Выбрать главу

— Там таго я не ведаў. Ды і не я, то ён за мною ганяўся. Як прывід які.

— Цябе ж папярэджвалі — не брацца за зброю. І не пазбаўляць нікога жыцця.

— А мне заставалася моўчкі сядзець, падстаўляць шыю пад меч непрыяцеля? Так, выходзіць?

— Мы не павінны ўмешвацца ў жыццё таго часу. Мы ж толькі сведкі і назіральнікі. Летапісцы кнігі гісторыі нашага Княства.

— Ведаю...

— А робіш усё насуперак.

Маўчым. Мне, адчуваю, вельмі ж няёмка за свае ўчынкі.

— Колькі я там прабыў?

— Амаль паўгода...

— Паўгода?! — кроў шпыранула ў скроні. — Ды быць таго не можа! Я ж ведаю, самая доўгая паездка — не болей тыдня. Чаму са мной здарылася такое?

— Я ж кажу, што ты захапіўся сваёй місіяй.

Яніна кудлаціла мне валасы, весела тлумачыла далей:

— Склероз у цябе, спадар Антон! Ёсць такая хвароба. Яна ў старых, але цябе раней часу наведала. Ты так імкнуўся адправіцца да Залатарэнкі, што забыўся прыхапіць на руку амулет-антэну... Вось чаму Касмічная Рада ніяк не магла наладзіць з табою ўстойлівую сувязь.

— Цяпер я разумею, што ўтварыў...

Мяне пачаў апякаць сорам. От ёлупень дык ёлупень!

Тое, пра што сказала мне Яніна, было страшнай навіной. Так, нарабіў шмат глупства. Амулет-антэна — як наручны гадзіннік. Калі прычэпліваеш да рукі, робіцца нябачным. І ўжо з тае хвіліны за кожным маім крокам назіраюць сябры Касмічнай Рады. У хвіліны небяспекі падказваюць, што рабіць, і ратуюць, калі небяспека, ад бяды...

— Ты так уцякаў ад мяне, што забыўся на тумбачцы свой амулет, — весела і з адценнем крыўды прамовіла Альшанская, радавалася, што я вырваўся-выбавіўся з пекла.

— Ды не ўцякаў я, любая, а баяўся, што і ты са мною адправішся туды. Ці не хопіць табе Полацака? Сама ж ледзьве не загінула...

— А каб ты не загінуў, Рада паслала мяне на дапамогу.

— Цябе? — я яшчэ больш быў здзіўлены, чым да гэтага. — Дык то, выходзіць, ты ратавала мяне там, пасля сечы?

— А то хто ж? Ты быў смяротна паранены. У тых абставінах невылечны. Вось я і прылятала да Касмічнай Рады, каб узяць лякарства. І таму зацягнула цябе далей ад бяды ў лес. Ну цяпер то ты хоць уцяміў, што ўтварыў?

— Дурань я, дый яшчэ які! Янінка, цяпер я разумею, што ты не адпусціла б мяне ў падарожжа непадрыхтаванага і не дапусціла б там такога глупства, што я ўтварыў. Перакананы цяпер: трэба туды адпраўляцца абаім.

Яніна ўспляснула рукамі:

— Цыцэрон! Які зух! У рэшце рэшт зразумеў! Божа, які ты дурны ў мяне і ўпарты. Нездарма ж пад сузор'ем Цяльца нарадзіўся! І Венера — твая багіня-берагіня. Князёўна Ліцвінія пасля ўсяго і пашкадавала, сказаўшы, чаму яны нас абаіх не адправілі...

— Так і сказала? — не паверыў я.

— Слова ў слова. Дарагі мой Антоне, Антон Севярынавіч, па прозвішчы Клімовіч, па паходжанні шляхціц, паляшук і летуценнік! Я так засумавала па табе, ты і не ведаеш пра тое!

— Чаму не ведаю? Ведаю...

— Ты ж забыўся пра мяне. Паляшучку ўпадабаў, прапаноўваў ёй руку і сэрца, — прытворна крыўдзіцца Альшанская, апускае галаву. — Што на гэта скажаш?

— Я ж ведаў, што там ты была, таму і прапаноўваў! — падтрымліваў я яе гульню, гаварыў, каб не пакрыўдзіць, бо ведаў, што і жартаваць з жанчынай заўсёды трэба, абдумваючы кожнае слова.

— Але ж колькі мы часу знаходзімся з табой на планеце Кахання, ты мне не прапаноўваў сваё сэрца.

— Як не прапаноўваў? Мая ж палавінка ў цябе! Я назаўсёды табе яго аддаў. А тваё ў мяне ў грудзях б'ецца, ці не так?

Яніна хітнула галавой, і яе косы, высока ўзляцеўшы ўверх, леглі на спіну.

— Так-то яно так, але...

Мая спадарожніца легла побач, раскінула рукі. Глядзела на Прыпяць. Ногі амаль дакраналіся да вады. Была ў адзідасаўскіх кедах, у балонневай спартыўнай куртачцы.

Не ўтрымаўся, нахіліўся над яе тварам, засланіў сабою неба. У вачах яе бачыў неабдымны Сусвет...

— Але ты не павінна мяне судзіць так строга. Я яшчэ не магу адарвацца ад паводзін людзей чацвёртай расы.

Яна маўчала, зажмурыўшы вочы.

Над намі нахіліліся сосны, шырака раскінуўшы кроны. Як усё роўна аберагалі ад нейкай шэрай навалы, пошумам сваім стваралі мелодыю Спакою і Суладнасці.

Мы ж, здаецца, не чулі яе. Нашы душы імкнуліся зліцца ў адно, як на парастку папараці на міліметровым пятачку-пазногці знаходзяцца «мужчына і жанчына» і не могуць злучыцца. Тады ім на дапамогу прыходзіць дажджавая ці расяная кропля — абвалаквае іх, і яны злучаюцца... Для новага парастка. Для новага жыцця.

Хто ж нам прыйдзе на дапамогу? І ці трэба нам яна?