Але тут жа нехта наляцеў на мяне справа, думаючы, што не заўважыў, — але і яго паласнуў з усяе сілы па галаве, раздзяліў надвае...
Тады ж зноў на Залатарэнку рушыў... А ён ужо азвярэў ад злосці, хрыпла крычыць: «Оцэ я тобі покажу скоро!» І пры гэтым махае пагрозліва палашом.
І — зазяваўся я: праткнуў ён мяне металічнай пікай, як муху іголкай...
Скрываўлены, упаў я на лопухі. Не адчуваў ні болю, ні шкадавання, што так няўдала завяршыў свой жыццёвы шлях...
Развітваўся з белым светам, да Бога прасіўся — каб прыбраў мяне пад сваю апеку і дараваў грахі, што нажыў за жыццё...
Выратаваў мяне цуд, няйначай.
Нейкая незнаёмая дзяўчына — з даўгімі косамі і цудадзейнымі рукамі — зацягнула мяне, беспрытомнага, на балотны астравок. Туды ніводзін чалавек не мог дапяць. Лячыла мяне нейкімі горкімі зёлкамі.
Вочы ў яе былі чамусьці знаёмыя і родныя, але хто была яна, адкуль і як яе звалі, не ведаў...
— Хто ты? — прашаптаў знясілена, але голас пакінуў мяне.
— Ціха, маўчы, — закрыла мне рукой губы незнаёмка, другую да лба датуліла, — табе гаварыць нельга... смерць за табой доўга ганялася... упадабала чамусьці яна цябе, па пятах бегала. Ты з Залатарэнкам біўся?
Кіўнуў слаба галавой, адчуў тут жа, як мяне зноў пранізаў навылёт казацкі меч. Скрыгатнуў зубамі, ратаваўся ад болю і ўспаміну. Зноў трачу прытомнасць, у багну правальваюся.
Калі ачомаўся, дзяўчыны побач не было.
І на наступны дзень я не ўбачыў яе. Ужо думаў, што яна ў кіпцюрах казакаў ці расейскіх ваяроў.
А з'явілася яна сярод ночы, калі на небе высеяліся буйныя зоркі. Не чуў, як села побач, як яе пах маладога дзявочага цела перабіў пахі багуну і жывіцы.
— Я думаў, што ты больш і не прыйдзеш да мяне.
— Дадому бегала.
— Далёка куды?
— За сто вёрстаў.
— Сто?! Як ты прайшла такую дарогу?
— А што тут такога? Лекі прынесла. Маці-нябожчыца навучыла, як гатаваць жывую ваду. А толькі ў нас такая крынічка ёсць. І зёлкі яшчэ. На, выпі, толькі пасля гэтага я буду верыць, што станеш на ногі...
Дзяўчына падала мне гладыш, паднесла да губ.
Смак ці то малака, ці то квасу. Але з кожным глытком адчуваў прыліў сілы, жаданне жыць.
— Хто ж ты тады, незнаёмка?
— Тваё жыццё.
— Скуль ты? Як аддзячыць табе за ўсё, што зрабіла для мяне?
— Я з Вялікага Княства. А аддзячваць мне не трэба. Не ў нашых правілах тое.
— Што робіцца цяпер вакол нас?
— Тваё мястэчка Верасніца спалілі ўкраінскія казакі. Ад мяне пачуеш і цяжкую вестку: тваіх бацькоў забілі казакі Грышкі Чорнага. Не думай яму помсціць — ён і сам сваю смерць знойдзе гэтай зімой. Па ўсёй Тураўшчыне галоднымі ваўкамі шныраюць чаркасы. Маскоўскія ваяры гвалтуюць дзяўчат, распорваюць цяжарным жываты, каб не нарадзілі тых, хто ім помсціць за здзекі будзе... Сялян мучаюць, збіваюць насмерць. Вёскі спрэс паляць — разам з людзьмі... Усё, што добрае, забіраюць сабе. І маіх бацькоў спалілі — я ледзьве ў лес уцякла. Я ж з-пад Мазыра, з Кустаўніцы. Кажуць людзі, што кароў з усіх вёсак сабралі і пагналі на Ўкраіну. Як жа будуць жыць палешукі-ліцвіны, як выжывуць?
Сціснуў дужую і цёплую руку паляшучкі, маёй выратавальніцы, якая не назвалася, але на ўсёй зямлі мне яна зрабілася самай блізкай і роднай. А мо была і да гэтага такой?
— Пойдзем са мною, мазыранка, разам будзем выжываць у гэтым пекле, — нечакана прапанаваў ёй сваё рашэнне, — абаім лягчэй будзе. Абяцаю, слова шляхціца, што не пакіну цябе ніколі.
Дзяўчына нахілілася нада мною, шапнула даверліва на вуха як самаму блізкаму чалавеку:
— Не, мой любы, мне ніяк нельга, хаця чуць твае словы соладка і прыемна. Любы ты мне, не хаваюся, сэрца ў цябе добрае, таму і не перамог ты Залатарэнку. І добра, што не перамог. Так, я шчаслівая была б, каб пайшла за табою, ведаю. Але, на вялікі жаль, нельга мне. Так як і табе заставацца тут...
— Дзе — тут? У лесе?
— Не перабівай... Мала часу засталося табе тут быць... Шмат бяды вакол. Маскоўскае войска ад Турава ніжэй па Прыпяці пайшло на Смядынь. Ваяры і ратнікі людзей забівалі ў хатах і ў лесе, калі знаходзілі іх там. Да апошняй хаціны спалілі Букчу, Глінную, Храпіна, Колкі... У Астражанцы і Смядыні замардавалі папоў. І толькі за тое, што яны вялі імшу на ліцвінскай мове... А ў Гліннай прылюдна расстралялі святога айца. Перад гэтым доўга здзекаваліся. Катавалі і шмат іншых людзей, крывавую пацеху наладзілі над імі. А потым іх, яшчэ жывых, закапалі ў зямлю... Людзі, што засталіся ў жывых, хацелі пахаваць нябожчыкаў па праваслаўнаму звычаю, дык маскалі прыбеглі і павыкідалі мёртвых з дамавін. О Божа, куды глядзіш, чаму не караеш антыхрыстаў? Вось што прынёс нашаму люду маскоўскі цар са сваімі вылюдкамі!.. Не волю, як ён хоча паказаць і пераканаць, а ярмо і смерць...