Выбрать главу

— Зірні на Хрыста і грэшніцу. Быў час, калі гэты мастак дапісваў карціны Джарджоне, але, павер мне, ён перасягне настаўніка. Яго завуць Тыцыян. Я хачу, каб ягоныя палотны трапілі да нас на радзіму. Калі пасольства будзе вяртацца...

Эразм чамусьці не скончыў і адвёў прыцьмелыя раптам вочы.

— Я прачытаў «Янычара»,— загаварыў ён пра іншае.— Твая ліра зноў падаравала мне асалоду, а талент нагадаў спелую вінаградную гронку. Наш зласлівец Строццы хутка праглыне свой брудны язык. Я зраблю, каб паэма патрапіла ў рукі папы. Тым больш цяпер. А тая сцэна, дзе янычар забівае маці... Тваё пачуццё, талент і фантазія твораць там сапраўднае дзіва.

— На жаль, монсеньёр, там няма ні каліва фантазіі. Я сустрэў гэтага чалавека на мосце Фабрыцыя. Ён блізкі нам па крыві, балгарын. У пяць гадоў асманцы ўзялі яго па падатку крыві. Астатняе монсеньёр ведае з паэмы.

— I гэта была ягоная маці?

— У маленстве ён зваліўся з дрэва і параніўся. Паміраючы, яна пазнала яго па меціне на шчацэ.

— О Божа, у які жорсткі век прыслаў ты нас на зямлю!

Абодва на нейкі час замаўчалі.

— Султан Сулейман выступіў на Бялград,— звязваючы нітку размовы, сказаў пасол.— З Балгарыі даносяць, што загадана сабраць дзесяць тысяч вазоў правіянту для султанскага войска. Туркі ўвялі новы падатак — за працу, якую іхнія зубы зробяць, перажоўваючы хрысціянскі харч. А татары тым часам спусташаюць памежныя абшары Княства і Кароны.

— I Ватыкан па-ранейшаму маўчыць...

Гусоўскі разумеў, што пасол паклікаў яго не дзеля таго, каб паведаміць пра новы паход султана. За доўгія гады іхняга своеасаблівага сяброўства ён навучыўся выдатна адчуваць унутраны стан мецэната і цяпер быў пэўны, што апрача паходу, апрача татарскіх набегаў і беспаспяховых пакуль што намаганняў пасольства Эразма гняце сёння і штосьці іншае. Вітэліус часта казаў, што поруч з ім не чуе на чужыне адзіноты. Ён, Гусоўскі, не мог бы шчыра паўтарыць тое ж самае. Аднак ён па-свойму любіў Эразма, і ў ягоным сэрцы таксама пасяліўся неспакой.

Ён быў шмат за што ўдзячны Вітэліусу. Пасля дабрадзейкі Соф’і, чацвёртай жонкі караля Ягайлы, краіна, бадай, не ведала мецэната больш слыннага. Біскуп Вітэліус апекаваўся паэтамі і дойлідамі, на ягоны пасольскі двор у Рыме зляталіся лісты з пячаткамі знакамітых вучоных мужоў усёй Еўропы. Італьянец Кларэці нядаўна прысвяціў яму пераклад з Лукіяна, а немец Барэальд з Кёльна — свой трактат пра землятрусы. I ўсяго гэтага ён дасягнуў у зацятай барацьбе з зайздроснікамі і радавітымі няздарамі. Ды найперш Гусоўскі любіў Эразма за вернасць дадзенай у маладыя гады прысязе верай і праўдаю служыць Княству. Польскія арыстакраты не маглі дараваць яму не толькі ўзлёту, але перадусім гэтага сумленнага служэння. Яны не маглі дараваць Вітэліусу прамоў у Рыме і ў Аўсбургу, дзе ён услаўляў Вялікае княства, яго былых валадароў і нават ягоную мову. Да таго ж нейкі спрытны рымскі друкар выдаў гэтыя прамовы асобнай кніжкай. Супроць пасла ўжо гучалі галасы на польскім сейме, і можна ўявіць, якая бура падымецца цяпер, калі ў Ватыкане пачалі гаварыць пра Вітэліуса як пра будучага кардынала. Відаць, нічога добрага не абяцаюць і каралеўскія пячаткі на лісце, які мецэнат чытаў перад ягоным прыходам.

Паэт рыхтаваўся пачуць благое і таму быў уражаны, калі Эразм абняў яго за плечы і загаварыў пра добрыя весткі з папскага палаца.

— Няхай узрадуецца тваё сэрца, як напоўнілася радасцю маё. Папа зацікавіўся паляваннем у нас на поўначы і выказаў жаданне мець у сваіх пакоях чучала зубра. Неба нарэшце пачула нашы малітвы. Табе давядзецца адкласці ўбок эпіграмы.

— Няўжо монсеньёр хоча паслаць мяне на паляванне? — спытаўся Гусоўскі са стрыманаю ўсмешкай і нейкім няясным, але ўсцешлівым прадчуваннем.

— Пра зубрыную шкуру няхай дбае Радзівіл, а мы з табою, Nicolaus, павінны ўпаляваць штосьці больш важнае. Папа пажадаў мець не толькі звера — яшчэ і праўдзівае паэтычнае слова пра ягоныя звычкі і пра лясы, што даюць яму прытулак. Ты няраз гаварыў, што твой човен застаяўся ў завані ціхіх азёраў. Выводзь яго ў мора і не бойся буры!

Гусоўскі маўчаў, таймуючы хваляванне, а пасол казаў далей:

— Памятай, што пасля Грунвальда пра нас даведаліся ва ўсім свеце. Кожны італьянскі вяльможа хацеў бы мець кнігу пра нашу краіну. Я ўжо стаміўся ад бясконцых роспытаў пра волатаў з вачыма на патыліцы і іншую бязглуздзіцу, народжаную хворым уяўленнем несумленных пісакаў. Дакуль яны будуць пашыраць чуткі пра варварства і дзікасць нашых земляў? Мы даўно адкрылі для сябе Захад, і ўжо даўно прыспела пара паказацца на людзях самім. Наша мінуласць мусіць належаць да гісторыі ўсёй Еўропы.