Душа білася ў нераце сумневу, і таму капліца ля дзікай масліны наперадзе здалася Гусоўскаму дарункам самога неба. Нішу з фрэскаю асвятляла дрыготкае цяпельца каганца. Яно адбірала ў цемры даверліва-прастадушную ўсмешку Мадонны і дзіцячую галоўку на яе руках.
Ён апусціўся на калені і пачаў маліцца. Ён прасіў, каб Усявышні злітаваўся над Франчэскаю, след якой ён згубіў у гэтае праклятае лета, злітаваўся над Эразмам і бакалаўрам Васілём з Нясвіжа, злітаваўся над ім самім. Што будзе з «Песняй...»? За яе тысячу радкоў ён можа заплаціць любую цану. Дзень жыцця за кожны радок? Тыдзень? Ён гатовы. Ён узгадаў памерлага ад чумы Вісліцкага; ён згодны на такі самы лёс, няхай толькі і яму, Гусоўскаму, будзе дазволена ўбачыць перад смерцю кнігу са сваёй паэмаю. Гэтая кніга, адзінае яго дзіця, будзе ўкрай поўная болем. Можа, яна апраўдае ягоныя пакуты на зямлі...
З утрапення Гусоўскага вывелі нечыя крокі. На сцежцы, абапершыся на стаўбур масліны, стаяла маладая жанчына ў жоўтай сукні. Сустрэўшы чужы позірк, жанчына не апусціла вачэй, а лянівым рухам паправіла цяжкія чорныя валасы і юрліва ўсміхнулася. Яе высокім грудзям было цесна пад шнуроўкаю, яны нібыта прасіліся на волю, як прасілася на волю з цеснае сукні ўсё яе налітае жыццём пышнае цела.
— Каго ты шукаеш тут гэтай парою? — запытаўся Гусоўскі, падымаючыся з каленяў.
— Ты гаворыш, як чужаземец,— сказала яна глухаватым грудным голасам.— Але цяпер усе роўныя. Бедныя і багатыя, разумныя і дурні, свае і прыблуды — усе адным мірам мазаныя. Ты мне спадабаўся, чужаземец. Я хачу, каб у гэтую ноч ты быў са мной.
Жанчына падышла так блізка, што ён чуў яе дыханне.
— Не бойся, я не хворая. А калі б і хворая, усё адно скора ўсе апруцянеем.
Бессаромна ўсміхаючыся, яна павольна агаліла белую, як сыр, прыгожую нагу і вільнула клубамі.
— Табе трэба маліцца,— намагаючыся патушыць агонь, якім насуперак волі загарэлася кроў, прамовіў Гусоўскі.
Вусны жанчыны прыадкрыліся ў хіжай усмешцы. Яна зрабіла да Гусоўскага апошні крок і, выгнуўшыся ўсім станам, абняла яго. Ён адчуваў, як яе пацалункі абязвольваюць яго, перамагаюць розум. Жанчына нешта шаптала і цягнула яго за сабою на дол. Ён падаў у гарачае чорнае прадонне, і ўсё-ткі нешта ў ім супраціўлялася і не дазваляла скарыцца яе грубым бесцырымонным ласкам. Ён баяўся не хваробы, а чагосьці, мажліва, яшчэ страшнейшага, баяўся ператварыцца ў такога, як яна, як іншыя, тыя, для каго заўтрашняга дня ўжо няма. Ён не хацеў гэтага, бо гэта было горш за смерць, і ягоная нязгода паднялася з дна душы і дала сілы вырвацца з чэпкіх абдымкаў.
Імгненняў колькі яны моўчкі глядзелі адно на аднаго.
— Трэба маліцца...— глуха сказаў Гусоўскі.
Жанчына адказала яму позіркам, поўным пагарды.
— Маліся адзін, чужаземец,— здзекліва прамовіла яна.— Ты яшчэ не акалеў, а ўжо халодны, як мярцвяк. Маліся, можа, за гэта твой Хрыстос хутчэй адправіць цябе карміць чарвей.
Няўпэўнена ступаючы, яна пайшла па сцежцы далей. Гусоўскі зноў, трохі паспешліва, укленчыў.
Над агеньчыкам каганца мітусіліся начныя мятлушкі. Ён маліўся, наструнена чакаючы нейкага знака, думкі або зруху сэрца, якія падказалі б, што ягоныя просьбы пачутыя. Але знака не было. Гусоўскі ўзняў вочы, і яму здалося, што ён бачыць, як невідочная аблачынка ягоных пацераў марна блукае сярод абыякавых зорак.
Раніцою ён ачнуўся каля Траянавай калоны, дзе ўчора, здарожаны, прысеў адпачыць. Яшчэ нядаўна, любуючыся рэльефамі пераможных бітваў Рыма з дакамі, знаныя гараджанкі выгульвалі каля калоны сабачак і гарнастаяў. Цяпер тут было пуста, адно рабы валачашчы сабака краўся да яго, відаць, маючы за нежывога. Ён падняў з долу камень, і сабака, падціснуўшы хвост, патрухаў прэч. На пляцы, як і раней, было пустэльна, ды, прыслухаўшыся, Гусоўскі пачуў гоман вялікага натоўпу, і неўзабаве з бліжэйшых вуліц адначасна паказаліся дзве зусім непадобныя, але аднолькава злавесныя працэсіі.
На чале першай чацвёра манахаў-дамініканаў неслі вялізны чорны крыж са срэбным Хрыстом. За імі рухаўся збой людзей, якія раз-пораз хвасталі сябе па рамёнах вузлаватымі бізунамі. Аголеныя плечы мужчын спрэс былі ў свежых ранах і цёмных прыгоеных рубцах. Кроў выступала і на рыззі, якое прыкрывала маладыя і старыя жаночыя целы. У хвасце шэсця, што пакідала за сабою на пыльным бруку чырвоныя сляды, таксама брылі дамініканы ў карычневых сутанах.