Выбрать главу

— Гэта мой сакратар і сябра,— падумаўшы адно імгненне, адказаў Эразм.

Турак таксама на хвілю задумаўся, пацерабіў пальцамі даўгія рукавы зялёнага халата і, бліснуўшы чорнымі вачыма, у згодзе нахіліў турбан.

— Мяне паслаў сам падзішах, валадар свету, месяца і сонца...

— Валадар свету? — насмешліва перапытаў пасол.— Здаецца, у Рыме ўладараць іншыя.

— На ўсё воля Алаха,— анізвання не збянтэжыўся блакітны турбан.— Нядаўна словы, падобныя тваім, казалі і ў Бялградзе. А сёння муэдзіны славяць з бялградскіх муроў імя Алаха і выканаўцу волі ягонае на зямлі султана Сулеймана, няхай доўжыць неба яго шчаслівыя дні. Дзе пройдзе турэцкі конь, трава ўжо ніколі не вырасце. Кароль венграў не мае сілы выступіць супроць Порты. Французскі кароль напаў на Італію. Венецыя не стане сварыцца з намі, а імператару трэба змагацца з Лютэрам. Лютэр жа смяецца з тых, хто збірае сілы на барацьбу з Высокай Портай. Ён мудры чалавек, ваш Лютэр. Ён вучыць, што неба паслала асманцаў, каб пакараць грэшных хрысціян, а значыць, той, хто ваюе з намі, працівіцца свайму Богу.

— Гэты мудрэц ходзіць па слізкай сцежцы,— сказаў Гусоўскі, і турак укалоў яго зласлівым позіркам, відаць, шкадуючы, што пачаў гаворку пры гэтым дападкім сакратару.

— А якая сцежка прывяла цябе? — з нецярпеннем запытаўся Вітэліус. Ягоную душу ўжо ўтнула здагадка.

— Хто прыходзіць з добрым, таму — яшчэ лепшае,— унікліва адказаў блакітны турбан словамі з Карана.

— А хто з’яўляецца з благім, тых аддадуць агню,— прамовіў Вітэліус.

— Шаноўны пасол чытае Каран! — у шчырым ці ў прытворным здзіўленні ўзняў рукі візітант.— Папраўдзе ўсемагутны Алах любіць людзей высокіх думак. Няхай прасветліць ён вашыя сэрцы.

Турак зусім па-гаспадарску абабег на сваіх кароткіх ножках бібліятэку, зазірнуў за паліцы і нават, прачыніўшы дзверы, выглянуў у вітальню.

Пасля гэтае беганіны ён вярнуўся на ранейшае месца і непарушна склаў рукі на круглявым жывоціку.

— Шаноўны пасол, няхай лічыць Алах ягоныя дні, мае вялікія заслугі. Слава пра іх пераляцела мора і дапяла вушэй самога султана, чый розум абдымае зямлю і ападае залатымі і срэбнымі дажджамі.— Турак загаварыў цішэй.— Алаху было б дагодна, каб шаноўны пасол перайшоў на службу да Высокай Порты. Падзішах шчодра ўзнагароджвае сяброў. Сакратар пана пасла таксама атрымае сваю долю,— дадаў ён, барабанячы па жываце пальцамі.

— У мяне ёсць манарх, інтарэсы якога я абараняю,— павольна адказаў Эразм.

— Хто ж гэта? — шчыра здзівіўся блакітны турбан.

— Кароль польскi і вялікі князь літоўскі Жыгімонт,— перамагаючы сябе, з цяжкасцю прамовіў Вітэліус.

— Султан ацэніць паслугі пана пасла ў дзесяць разоў даражэй.

— Не ўсё на свеце прадаецца.

— Не ўсё? — выказаў сумнеў турак.— Што ж не прадаецца?

— Зямля, якая завецца Радзіма,— рэзка сказаў Эразм.

Турак, закідваючы галаву з даўгой вузкай барадой, зарагатаў:

— Радзіма? О-хо-хо! Няўжо пан пасол думаў, што ў палацы падзішаха не ведаюць, які загад пан пасол атрымаў ад караля?

Вітэліуса затапіла чорная хваля лютасці. Ён сапраўды можа добра паслужыць султану, можа адпомсціць за сваю ганьбу. Задаволены турак моўчкі чакаў, цудоўна разумеючы, што чыніцца ў Эразмавай душы.

I раптам пасол сустрэў цяжкі, дапытлівы і адначасова насмешлівы пагляд Гусоўскага. Гэта была сцяна. Гэта быў паратунак.

— Я думаў, ты пасол, а ты і напраўду купец,— з невыказнаю палёгкаю сказаў Вітэліус.

— Мы пачакаем,— адгукнуўся турак, ціхамірна разглядваючы шматкалёрную шпалеру.— Мы пачакаем, бо сказана ў Каране: чалавек створаны з паспешлівасці.

Двое мужчын глуха маўчалі.

— У імя Алаха літасцівага і міласэрнага! — зноў нізка сагнуўшыся ў поясе, праспяваў блакітны турбан.— Хвала яму, валадару свету і цару цароў у дзень апошняга суда. Няхай вядзе ён нас па дарозе простай, па дарозе тых, каго асыпаў ён сваімі ласкамі. Няхай вядзе ён нас дарогаю шчаслівых, а не тых, на каго ўпадзе з нябёсаў гнеў ягоны,— пагрозліва скончыў турак.

VII.

У такія, як сёння, стылыя дні, калі дождж не дазваляў праскакаць некалькі зазвычаеных міляў па рымскіх ваколіцах, Вітэліус замяняў конную прагулянку развагамі ў кабінеце. Пасол любіў гэтыя гадзіны адзіноты, калі думка лёгка пераносіла яго ў любую сталіцу, у любы куток айкумены.

Сканчваецца год 1521 ад увасаблення Божага. Па Еўропе паўзуць чуткі пра набліжэнне новага патопу, і легкаверныя людзі ўжо будуюць каўчэгі. Васалы асманцаў зноў вырваліся з крымскіх абшараў, спустошылі Бельскую і Холмінскую землі і разбілі палякаў пад Сокалем. А кароль Жыгімонт зноў казаў пра яго на сейме незычлівыя словы, паўтараючы, што Вітэліус прагне выгады не дзяржаве, а самому сабе. Чаму ж тады выгады Кароне і Княству не шукае сам кароль? Чакае, пакуль султанскі шацёр з’явіцца на ўзгорках пад Кракавам?..