— Хіба вы палонны? Хто ж у такім разе паланіў вас? — Яна закрылася вахлікам і зірнула на паэта паўзверх жоўта-зялёнай птушкі.
Пісаныя і няпісаныя правілы галантнасці вымагалі ад яго толькі аднаго адказу, якога прагнула юная капрызніца. Здаецца, зусім проста — сказаць некалькі зазвычаеных слоў. Але ён ведаў, што не зможа пераступіць праз нейкую перашкоду ў самім сабе.
— Хто ж паланіў вас? — настойліва паўтарыла яна.
— Туга па радзіме,— адказаў ён, заўважаючы, як у яе ў вачах прачынаецца зласлівасць.
— Я хачу паслухаць вашыя вершы,— уладна сказала Франчэска.
Яна стаяла, напалову павярнуўшыся да вакна, і ветрык перабіраў яе валасы. Злёгку ўскінуўшы голаў, Гусоўскі пачаў:
Гэтыя радкі ён таксама перапісаў два тыдні таму на зеленкаватую паперу, але па твары Франчэскі нельга было прачытаць: знаёмы ёй гэты верш ці яна чуе яго ўпершыню.
Радуе ніва ратая сваім ураджаем аквітным...*
* Пераклад з лацінскай Сяргея Сокалава-Воюша.
Краем вока Гусоўскі змеціў, што з дзвярэй робіць гаспадыні нейкія знакі чорнавалосая пакаёўка. Франчэска кіўнула ёй і рухам рукі загадала паэту спыніцца.
— Я атрымала ваш ліст,— сказала яна, пазіраючы ў вакно.— Цяжка ўявіць сабе ўчынак больш легкадумны, чым ваш. Вы забыліся, хто вы. Мне вядома, што ў спісах каралеўскага пасольства нават няма вашага імя. Толькі вашы паэтычныя здольнасці не дазваляюць мне неадкладна паведаміць пра ўсё маім бацьку і брату. Калі вы не спыніцеся, яны змогуць абараніць мяне ад вашых дамаганняў.
Гусоўскі адчуў, як усю ягоную істоту залівае задушлівая гарачыня. Ён хацеў нешта сказаць, ды гэтая ліпучая гарачыня ўжо запоўніла горла і грудзі. Высілкам волі ён здолеў пакланіцца і імкліва выйшаў у дзверы, несучы на сабе насмешліва-цікаўны позірк чарнявай пакаёўкі.
Ён ішоў, не заўважаючы нікога, сам-насам са сваім болем і сваёй крыўдай. Насустрач яму трапіўся струплявы ў каўпаку, які належала насіць усім, каго зачапіла гэтая немач. Таксама як вакол хворага на праказу нават на самых людных вуліцах утваралася пустата, вакол Гусоўскага была вязкая ціша, якую не маглі змагчы ні грукат жалезных брусоў па ваканіцах — гандляры ўжо зачынялі крамы, ні крыкі вулічных прадаўцоў вады, ні страшная ляскотка струплявага, які ў апошні момант сам адхіснуўся ад чалавека, што ішоў проста на яго.
Паэт не чуў лаянкі, якою ўзнагародзіў яго струплявы. У звінючай цішыні, што нябачным шчытным вопраднем абкружыла Гусоўскага, гучала адно і тое ж. Вы забыліся, хто вы. У спісах пасольства нават няма вашага імя...
Намагаючыся ўцячы ад наслання, ён прыспешваў хаду, але абразлівыя словы ўсё адно даганялі і смяяліся яму проста ў вочы.
Вы забыліся, хто вы...
У гэтыя хвіліны пасол вялікага князя літоўскага i караля польскага Жыгімонта Казіміравіча пры папскім двары ў Рыме біскуп Эразм Вітэліус узрушана хадзіў па даўгой галерэі, што з трох бакоў аблямоўвала пасольскую рэзідэнцыю. Эразм кагадзе вярнуўся дадому, і на ім яшчэ было адзенне для конных прагулянак — кароткі лёгкі плашч, скураныя нагавіцы да каленяў і высокія боты са светлага юхту. Каралеўскаму паслу наўрад хто-небудзь даў бы ягоныя сорак з гакам — так лёгка нёс ён сваё паўнаватае, але падабрана-спружыністае цела, так маладжава выглядаў ягоны голены загарэлы твар. Маладосці дадаваў яму і высокі рост з ганарыстай паставай. Праўда, уражанне крыху псавалі зрадзелыя чорныя валасы, затое на буйной і круглай, як кавун, галаве іх заставалася акурат столькі, каб біскуп Вітэліус мог, нічым не рызыкуючы, не галіць танзуры.
Раз-пораз па ягоным твары прабягала лёгкая ўсмешка чалавека, якому раптам вельмі пашанцавала. Сёння ў яго сапраўды быў адзін з тых дзён, якія Катул меў звычку адзначаць белым каменьчыкам, адзін з нячастых за тры пасольскія гады ў Рыме дзён, калі Эразм быў задаволены і сабой, і хадою падзей.
Сёння ён мог шчыра дараваць пáпу і празмернае захапленне ловамі, і вясёлыя начныя балюшкі, і іншыя чалавечыя слабасці, што не надта пасавалі яго святасці Лявону X. Сёння хай сабе толькі на некалькі гадзін, але Вітэліуса пакінулі ўсе непамыслоты апошніх месяцаў. Адступіліся нагаворы ордэнскіх паслоў, якія зацята змагаліся з ягонай прапановаю перавесці Тэўтонскі ордэн на мяжу з татарамі, дзе рыцары маглі б сапраўды бараніць веру, а не рабаваць суседзяў-хрысціян. Да часу адышлі некуды ўбок інтрыгі ў Польшчы, дзе прымас Ласкі з падбрэхічамі нястомна пляце сваё павуцінне, дзень пры дні ўводзячы каралю ў вушы, што ён, Эразм Вітэліус,— няздатны выскачка, народжаны ў абозе лютніст-самавук, які выпадкова ўбіўся ў міласць да былога вялікага князя Аляксандра. Надзейныя людзі паведамляюць з Кракава, што Ласкі ўжо ўголас называе яго нявартым каралеўскае пашаны плебеем. Але хутка ён змусіць ворагаў прыкусіць свае подлыя языкі. Пурпур кардынальскае мантыі станецца для караля найлепшым доказам таго, на якіх людзей павінна багацець дзяржава. А калі Эразм Вітэліус зробіцца кардыналам Вітэліусам, лепей пойдуць і пасольскія справы. Можа, менавіта тады яму пашчасціць схіліць папу да аб’яднання хрысціянскіх краін супроць Порты. Туркі і іхнія васалы крымскiя татары ўжо навіслі над Еўропай, нібы навальнічная хмара з градам над спелаю нівай. I Карона, і Вялікае княства зазналі сілу і лютасць магаметанаў, а кароль і магнаты, як і раней, бавяць час у злачынным спакоі.