Выбрать главу

Зямная сіла роднага Палесся ўлівалася ў нас жыватворнымі крыніцамі, напаўняла нашы істоты сілай і настроем, давала жыццёвы зарад, падпітвала нашую абарончую абалонку.

Ніякая чорная сіла не змагла прабіцца праз яе і нанесці шкоду...

— У другім саборным пасланні святога апостала Пятра сказана: «Адно не павінна быць схавана ад вас, любыя мае, што ў Госпада адзін дзень, як тысяча гадоў, і таму тысяча гадоў, як адзін дзень...»

— Там жа далей: «... не марудзіць Гасподзь выкананнем запавету, як некаторыя лічаць тое маруднасцю, але доўга церпіць нас, не жадаючы, каб хто загінуў, але каб прыйшлі да пакаяння...»

— Ці не пра нас гэтыя радкі?

Адказаць на тое пытанне мы не маглі...

Яён прыйшоў да мяне пад вечар, калі я акурат заканчваў працу.

Настрой у мяне быў не з лепшых. За доўгі прагул аб'явілі вымову, пазбавілі «прагрэсу». Пагражалі і зусім звольніць.

Зміцер чамусьці замінорыў у бальніцы, не дасылаў мне ніякіх вестак пра сябе. Вераніка не званіла, таксама не чуў яе думак. Таму і прыход двайніка сустрэў без вялікага ўздыму, нават абыякава...

Прыгледзеўся да яго пільней і ўспомніў, што ён як дзве кроплі вады падобны на майго таго суседа — шляхціца Андруся.

«Няўжо і ён разам са мною пераносіўся ў той час? Не разарваць нас нічым, не раз'яднаць...»

— Як ты тут?

— А як ты там? — чамусьці са злым выклікам спытаў я ў яго, аж сам сабе не спадабаўся.

Ён, мусіць, не адчуў майго настрою, а мо і з-за далікатнасці не заўважыў. Уздыхнуў толькі, мацаючы побач нязменны стары і пашарпаны партфель.

— Я — нічога. Стаміўся толькі...

— Стаміўся і я, што паробіш.

— Як з абяцаннем?

— Ды што ты прыстаў да мяне? Кожны раз напамінаеш, быццам я склеротык які. Паслаць цябе куды-небудзь ці небудзь-куды?

— Куды пашлеш, туды і добра, — параіў спакойна Яён і ўжо не глядзеў у мой бок, як і не існаваў я для яго, як і не выйшаў ён з мяне... — Ты гэтаму брыдкаслоўю тут навучыўся? Адразу бачна...

Папрок ці заўвага мяне здзівілі. І я пашкадаваў ужо, што так сустрэў яго, — нервы мае на людскім чорным скразняку іх душаў сапраўды сталі нікчэмнымі...

— Прабач, Яён, я і сам сябе не пазнаю — нервовы стаў апошнім часам. Таму вельмі шмат прычын.

— Ладна. Каму, як не мне, зразумець цябе.

Зноў усталявалася маўчанне. Іскрынка ўспыхнула і тут жа патухла, як і не было яе.

— А калі трэба ісці да цябе? — вінавата ўжо спытаў у яго, каб зруйнаваць няёмкасць, каб паказаць, што стаў я ранейшы — спакойны і разважлівы, што нам няварта спрачацца і чапляцца за дробязі.

— Я ж казаў апошнім разам пры сустрэчы... Заўтра ўжо. Таму і прыйшоў, — неяк нясмела прамовіў Яён, як бы баючыся, што зноў можа ўзлаваць мяне.

— Як — заўтра? Ты ж сказаў, што восенню!

— А сёння хіба на дварэ вясна? — ужо і падначваў мяне двайнік, пасміхаўся.

Перабіраў у памяці дні і падзеі і жахнуўся — то я так доўга лячыўся на прыпяцкім плёсе пад Туравам і Мазыром! То так доўга выводзіла мяне з таго стану Яніна Альшанская. Ды, пэўна ж, даўно выйшаў з бальніцы і Дзімітрый Кісялёў. Толькі дзе ён, чаму не на працы? Прагульвае?

— Сапраўды! — ляснуў я даланёй па лбе, засмяяўся, абдымаючы чамусьці Яёна. — Зусім мазгі свае прапіў тут... Добра, што ты напомніў. Сам не дапетрыў бы. Буду! Канечне ж, буду! Прыйду ў намечаны час.

Спытаць пра Кісялёва не выпадала — яшчэ падумае не так, як трэба.

— І Яніна абяцала быць. І Зміцер з Веранікай.

— А дзе ты іх бачыў?

— У Змітрака на вяселлі і бачыў. Яны ж пабраліся. Хіба ж ты не памятаеш?

«Разыгрывае ці здзекуецца? Не, непадобна было на тое... Змітрок жаніўся? Калі? І я, можа, яшчэ быў на іх вяселлі? Чаму ж тады не памятаю?..»

— А ты і не будзеш памятаць, — супакоіў мяне Яён, каб не разарвалася ў мяне галава ад балючых здагадак і думак.

— Ты чытаеш мае думкі?! Даўно?

— Ды не, не бойся. Чытаю па выразе твайго твару. А быў на вяселлі я. Замест цябе. Прыняўшы тваё аблічча.

— З Янінай быў, канечне ж?

— Тут ты не хвалюйся. Да яе і не дакрануўся. Можа пацвердзіць тое і Альшанская.

— Дзе яна цяпер, не скажаш? І дзе Змітрок? Куды яны ўсе падзяваліся?

— Яніна на некалькі дзён адлучылася. Прасіла перадаць, каб ты не хваляваўся за яе. Дапрацоўвае для Касмічнай Рады тваю справаздачу.

— Чаму ж ты адразу, як прыйшоў, не пачынаў з гэтага?! — роспачна паглядзеў на яго, адчуваў, што зноў пачынаў крыўдаваць і злавацца на яго. — Чаго марудзіў?

Ён уздыхнуў, прыкурыў новую цыгарэтку, выпусціў дымок.

— А таму, што з такім тварам і настроем, які ты меў напачатку, сустракаюць толькі самых злых ворагаў альбо непрыяцеляў.

— Яшчэ раз даруй. Абдурыў ты мяне. І — правучыў.