Студэнты затаілі дыханне. Здзіўленне апанавала іх. Ільдзінкі апошняга недаверу расталі, і знаку не засталося ад яго.
Потым гэтак жа, не марудзячы, я падняў зноў сейф і паставіў на месца.
Начынне сейфа не дзынкнула, не ссунулася з месца хаця б на міліметр...
Хвілін колькі я стаяў, утаймоўваючы ў сабе ўзбуджанасць энергіі, падняў рукі, аддаў рэшту накопленага космасу — і тут жа лёгка пабег да сцэны, падняўся на яе.
Мне прыйшлося яшчэ нейкі час счакаць, калі аціхне ўзрушанасць студэнтаў, адшукаў позіркам Змітрака Кісялёва, пацікавіўся ў яго, ці так раблю...
«Так, так, Антон... Усё правільна... Для ўсіх цікава. І не толькі цікава. Карысна. Ты зламаў поўнасцю іх недавер».
Глядзяць на мяне студэнты, маўчаць. Думкі свае пахавалі, ведаюць, што я іх пачую.
Ніводнага больш недаверлівага слова не было кінута ў мой бок...
То ўжо была перамога. Я ўбачыў, што над кожным са студэнтаў пачала мяняцца колерам аўра. Іх энергетыка пачала накопліваць у душы той добраўплыўны зарад, які жывіць розум і жаданне: замест шэрай рабілася чырвона-жоўтай...
— Наступныя практычныя заняткі ў вас будуць праз два месяцы, — прамовіў я ціха і стомлена, але яны чулі маё кожнае слова — у аўдыторыі не было больш чуваць уздыхаў. — На іх мы пройдзем тэму «Падарожжа ў мінулы час». Кожны з вас адправіцца роўна на пятнаццаць хвілін зямнога часу, а па тым часе ў шмат разоў больш. Падарожжа вашае будзе пасіўным. Вы будзеце толькі назіраць і хадзіць, не прадпрымаючы нічога ў сваіх дзеяннях. Ніхто з вас не павінен парушыць тое правіла.
Воклічаў ужо не было, што я фантазёр і фокуснік.
— Ці паверылі вы ў тое, што я сказаў? — пільна паглядзеў у залу — кожнаму ў вочы, і пытанне маё прагучала сцвярджальна і гучна, з адценнем таямнічасці.
— Паверылі, спадар Антон! — аднагалосна ўсклікнулі будучыя летапісцы гісторыі Ліцвініі. — І ўсе як адзін падтрымліваем. У нас цяпер ёсць вера ў нашыя магчымасці і здольнасці чалавека.
Тое мяне радавала і ўсцешвала.
— А яшчэ мы потым навучымся браць энергію ад сонца і месяца. Поўнасцю адмовімся ад зямной ежы. Тады вы яшчэ раз пераканаецеся, што чалавек можа пражыць і пяцьсот, і восемсот гадоў... Ці верыце вы ў тое, мае юныя грамадзяне Княства Ліцвініі?
— Верым! Кожнаму слову верым!
— Тады дзякую вам! Толькі на моцнай веры будуць трымацца ваш поспех і нашая агульная справа! На веры ў тое, што мы адродзім сваю Ліцвінію! Яна стане, як і некалі, багатай і вольнай. А цяпер... На сёння ўсё. Просьба — ніякіх пытанняў мне не задаваць. Шмат энергіі аддаў вам. Вы тое адчулі. Вы не будзеце хварэць, будзеце адчуваць сябе бадзёрымі цэлы тыдзень. Да сустрэчы!
Хораша і светла было ў мяне на душы!
Да мяне, бачыў, кіравалі Зміцер і Вераніка.
Абое ўсміхаліся, радаваліся, што ёсць мажлівасць пабачыцца.
Зрабіў ім крок насустрач...
Кожны чалавек — гэта зорка...
Кожная зорка — гэта чалавек.
Мы ляцім з Янінай між зорак, гуляем з ёю ў хованкі. Я даганяю яе, а яна ўцякае. Пасля — наадварот. Вось так некалі мы ныралі з ёю на дно Чорнага мора і куляліся на дзесяцікіламетровай глыбіні, здзіўляючы падводных насельнікаў сваім паяўленнем...
Зоркі цёплыя і даверлівыя, бы кацяняты.
Мы спыніліся на адной з іх. Доўга стаім, абняўшыся, аглядаючы Сусвет. Пасля ходзім басанож па пяшчотнай паверхні і адчуваем радасць яднання з ёю. Калі надакучыла, пералятаем на наступную, большую і прыгажэйшую.
А на адной дык сустрэлі невядомую жывую істоту — мяккі камячок з зялёнымі вочкамі. Як дзьмухавец. Быў ён пушысты і даверлівы, не спалохаўся.
Лёгка пераскокваў з месца на месца. Падкаціўся да нас, пазіраў усмешлівымі маленечкімі вочкамі.
— Ты хто? — весела папыталася мая спадарожніца, спрабуючы пагладзіць яго — дакранулася пальцам.
— Я даўно тут гуляю. Я люблю жыць сярод зорак. Заставайцеся і вы тут — мне весялей будзе.
Яніна засмяялася, паглядзела на мяне, як папыталася: «А што, мо і сапраўды тут застанёмся? Давай тут, Антон, жыць будзем... Тут новую хату збудуем, станцыю... Нам ніхто ў каханні замінаць не будзе... Як здорава гучыць — каханне паміж зорак! Зорнае каханне! Гэта ж тое, пра што мы марылі з табою ўвесь час. Ці не так?..»
— А ідзі лепей ты з намі, — прапанавала Яніна, узяўшы Дзьмухаўца на руку. — Будзеш там, на Зямлі, у нас за коціка. Ты ж такі пяшчотны і мяккі.
— А што такое — коцік?
— То такая хатняя жывёлінка, якая жыве побач з чалавекам. У яго хаце. Мышэй ловіць...