— Голас Ігара? Пра прабачэнне і занудлівага чалавека?
Света выдыхнула з сябе паветра, агледзелася. Думала, што Ігар сядзеў побач. Але ён быў у чыгуначным рэстаране і піў са сваім сябруком Яўгенам піва...
— Яго голас. А дзе ён цяпер?
— Спытаецеся ў яго самі. Ён з Яўгенам Каршаковым.
Святлана абвяла. Ужо добрае падумала пра мяне.
«Твае словы ды Богу ў вушы» — гэтая думка належала Міхасю Забалотнаму, калі я пачаў сваё выступленне. Яго Яён сустрэў у далёкай, глухой вёсцы Віцебшчыны...
— Так, Міхась, усё, пра што мы думаем, у вушах Бога. Ён не можа папярэдзіць нашых дрэнных учынкаў, пакідае на нашым сумленні, вучыць нас, як адчуваць і разумець адзін аднаго... Калі мы будзем ведаць, што чытаюцца нашыя думкі, то і жыць будзем добра, не робячы зла. Пазбавіўшыся ад злога, мы станем лепшымі і добрымі. Ці не так? Мы ж можам папярэдзіць вайну, ведаючы агрэсіўныя задумы ворага. Каханыя і закаханыя змогуць адшукаць адно аднаго ў Вялікім Сусвеце маўклівасці.
— А мы ўсе гэтаму можам навучыцца? — паднялося з месца дзяўчо, падобнае нечым на Яніну Альшанскую. — Ці тое дадзена толькі абраным?
— Вы гэтаму навучыцеся ўсе да аднаго. Адны лепш, другія горш. То будзе ўжо залежаць і ад асабістых творчых пачаткаў, і ад жадання вучыцца. Можна, я паспрабую правесці з залай эксперымент? Для замацавання нашай тэмы. Вас акурат напалову — хлопцаў і дзяўчат. Спачатку я ўключу энергію юнакоў — няхай яны думаюць пра дзяўчат. Пасля — наадварот. Згодны?
— Згодны! Згодны! — весела адгукнуліся студэнты, пераглядваючыся, настройваючыся на цікавую і вясёлую гульню.
— Але я павінен быць перакананы, што таго хочуць усе да аднаго. Каб потым не было ні ў кога крыўды. Таму падыміце рукі.
На эксперымент згадзіліся ўсе.
— Прызнаюся, я не меў права на дэманстрацыю таго, на што наважыўся. Але ў вас такое нявер'е і абыякавасць, што дзіву проста даюся. Таму вазьму грэх на душу, каб вам усё-ткі даказаць, што чалавек можа ўсё-ўсё... Толькі адна-адзіная пакуль умова і просьба — думайце ў гэты час толькі пра добрае. Я не хачу, каб былі потым крыўды з-за мяне. Роўна праз тры хвіліны я ўключу сваю энергію і падключуся да вашай. Юнакі павінны дасылаць дзяўчатам свае думкі. Маналог будзе доўжыцца трыццаць секунд. Цішыня... Пачалі!..
Змітрок і Вераніка сядзелі апошнія справа. І яны ўдзельнічалі ў гульні.
— А цяпер дзяўчаты павінны адказаць. За тыя ж паўхвіліны. Так, можна...
Пачуўся смех. Выбух рогату. Каменціравалі свае пытанні і адказы. Зала загудзела, як пчаліны вулей, захвалявалася. Чуліся папрокі за занадтую шчырасць — некаму не спадабаліся адказы. Потым, зразумеўшы, што тое ўсё не гульня, ніякі не фокус, найперш жахнуліся, спалохаліся, сядзелі сцішаныя, маўкліва паглядалі на мяне. Ведаў і чуў, што яны думалі пра мяне. Думкі цяпер вельмі адрозніваліся ад тых, што чуў напачатку.
— Я гаварыў ужо, але паўтаруся. Чалавек павінен умець аднолькава дыхаць як на паветры, так і пад вадой. Ён адным толькі позіркам і жаданнем можа падумаць і пераносіць з месца на месца тоны, тысячы тон грузу.
— Вы і гэта ўмееце? — апошні скептык Алесь Зінчук падаў голас, і яго пытанне маўкліва адобрыла зала — глядзела на мяне, чакала, што адкажу.
— Вы думаеце, што эгіпецкія піраміды ў пустыні пад'ёмнымі кранамі будавалі? Ці рабы прымітыўнымі прыстасаваннямі? Адкуль жа і на чым яны тыя глыбы вазілі?
«Уцякае ад адказу. Мусіць, перабраў, занесла яго не туды...» — той жа Алесь пахітаў расчаравана галавой.
— З таго ж пяску і рабілі. Умелі тое рабіць. Ну а цяпер пра маё ўменне, спадар Алесь! Мяне нікуды не занесла. Я адказваю за кожнае сваё сказанае слова. Таму ў мяне просьба да цябе. Ты, а з табой Мікола Стэльмах, Ігар Трызна, Валодзя Рабянок, Вячаслаў Барадуля ідзіце да мяне і перасуньце на адзін метр управа сейф, што ў кутку.
Хлопцы выйшлі на сцэну, узяліся з усіх бакоў за сейф, але, колькі ні пручкаліся, ён не скрануўся з месца.
— Сядайце, калі ласка, — папрасіў я. — Вы паказалі, што сейф мае вялікую вагу і яго немагчыма рукамі ссунуць з месца.
Калі ж у зале стала ціха, гучна прамовіў, прыкаваўшы ўвагу да сябе:
— А цяпер глядзіце ўважліва!
Я спусціўся ў залу, падняўся на самую верхнюю прыступку апошняга рада, павярнуўся тварам да сцэны. Зажмурыў вочы, удыхнуў у сябе паветра, сціснуў пальцы ў кулакі і тут жа растапырыў іх. Адчуў, як на далонях скапілася магутная сіла, яна калола, пранізвала цела, прасіла дзеяння. Толькі тады ціха і ўмольна прашаптаў:
— Ахутавана! Магутны Божа! Памажы мне!
На адлегласці сіла рукі дакранулася да сейфа, які важыў больш тоны. У ім ляжалі медыцынскія прыборы і стаялі бутэлькі з сернай кіслатой. Сейф, як пушынка, лёгка адарваўся ад зямлі і павольна пачаў падымацца ўверх. Потым, спыніўшыся, гарызантальна паплыў у левы бок сцэны. Нягучна апусціўся на падлогу.