Выбрать главу

У вечаровым зацішку галерэі яму наўздзіў выяўна, нібыта ў памяці расхінулася нейкая заслона, згадалася іхняя першая сустрэча, якая магла стаць і апошняю, бо выправіцца з таго палявання прамютка да Абрама на піва Гусоўскаму было нашмат прасцей, чым вярнуцца дахаты жывым.

Гэта здарылася ў гады ўладарання караля і вялікага князя Аляксандра, у шчаслівую для Эразма пару, калі ён і Гусоўскі яшчэ не ведалі, што іхнія пуцявіны не толькі перакрыжуюцца, але і непарыўна заплятуцца, як дзве ссуканыя суравыя ніткі.

Хоць пушча таксама належыць каралю, не след блытаць яе з каралеўскім палацам, бо старавечныя яліны і хвоі — не месца для забавак гуллівых купідонаў. Але ў тыя дні ў Налібоках Аляксандр нібыта забыў на гэта і легкадумна папусціўся каралеве Алене, якой заманулася наладзіць паляванне з пацехаю. Прыдворныя шапталіся, што кароль замольвае перад жонкаю свае любошчы з маладой удавою менскага старасты Адэляй.

Дзень палявання выпаў сонечны і сляпучы ад першага снегу. Ускрай балацявіны з купкамі мерзлай асакі арцель цесляроў збудавала памост на пяці магутных, як калоны, дубовых слупах, спрэс высланы звярынымі шкурамі і кілімамі. Сама каралева Алена — дачка князя маскоўскага Івана III, а за ёй і ўсе прыдворныя дамы выстраіліся, быццам на Каляды; ад чырвані, золата і блакіту жаночых убораў, ад крамянай марознай ружовасці шчок, ад усёй гэтай стракатасці на зіхотнай снежнай асноведзі ўмомант стамляліся і пачыналі слязіцца вочы.

За тры сотні крокаў ад памоста расцягнуўся ланцуг паляўнічых з дзiдамi і цяжкімі рушніцамі. Сярод тых, хто ўсё больш наструнена прыслухоўваўся да пушчанскіх зыкаў і на ўсялякі выпадак яшчэ раз правяраў сошкі рушніцаў, Эразм убачыў самога сябе, маладзейшага на дваццаць гадоў. Ён у гэтай пушчы пяты ці шосты раз, ужо ўпаляваў зубра і трох ласёў, ды хвіліны чакання, напэўна, заўсёды аднолькавыя: сэрца ў грудзях усё роўна як вырастае, кроў робіцца гарачэйшая, але адначасна ў ёй чуецца і нейкі халадок, што дае галаве спакойную яснасць і рашучасць.

Аднекуль здаля далятае слабы сабачы ўзбрэх, потым яшчэ і яшчэ. У марозным паветры ўжо выяўна чуюцца чалавечыя крыкі і конскае гігатанне. Гáлас хутка набліжаецца, і кроў бяжыць па жылах кароткімі моцнымі штуршкамі.

Зубр паказаўся на краі галявіны знянацку. Прабегшы з паўсотні крокаў, ён на хвілю спыніўся, нібыта акурат дзеля таго, каб даць сябе разгледзець — ахутаны белым воблакам пары, агромністы, як капа старога рудаватага сена, з трыма суліцамі ў загрыўку. З-за дрэў, адразу раздзяляючыся надвое, каб узяць ляснога волата ў кальцо, вылецела на ўспененых конях пагоня. Нейкі зухаваты вершнік на буланым кані вымкнуўся наперад і, наставіўшы дзіду, адважна рынуўся на звера. Кароль і астатнія коннікі прыпыніліся, стамлёны зубр ленавата павярнуўся, прымаючы выклік. I тут прычынілася непрадбачанае: буланы пакаўзнуўся на прыцярушаным сняжком лёдзе і, спудзіўшыся, скінуў гаспадара на дол. Лоўчыя кінуліся на падмогу, але было позна — раз’ятраны зубр двума скачкамі дапяў няшчаснага паляўнічага і кароткім страшным ударам рагоў выпусціў з чалавека дух.

З сотні жаночых грудзей вырваўся і разлёгся па-над галявінаю лямант, у якім змяшаліся жах і захапленне. Адно цяпер зубр угледзеў нешта дагэтуль нябачанае: высокі памост са стракатым натоўпам якіхсьці крыклівых істотаў. Звер ажно здрыгануўся ад лютасці. Не зважаючы на баханне рушніц, ён нагнуў кашлатую галаву і, падкідваючы цяжкі азадак, моўчкі памчаў проста на памост. Ён, як віхор, пранёсся непадалёку ад Эразма, пакінуўшы за сабою стаптанага паляўнічага і раструшчаную капытамі зброю. Першы дубовы слуп зляцеў з падваліны, быццам тонкі бярозавы калок. Пераможна рыкнуўшы, звер завярнуўся і, прабегшы пад памостам, гэтаксама лёгка збіў асяродную палю. Край памоста пахіліўся, і некалькі прыдворных дам, анямеўшы ад жаху, апынуліся на снезе. Зубр зноў развярнуўся. У ягоных крутых баках трымцела ўжо з дзесятак дзідаў, але магут не здаваўся. Пакуль стральцы падбягалі і ліхаманкава наводзілі свае рушніцы, зубр апусціў мокрую ад юхі галаву і зноў пайшоў на памост. I тады паляванне не дало веры вачам: паміж ашалелым ад дзідаў і куль мсціўцам і ягонымі ахвярамі, што безабаронна бэрсаліся на снезе ў сваіх цяжкіх футрах, скочыў малады лоўчы з рацішчам.

Зубр здзіўлена ўскінуў голаў і ўтаропіў на чалавека каламутны позірк, поўны невыказнай пакуты і нянавісці. Тым часам каржакаваты лоўчы, прытанцоўваючы, зрабіў насустрач зверу яшчэ тры крокі і знерухомеў. Выцягнуўшы руку, ён мог дастаць рацішчам да скрываўленых рагоў. Зубр падабраўся, каб зрабіць апошні скачок, але ў той самы момант, калі ён скрануўся з месца, лоўчы ў міг вока адскочыў убок і схаваўся за стаўбуром вячыстай яліны.