Гэта быў падарунак мецэната, копія з алтара галандскага майстра Гераніма Босха. Геніем ці вар’ятам быў чалавек, што здолеў змясціць на адной карціне ўвесь крывавы хаос гэтага свету? — часта пытаўся ў сябе Гусоўскі. А можа, сам свет ужо даўно страціў розум, а мастак толькі адкрыў людзям вочы?
Але зараз паэт быў у абладзе іншых думак, бо сон пра радзіму не мог вешчаваць благога.
Паснедаў ён, як звычайна, у таверне каля моста Фабрыцыя, дзе ўранні падавалі свежую рыбу і кубак таннага віна. Трэба было вяртацца да стала і паперы. Сон абяцаў яму ўдачлівы дзень, аднак Гусоўскі нечакана для сябе рушыў вуліцаю ў бок Калізея.
Трохповісная аркада амфітэатра сустрэла яго цішынёй і пустэльнасцю. Калісьці, у свае першыя дні і месяцы ў Вечным горадзе, ён часта прыходзіў сюды. Яму дастаткова было заплюшчыцца і лёгка націснуць пальцамі на павекі, і пусты амфітэатр да краёў напаўняўся гулам дзесяткаў тысяч галасоў. Ён быў то гледачом, то адным з тых няшчасных, што, павярнуўшыся да імператарскай ложы, ускідвалі над галовамі мячы і адрывіста крычалі кесару словы свайго змрочнага прывітання.
Але гэтым ранкам яго прывяло сюды абуджанае сном пачуццё нейкага чакання.
Памяць дазваляла яму пісаць без пёраў і паперы. Прымружыўшы вочы, ён паўтарыў апошнюю страфу, якая гучала ў думках адначасна на лаціне і па-беларусінску. Паэма яшчэ не мела назвы, але раз-пораз, як вясёлкавая стронга ў чыстых нёманскіх доплывах, у свядомасці ўжо праплывала: «Carmen de bisonte» — «Песня пра зубра».
Гусоўскі ўрупіўся ў работу і не адразу змеціў чалавека, што з’явіўся па другі бок арэны. То быў юнак у апратцы шкаляра з вышыванымі саквамі цераз плячо. Ён скінуў не надта пакоўныя саквы, выняў акраец хлеба і запусціў у яго маладыя зубы. Падхарчыўшыся, шкаляр паслаў на каменную лаву добра-такі зашмальцаваны фаляндышавы плашч і з насалодаю выцягнуўся на ўвесь свой немалы рост.
У гэты момант Гусоўскі нарэшце заўважыў юнака. Аднак ён заўважыў і іншае: трохі вышэй ад шкаляра сярод лаваў амфітэатра зладзеявата выткнулася і адразу схавалася нечая постаць у рызманах. Шкаляр умасціў саквы пад галавою і, відаць, заснуў, а абадранец больш не паказваўся. Ды раптам спрактыкаванае вока паляўнічага змеціла, як з-за каменя вытыркнуўся і пачаў паціху пасоўвацца да сакваў даўгі кій з гакам на канцы. Гусоўскі крыкнуў, юнак усхапіўся на ногі, але было ўжо позна: злодзей уцякаў з саквамі на ўсе лапаткі. Спрытна пераскокваючы цераз лавы, ён бег акурат на Гусоўскага, нібыта збіраўся знайсці ў яго паратунак. Шкаляр нёсся за ім вялікімі скачкамі, і здавалася, што абадранец трапіў у нявыкрутку. Ды толькі, калі між ім і паэтам засталася нейкая паўсотня крокаў, а шкаляр вось-вось павінен быў схапіць валацугу за каршэнь, той, крыху збочыўшы, нырцануў у нішу і быццам праваліўся скрозь зямлю. Калі Гусоўскі, дакараючы сябе за някемнасць, падбег да чорнага атвору нішы, задыханы і ўзмакрэлы шкаляр ужо вылазіў адтуль, пэўна, зразумеўшы, што ягонае майно знікла ў гэтых лёхах назаўсёды.
— Кадук на яго! — вылаяўся ён і, змахнуўшы з ілба пот, прывітаўся на лаціне.
Ад неспадзяванкі Гусоўскі нават не адказаў на вітанне.
— Кадук на яго! — усцешана паўтарыў ён беларусінскую лаянку і сціснуў прыгаломшанага шкаляра ў абдымках.— Кадук на яго!
Не, нездарма прысніўся яму той сон. Не кожны дзень сустрэнеш у Рыме чалавека з Вялікага княства, ды яшчэ з Нясвіжа.
Даўгалыгі, русявы і зеленавокі шкаляр адказваў на роспыты весела і з трохі круцельскаю ўсмешкай:
— Не прападу! У Нясвіжы людзі хіжы: салому таўкуць — бліны пякуць, сена смажаць — бліны мажуць. Адно кніжак шкода.
Ён прыгладзіў разбэрсаныя пагоняю валасы, нахіліўся да атвору, з якога цягнула холадам, і, склаўшы далоні ракавінай, закрычаў:
— Гэй ты, сіньёр шылахвост! Хлеб можаш есці, кашулю можаш насіць, а кнігі прынясі заўтра на гэтае месца і пакладзі на першай прыступцы. Тады Бог адпусціць табе твой грэх!
Сутарэнне азвалася здзеклівым рогатам. Італьянскае мовы шкаляру не хапіла, і ён выгукнуў у цемру ўжо па-свойму:
— Каб цябе чэрці смажылі столькі дзён, колькі слоў у тых кнігах!
Васіль — так звалі шкаляра — атрымаў у Кракаве бакалаўра і цяпер кіраваўся па навуку ў Падую, дзе таксама маглі вучыцца праваслаўныя. Сёлета там чыталі лекцыі два магістры-беларусіны: Ян з Полацка — «Лісты» Цыцэрона, а Марцін з Зэльвы — «Этыку» і «Метафізіку» Арыстоцеля. Рым зусім убаку ад дарогі, але ён, Васіль, зрабіў калена, каб на свае вочы ўбачыць Вечны горад.
Гусоўскі ўзгадаў маладосць. Ці сурова трымаюцца цяперашнія студыёзусы статутаў? Няўжо сапраўды гавораць у бурсе толькі па-лацінску? Ці выкладае яшчэ ў Ягелонскай аlma mater доктар у медыцыне і вольных мастацтвах Мацей з Вільні?