Выбрать главу

* Добра (лац.).

Абвінавачаная зноў узняла вочы, і цяпер замест абыякавасці ў іх бліснуў страх. Жудлівае абяцанне дапяла яе свядомасці і выбавіла Франчэску з самнамбулічнага сну. Гусоўскі не ведаў, радавацца з гэтага ці засмучацца, бо яна вярнулася з адной бездані, каб трапіць у новую, больш вусцішную.

З патайных дзвярэй нячутна выйшаў нізкарослы кат у чырвона-чорным адзенні. Нястомны пачаў адпраўляць неабходную перад катаваннем кароткую імшу.

Паэт з мецэнатам сядзелі збоку, і Франчэска па-ранейшаму не заўважала іх. На сцяне поруч з Гусоўскім вісеў нейкі жалезны аброжак з рудымі плямамі. Ён махнуў рукою, і дзіўны прыстас паляцеў долу. Бразгат змусіў Франчэску павярнуцца. Яна пазнала яго і ўскрыкнула, але замест надзеі на паратунак у яе ў вачах біўся жах. Гусоўскі зразумеў, што ягоны намысел не ўдаўся. Няўжо, паласнула яго здагадка, няўжо Франчэска падумала, што ён вырашыў вось так расквітацца з ёю?

Вузкія і трохкутныя, нібы вочы нейкай пачвары, вакенцы пацямнелі, і інквізітар загадаў запаліць свяцільні. Ён сам клапатліва паднёс абвінавачанай кубак са святой вадою, каб пад час катавання д’ябал не здолеў адабраць у яе мову.

— Твой каханак хоча зрабіць цябе неадчувальнай да болю,— зазіраючы ахвяры ў вочы, спагадна сказаў інквізітар.— Напэўна, ён прыслаў табе сваю сатанінскую граматку, а ты схавала яе ў валасах і думаеш, што мы яе не знойдзем. Не, даражэнькая, зараз наш хлопчык-казытунчык паголіць цябе...

Нястомны зрабіў знак, і кат адным рухам сарваў з Франчэскі лахманы, агаліўшы безабароннае белае цела.

— Мы павінны нешта зрабіць,— адвёўшы вочы, па-беларусінску прашаптаў спалатнелы Гусоўскі.

— Што б там ні было, заставайся на месцы,— таксама па-беларусінску адказаў Вітэліус.

— Спачатку стужку,— сказаў Нястомны да ката, і той накінуў ёй на шыю барвовы пасак.

Тая самая стужка даўжынёю ў рост Збавіцеля, што для злачынцаў нібыта цяжэйшая за самыя цяжкія кайданы. Яшчэ адно ашуканства, прыкрытае Хрыстовым імем. Колькі ж будзе трываць Усявышні?

Чорна-чырвоны кат гастрыў лязо шырокага нажа.

— Зараз наш хлопчык-казытунчык паголіць цябе,— з ласкавасцю, ад якой Гусоўскага працяло магільным холадам, паўтарыў Нястомны.

Кат скончыў і пад ухвальным позіркам гаспадара наблізіўся да Франчэскі. З хвіліну ён аглядаў яе цела, шукаючы вядзьмарскую пячатку, а потым з рогатам схапіў яе за грудзі і, перагнуўшы цераз калена, пачаў сваю агідную работу.

I яна думае, што прычына гэтых пакутаў ён, гатовы за яе памерці. Вось-вось магло здарыцца непапраўнае: Франчэска ў смяротнай жудзе прызнáе абвінавачанні і тады... Ён ускочыў і рвануўся да ката, але яго паспелі схапіць за пояс дужыя рукі Вітэліуса. Невядома, што б здарылася далей, каб у патайныя дзверы не ўвайшоў чалавек у пурпуровай кардынальскай мантыі.

— Богу дагодна, каб сёння ты спыніўся на тым, чаго дасягнуў,— уладна абвясціў ён інквізітару.

VI.

Вітэліус перадаў, што хоча бачыць яго сёння, і неадкладна.

Як бывала і раней, Гусоўскі выбраў дарогу паўз калумбарый. Ён не быў тут больш за год, ды што значыў год для гэтых сцен, якія не ведалі розніцы паміж стагоддзем і хвілінаю? I ўсё ж час не абмінуў іх. Каля ўвахода на перацёртым вякамі пяску ляжалі тры трупы, тры каласы з палетка, які нястомна жала сваім сярпом чума. Не, трупаў было два — мужчыны і хлопчыка, а жанчына, што ляжала тварам да сцяны, яшчэ жыла. Яна была ў жоўтай сукенцы, як і тая, з якой ён спаткаўся два тыдні таму ў прадмесці.

Гусоўскі выбег з калумбарыя і хутчэй выняў з ладункі — цяпер ён заўсёды насіў яе пры сабе — губку з воцатам. Absit omen! — Няхай не будзе гэта благой прыкметаю, падумаў ён, але сэрца сціснулася ад нядобрых прадчуванняў.

У доме пасла яго сустрэлі ўстурбаваныя слугі і нешматлікія людзi з пасольства, што, насуперак каралеўскаму загаду, захавалі вернасць Вітэліусу. На парозе апачывальні Гусоўскі ледзь утаймаваў слёзы. Тое, пра што ён баяўся нават падумаць, здарылася. За час, што мінуўся пасля іхняй апошняе сустрэчы, вялікае, поўнае моцы цела пасла змізарнела і ўсохлася. У звастрэлым твары з’явілася штосьці няўлоўна дзіцячае. Эразм так любіў жыццё, так умеў цешыцца з ягоных радасцяў... Гусоўскаму здалося, што за гэтыя дні праляцелі ўсе гады, якія Вітэліус мог яшчэ пражыць. У пакоі быў паўзмрок, бо ад зыркага святла ў хворага балелі вочы. У кадзільніцах дымелі ўжо непатрэбныя пучкі палыну і ядлоўцу.