Наўскос гэтай працэсіі сунулася другая, даўжэйшая. Заміж манахаў з укрыжаваннем тут ішлі наперадзе людзі, што вялі на ланцугу магутнага чорнага быка з крыва адпілаваным рогам. За быком тупала бязладная сціжма гараджанаў рознага веку і звання. Гусоўскі здагадаўся, што гэта паслядоўнікі грэка Дзімітрыя Спартакуса, наваяўленага прарока, які адрынуў Хрыста і разам з тысячамі гаротнікаў клаў паклоны быдлу. I гэта Рым, асяродак веры, са скрухаю думаў паэт, пільней углядаючыся ў натоўп, бо яму падалося, што сярод іншых там мільгануўся знаёмы твар. Відаць, проста прымроілася, але ён усё ж пайшоў следам, трымаючыся на сотню крокаў ззаду.
Два шэсці размінуліся даволі мірна, аднак Гусоўскі з абурэннем змеціў, як тры дамініканы аддзяліліся ад першае працэсіі і прысталі да тых, хто меў спадзяванне не на Бога, а на чорную пачвару з налітымі крывёй вачыма.
Натоўп цягнуўся да палаца імператара Даміцыяна, дзе было прызначана ахвярапрынашэнне. Дарогаю да прыхільнікаў апантанага грэка з крыкамі далучаліся сотні мужчын і жанчын з дзецьмі. Цяпер, каб зноў убачыць той нібыта знаёмы твар або ўпэўніцца ў памылцы, Гусоўскі, рызыкуючы заразіцца, мусіў ісці ў самім збоі.
Нарэшце марудны і пакутлівы ад пылу і гарачага сонца рух спыніўся. Натоўп атачыў сухую чашу фантана, да якога падводзілі быка. Жывёліна, чуючы блізкую смерць, натурылася і баязліва падгінала ногі. Гусоўскаму знячэўку згадалася велічная грацыя дзікіх зуброў. На міг ён пачуў зыкі сурмы, вольны вецер лясоў і з тупым болем падумаў, што ўсё гэта засталося там, у далёкім і незваротным мінулым. Ці ўбачыць ён радзіму зноў? Няўжо яму наканавана застацца ў Вечным горадзе назаўсёды?
Каля быка з’явіўся смуглявы гарбач з мясніцкім сіпагам.
Натоўп заходзіўся да ляманту і скавытання. Людзі падалі на дол і выгуквалі заклёны. Доўгае лязо сіпага ўспыхнула на сонцы, і на белыя камяні пырснула цёмная бычыная юха. Гусоўскі адвёў вочы і раптам на тым баку фантана зноў убачыў той самы твар.
Яна ў гэтай ардзе няшчасных дзікуноў? Не, ён памыляецца. Але чаму адразу страпянулася і вырасла сэрца, у якога ёсць свае вочы і свая памяць? Няўжо той агонь насупор усім довадам розуму не прыгас і на цэлым свеце для яго па-ранейшаму няма чалавечай істоты даражэйшае за гэтую жанчыну?
Наступаючы на нечыя ногі, спатыкаючыся аб распасцёртыя на пыльных камянях целы, ён, ужо не губляючы таго твару з вачэй, прадзіраўся цераз збой, і, калі зніклі апошнія сумневы, калі парадзеў гушчар чалавечых целаў, а паміж ім і Франчэскаю засталіся нейкія дзесяць крокаў і ён ужо бачыў трохкутнік радзімак на яе падбародку, здарылася непрадбачанае. За спінаю ў Франчэскі вылузаліся з натоўпу трое дамініканаў. Адзін вялізнай пяцярнёй заціснуў ёй рот, а два другія схапілі за рукі і ледзь прыкрытыя лахманамі ногі і подбегам скіравалі да блізкіх руінаў. Намацваючы схаваны пад плашчом штылет, Гусоўскі рвануўся за імі, але праз хвілю, усвядоміўшы, хто былі гэтыя манахі, змусіў сябе спыніцца. Калі ён хоча вырваць Франчэску з рук боскай юстыцыі, ён павінен застацца на волі.
На скрыжаванні каля палаца дэла Канчалерыя дарогу Гусоўскаму заступіў чалавек у адзенні пахолка.
— Сіньёра хоча бачыць яго даўні знаёмы.
— Я спяшаюся,— нецярпліва адказаў паэт. Перажыўшы бяссонную ноч, якую ўяўленне засяліла самымі змрочнымі вобразамі і малюнкамі, ён зноў кіраваўся да мецэната.
Гусоўскі хацеў абагнаць незнаёмца, ды той не адставаў.
— Тут блізка, і мой гаспадар не затрымае сіньёра надоўга. Я шукаю сіньёра ўжо другі дзень.
Можа, гэтыя пошукі нейкім чынам павязаныя з ягоным сённяшнім клопатам?
Аднак Гусоўскі памыліўся.
Слуга правёў яго праз пыльныя пакоі пакінутага дома, і з сонечнай анфілады паэт трапіў у сутонне за цяжкімі разьблёнымі дзвярыма. З-за стала, што мясціўся пасярод прыцемнага пакоя, падняўся гнуткі чорнабароды чалавек у вішнёвай аксамітавай камізэльцы з багатым гафтам, і Гусоўскі пазнаў свайго даўняга зласліўца Строццы.
Пахолак знік, і Гусоўскі агледзеўся. Вокны пакоя былі схаваныя за цяжкімі запавесамі. На стале гарэлі тры свечкі, побач з пёрамі стаяў зялёны келіх з цёмным віном.
— Я маю копію вашай новай паэмы,— без уступу паведаміў Строццы.— Я прачытаў яе.
— Вялікі гонар,— заўважыў Гусоўскі.— Здаецца, раней сіньёр паэт не губляў часу на чытанне маіх вершаў.
Яны па-ранейшаму стаялі адзін супроць другога. Тонкі стан гаспадара быў сцягнуты паскам, на якім вісеў корд.