— Мышэй? — перапытаў здзіўлена камячок-Дзьмухавец, прыжмурыўшы вочкі-бісерынкі. — А гэта што такое? Што з імі ён робіць? Гуляе?..
— Не... зусім не так. У яго такі інстынкт закладзены — падкрадвацца і лавіць. А як зловіць, то можа з'есці...
Дзьмухавец спалохаўся, зніякавеў, зрабіўся зусім маленькім — на далоні ўмяшчаўся, прашаптаў затоена:
— Я ж не ўмею лавіць іх... мышэй... Тым больш іх есці. Я ж ніколі нічога не ем. Мяне кормяць Сонца і Месяц. І — пах кветак.
Яніна зразумела сваю памылку і, каб выбавіцца з нялоўкага становішча, пачала тлумачыць:
— А табе і не трэба будзе іх лавіць. Ты будзеш займацца тым, чым прывык заўсёды. А нам будзеш расказваць цікавыя гісторыі са свайго жыцця...
— Прапанова, скажу вам, заманлівая. Але ж я люблю хадзіць і гуляць па зорках. У мяне іх тут шмат, выбірай любую. Па сваім настроі і жаданні. На гэтай, дзе мы з вамі, растуць толькі кветкі. Вунь на той, што далей, блакітнай, гучаць пяшчотныя і чароўныя мелодыі зорных музыкаў. А на трэцяй, што за ёю, жоўта-чырвонай, казачнікі расказваюць найцікавейшыя ў свеце казкі. Хаця кожнае слова ў іх — чысцюткая праўда. А ў вас там, на Зямлі, ёсць зоркі?
Жанчына ўздыхнула, пахітала адмоўна галавой:
— Не, Дзьмухавец, на вялікі жаль, няма. Мы толькі бачым іх, як бачым Сонца і Месяц. Але зоркі далёка ад нас.
Гаспадар зоркі Кахання прашаптаў:
— Як мне шкада вас... Там жа, мусіць, вам сумна і нецікава жыць? Як можна жыць на Зямлі, калі на ёй няма зорак?
Альшанская паспяшалася супакоіць маленькую істоту:
— Не, нам не сумна жыць на нашай Зямлі. Мы таксама любім зоркі і месячык. Яны ж — спадарожнікі закаханых. Без іх нельга пражыць...
Дзьмухавец падумаў, адказаў:
— Бачыць — то адно. А вось гуляць па зорках, ды яшчэ па той, якая табе даспадобы, — то зусім іншае. Так што вы мне прабачце за адмову — не магу я прыняць яе. Таму застануся тут. Мне тут заўсёды добра і весела. А вось вам, калі стане маркотна ці цяжка, калі страшэнна захочацца адзіноты ці схованкі, калі ласка, кіруйце напрасткі да мяне ў госці. Хаця ж — чаму ў госці? То ж вашая планета, вашае сузор'е — і імя ёй Ахутавана!
— Ахутавана? — міжволі вырвалася ў мяне з грудзей. — Адкуль у яе такая назва?
— І не толькі назва, — прыжмурыў вочкі Дзьмухавец, засмяяўся задаволена, што выклікаў у мяне здзіўленне, — а магічнае значэнне. Для вас жа гэтае слова — сэнс жыцця. Таму і імя ў мяне такое ж — Ахутавана...
— Імя?
— А што? То ж вы мяне і прыдумалі такім у сваім уяўленні. Закаханым і фантастычным уяўленні. Ад гэтага я і нарадзіўся. Я — дзіця кахання. А так вы можаце называць мяне ласкава-памяншальна — Ахутаванчык...
— Дзіва дзіўнае! — яшчэ больш здзівіўся я, не ведаў, як аднесціся да такога адкрыцця. — Вось яно ўсё адкуль... Ты ведала пра тое, Яніна? Ведала?
Але яна адвярнулася разам з Дзьмухаўцом-Ахутаванчыкам, глядзяць некуды на іншыя планеты, іншыя зоркі.
На маё плячо вавёркай ускочыў Ахутаванчык. Дзьмухнуў жартоўна ў вуха, як прадзімаў тэлефонную слухаўку, прапанаваў:
— Паслухайце мяне... Ёсць прапанова. Давайце трошкі прагуляемся па маіх зорках. Спачатку па гэтай, дзе мы знаходзімся. Яна найпрыгажэйшая з усіх, бо тут шмат кветак і тут самае гаючае паветра. Гэтыя кветкі растуць дзякуючы вам, дзякуючы вашаму каханню. То вы і жывіце іх сваёй энергіяй, якая далятае сюды ад вашай Зямлі. Вы, можа, і не ведаеце пра тое...
— Здагадваемся, Дзьмухавец! Мы прымаем тваю прапанову. Гэта гасцінны жэст. Ты — гід, а мы — экскурсанты.
Кветак такіх мы ніколі не бачылі. Яны здаваліся нейкімі знаёмымі і блізкімі. Непадобныя адна на адну, розніліся колерам і памерамі. І — во дзіва! — сустрэў нас блакітны васілёк. Рос побач з жытнім сцяблом. Яго сіняе вочка паглядала на нас радасна і прыветна. Як ён трапіў сюды з Ліцвініі?
— То ж вашыя кветкі. Вы іх бачылі толькі ў сне. А сны пераносяцца сюды і тут жывуць. І — кветкі таксама.
— А ты толькі па гэтай зорцы гуляць любіш?
— Не толькі... Я, як той маленькі прынц, якога нарадзіў французскі лётчык-летуценнік, маю сваю асноўную планету. Але гуляю і па ўсіх астатніх. А вы адкрылі і для сябе сваю зорку — зорку ў сузор'і Кахання. Яшчэ яна Венерай завецца. Пра яе ж ваш знакаміты паэт пісаў: «Зорка Венера ўзышла над зямлёю...»
— Дзякую, Ахутаванчык, што ты адкрыў нам яе! Дзякуй, што ўтрымліваеш яе ў ідэальным парадку!
Ён засмяяўся, пераскочыў на плячо Яніне. Усеўся ямчэй, пачаў тлумачыць:
— Я тут бачыў шмат шчаслівых людзей. Шчаслівых ад кахання. Сюды незакаханыя не даляцяць. Цуда-крылы маюцца толькі ў закаханых. Яны заўсёды, узляцеўшы ў сваім шчасці да сёмага і сотага неба, прыляталі сюды. І працягвалі тут быць шчаслівымі і незалежнымі ад жыццёвых абставін. Тут можна пражыць не адну тысячу гадоў. Тут кветкі валодаюць элексірам бессмяротнасці. Я тут і за экскурсавода, і за гіда, і за дарадчыка. Бо закаханыя заўсёды збіваюцца з дарогі ў царстве кветак і таму робяцца такімі бездапаможнымі, што на іх смешна глядзець... Хаця яны і не заўважаюць таго. Вы за сабой таго не заўважалі?