Выбрать главу

Дождж зацята палівае брукаваны двор, скрозь сухое лісце павойнага вінаграду засякае на пліты галерэі.

Французскі і гішпанскі каралі ваююць за панаванне ў Еўропе. Порта робіцца хаўрусніцай хрысціянскай Францыі. А ў Стамбуле здарылася неверагоднае: дачка нейкага рагацінскага святара Лісоўскага стала султаніхай. Прададзенае татарамі ў рабства дзяўчо не згубілася сярод безлічы адалісак, а выбілася ў лік чатырох дазволеных Алахам законных султанскіх жонак. Венецыянцы ўжо сцвярджаюць, што яна — башкадуна, улюбёная жонка...

Вецер шамаціць выпетранымі вінаграднымі сцяблінамі.

Канкістадоры руйнуюць старажытныя дзяржавы Новай Індыі. Другі год плывуць дзесьці каравелы гэтага партугальца Магелана, які збіраецца дапяць Малукскіх выспаў заходнім шляхам. Калі ён дасягне мэты, значыць, старажытныя мудрацы не памыляліся і зямля сапраўды круглая...

Калісьці ў такія вось хвіліны, абдымаючы позіркам свет, Вітэліус усцешана адчуваў упэўненую сілу свайго розуму. Ён паспрабаваў знайсці ў душы гэтую радасць і зараз, але яе не было. Замест яе ён адшукаў толькі старанна прыхаваныя ад іншых паняверку і разгубленасць.

Папа ўжо не дапускае да сябе амаль нікога. Учора пасол гутарыў з папскім лекарам: пульс хворага, а таксама пах і колер мачы паказваюць на самае благое. Папу турбуе цяпер блізкая сустрэча з Усявышнім, а не ловы ў паўночных пушчах і не паэма, якую ён, Вітэліус, меўся паднесці яму на Каляды. У вітальні, побач з бібліятэкаю, стаіць ужо непатрэбнае шыкоўнае чучала зубра, якое ён сёння загадае прыбраць з вачэй. Каб жа можна было гэтаксама лёгка прыбраць з душы няспраўджаныя спадзяванні! Спадкаемец святога Пётры памірае, а разам з ім згасаюць і надзеі на кардынальскую шапку, на ўдачу пасольскай місіі, на тое, што ён пакіне сваё імя будучым пакаленням.

Эразму ўзгадалася, як гутарыў з Гусоўскім, прачытаўшы першую палову «Песні». Пасол і тады прызнаваўся сабе, што перадусім дбае, каб паэма спадабалася папу. Але ж ён і быў спярша дыпламатам, паслом, а мецэнатам ужо потым. I вось калі «Песня пра зубра» гатовая, папа ляжыць на Божай пасцелі, а ён пачынае саромецца той размовы.

Спачатку ён шчодра хваліў бездакорную метрыку паэмы, казаў пра свежасць і паўнагучнасць радкоў.

— Пушчу, паляўнічых і князя Вітаўта напісаў вялікі майстар,— шчыра захапляўся ён.— Ты дасягнуў амаль немагчымага. Ты выпускаеш рой стрэл па заганах грамадства, твая паэма ператвараецца ў палітычны трактат і пры гэтым застаецца высокай паэзіяй. Твой паранены зубр — цудоўная алегорыя Айчыны, увасабленне яе лёсу і сімвал яе былой велічы.

Гусоўскі слухаў, нічым не выяўляючы пачуццяў. За лета ён прыкметна змяніўся. Вочы не згубілі сваёй жвавасці і вастрыні, але як быццам выцвілі і зрабіліся пакутніцкімі. Шырокія рамёны, як і раней, дыхалі дужасцю, ды прыгорбіліся, нібыта ён дзень пры дні трымаў на іх нейкі вялікі цяжар. Вітэліус памятаў пачуццё, якое кранула тады ягонае сэрца. Ён ведаў, што ў Рыме зноў з’явілася Франчэска. Ён хацеў бы суцешыць Гусоўскага, узяць частку ягонага цяжару на свае плечы, але ж ён ведаў, што менавіта пакуты, а не душэўная раўнавага могуць удыхнуць у радок, у карціну ці ў мелодыю тую боскую субстанцыю, якая робіць іх неўміручымі. Замест суцяшальных слоў гучалі іншыя.

— Я пакрывіў бы душою,— гаварыў ён,— калі б змаўчаў пра тое, што адмаўляюцца прыняць маё сэрца і мой розум. Ты пішаш пра выпрабаванні ведзьмароў вадою, пра мяса глушца і іншыя паганскія звычаі і прымхі. Ці прыспорыць гэта пашаны нашаму краю?

— Няўжо монсеньёру здалося, што падобныя дзікунскія выпрабаванні мне да душы? — адказваў Гусоўскі.— Але ж звычаі адрозніваюць адзін народ ад другога. Лепшыя з іх — такая ж святыня, як мова і воля. Хіба знойдзем мы ў даўніх звычаях глыбокія заганы? Святасць маці прызнаюць нават тыя народы, што не шануюць Дзевы Марыі. Нібы ветрам адносіць нас ад абрадаў і завядзёнак, якіх трымаліся продкі. Ці не ператворымся хутка ў адсохлую ад каранёў траву-пералёт?

— Ты насмельваешся кідаць выклік самому боскаму Дантэ,— не ўступаючы ў спрэчку, казаў далей Вітэліус.— Дантэ выкрываў тых, хто ўжо трапіў у замагільны свет, і караў грэшнікаў рукамі незямных істотаў. Ты ж бярэшся судзіць тых, каго мае ўладу судзіць толькі неба. Да таго ж разумны чытач адразу заўважае, што ты маеш за дзіва не стварэнне свету, а ягонае існаванне...

Гусоўскі больш не пярэчыў, і тады ён, Вітэліус, хацеў чуць у паэтавым маўчанні згоду. Цяпер жа яму праглася, каб у тым цяжкім маўчанні была якраз нязгода. Ён ведаў, што не зможа парушыць сваіх прынцыпаў і забраць уласныя словы назад, і прасіў неба, каб Міколу хапіла сілы самому адкінуць ягоныя няшчырыя парады.