя сны душу маю; маліўся ж я паводле гусіцкага абраду.
Кароль Зыгмунд у тую пару прывёў войска незлічонае, і нечуваныя здзекі чыніла яно над гусітамі. Каля Кутнай Гары кідалі іх у капальні і за кароткі час кінулі туды шаснаццаць соцень мужчын і жанчын, так што нават каты валіліся на зямлю ад стомы. Секлі рыцары дзецям і немаўлятам рукі і ногі, а мацярок іхніх гналі перад сабою і падвешвалі за персі, мёртвых жа мужчын клалі на жанчын, кажучы: злучайцеся і размнажайцеся. Паганцы ніколі не здзекаваліся так з целаў хрысціянскіх, як яны, і не прамінула неба паслаць ім кару за страшныя грахі іхнія, і разбілі гусіты войска рудога Зыгмунда на Віткавай гары, і тады ўзяў я ўпершыню зброю ў рукі свае.
І выправілі гусіты пасольства вялікае да гаспадара нашага Вітаўта, аддаючы яму карону чэшскую і чакаючы падмогі ад братоў сваіх па крыві. Богу ж было дагодна, каб у пасольстве гэтым ехаў і я, і радасць вялікая жыла ў сэрцы маім, бо меў я надзею пабачыць бацьку і места Віцебскае і прынесці адназемцам слова праўды...*
* Тут у рукапісе няма дзвюх старонак.
...Вітаўт не сам, а паслаў сыноўца свайго князя Жыкгімонта Карыбутавіча з рушэннем, і прыйшлі мы ў месяцы траўні ў Прагу, і прызналі чэхі князя Жыкгімонта валадаром; было гэта ў лета 1422. Беларусінаў прыйшло ў тым войску лікам да пяці тысяч, і ўсе біліся мужна, і многія заручыліся там з зямлёю. Не магу я сказаць пра кожнага, а таму скажу тут пра тых, хто пайшоў са мною з места Віцебскага, каб дзеці і ўнукі іхнія паміналі свайчакоў добрым словам у размовах і думках сваіх.
Быў з намі Якуб-мечнік, а прозвішчам Жаробка, бо еў, як пяць добрых кметаў, і сам князь падзівіцца прыходзіў на Якуба ў паходзе нашым. Але і ў сечы выславіўся Жаробка не горай, чым ля катлоў кухарскіх, і забраў яго Жыкгімонт сабе на шчасце ў ахову сваю княжую. Часта прыгадваю я Якуба-мечніка, бо дзіўнаю была смерць ягоная. Адмовіўся ён перад днём сваім вячэраць, а калі прыступіліся да яго з роспытамі, бо большае гэта было дзіва, чым калі б Барысавы камяні па Дзвіне паплылі, прызнаўся Жаробка, што ўзяла яго за сэрца туга невыказная і хоча ён песню ўзгадаць, якую маці яму на сон спявала, калі малы быў, і, як узгадае ён песню тую, так і туга адкаснецца, і есці ён зноў захоча. Многія тады ад слоў Якубавых бакі сабе рвалі і кпінкі з яго строілі. Назаўтра ж ішло войска па чэшскім мястэчку, князь Жыкгімонт з аховаю наперадзе ехаў, і, як выкіравалі на плошчу, гакнула з касцёла рушніца варожая. Якуб князя захінуць ірвануўся, проста паміж вачэй куля яму і ўвайшла, там, дзе бровы на пераноссі зрасліся. А са званіцы касцельнае арганістага сцягнулі, прызнаўся на прэнгу, што далі яму ксяндзы кулю срэбную асвячоную з пісьмёнамі і намовілі пагубіць князя беларусінскага, дакляруючы за гэта царства нябеснае. Ці паспеў хоць тую песню матчыну Якуб успомніць, пакуль душа не адляцела?
Быў там і халоп нявольны баярына Завішы Цімошка Гром, празваны так за дурную звычку, якую не буду я тут узгадваць, але воін харобры; няраз з адной паліцаю ішоў на рыцара і перамогу меў над многімі. Сустрэў жа пагібель сваю Цімошка ў сечы векапомнай пад Маляшовым. Мы ў дзень той стаялі на гары, і, калі спешыліся ворагі нашы і рынулі на прыступ, гетман наш Ян Жыжка, які і безвач бачыў лепей, чым трое відушчых, махнуў рукой, і пакаціліся долу вазы цяжкія, каменнем наладаваныя, а калі пабеглі рыцары, ударылі ім у спіну гарматкі-тарасніцы, і паляцела ў пагоню конніца. Паўтары тысячы паноў і людзей моцных места Пражскага маліліся тады астатні раз богу свайму. Адзін жа з іх, чалавек небаязлівы і немалой сілы, распалавініў Цімошкаву галаву, як гарбуз, але сам перажыў Грома адно на міг, бо не паспеў ён узняць меч, як закіпела сэрца ягонае на маёй суліцы. Было гэта ў лета, калі забрала адважнага Жыжку чорная смерць і мы назвалі сябе сіротамі.