Выбрать главу

Яшчэ б! Згодзен за такую падтрымку.

— Удакладненне — дадатны ці адмоўны?

— На твой погляд. Хоць разбівай ушчэнт...

— Выдатна! Тады чакай званка.

Наташа кладзе слухаўку, а я яшчэ слухаю кароткія пазыўныя: «так, так, так, так...» На гадзінніку тры гадзіны дня. Зразумела, што сёння позна ўжо дамаўляцца. Калі здолею, то толькі на заўтра. А вечарам і напішу, раніцай падпраўлю — і можна дыктаваць.

У даведніку выбіраю наўздагад любую, але далей ад цэнтра, школу. Набіраю нумар. Акурат на дырэктрысу нарваўся. Ветліва назваўся, гавару, што ў гарана параілі менавіта пад'ехаць да іх у школу.

— Прыязджайце. Заўтра а палове трэцяй гадзіны будзе такі сход. У выпускным дзесятым, — запрасіла Мая Карпаўна — так назвалася жанчына.

— Дзякую. Буду ў вас.

Мяне заўсёды ахоплівае бадзёры настрой, калі нясу канверт з артыкулам да паштовай скрынкі. Па-першае, прыходзіць супакаенне пасля нервовага напружання (а калі пішаш крытычны, то і каленкор працы іншы — не заўсёды раскажуць патрэбнае, і таму трэба шмат настырнасці, хітрасці, нават нахабства, каб дамагчыся свайго), потым прырастаю да машынкі, і пачынаецца галоўнае дзейства...

Раней, памятаю, прывык пісаць толькі залачоным пяром кітайскай ручкі. І калі працаваў на Палессі ў райгазеце, наведваючы ў полі камбайнераў, згубіў любімую ручку. Для мяне тое было сапраўднай трагедыяй. Доўга не мог прывыкнуць пісаць другой, а шарыкавая нават і не слухалася, і стамлялася рука. Кітайская ж пісала «сама» — я толькі трымаў яе ў пальцах.

Губляў я ручку другі раз. Першы — калі вучыўся ў школе, ці не ў чацвёртым класе. Любілі мы, падлеткі, гуляць на прасторным школьным двары, дзе былі турнік, арэлі і драбіны — нахіленая і прамая. Тады я з бацькам назбіраў на здачу чарніц, і маці выдзеліла мне тры рублі. А я доўга мерыўся купіць у нашай краме просценькую самапіску. Трыццаць капеек усяго каштавала яна... І чарніла яшчэ развёў, раструшчыўшы стрыжань хімічнага алоўка. Пісала выдатна і, галоўнае, доўга, і мачаць у чарніліцу не трэба было. Не развітваўся з ёю, насіў пры сабе.

Аднойчы загуляліся да цемнаты. Калі ж збіраліся ісці дадому, ненарокам памацаў кішэньку — ручкі не было. Адразу адчуў, як ад шкадавання і гора сталі мокрыя лоб і патыліца. Для мяне то была вялікая страта. Заснуць не мог, усё думаў пра самапіску. Пад раніцу толькі агарнуў мяне сон. Яскрава памятаю, што прыснілася: бягу следам за Лёнікам, сваім сябрам, нешта крычу яму і даганяю, а з маёй кішэнькі вылятае самапіска і падае прама пад драўляную паламаную скрынку, што ляжала пад плотам...

Усхапіўся адразу, спехам насунуў штаны і ціха, каб не пабудзіць каго, выскачыў у двор. Сапраўды, пры плоце ляжала скрынка. Акурат такая ж, якую бачыў у сне. Дрыжачымі рукамі прыўзняў яе і — о Божа! — бачу яе, чакае мяне мая самапіска, у роснай траве ляжыць.

Да сённяшняга дня памятаю. Што тое было? Дзіцячы мозг разам са зрокам зафіксавалі, як ляцела ручка, а потым мне пракруцілася ў сне? Не ведаю. Колькі пасля таго было страт і прапажы, але ніводная не прыходзіла ў сне. Прыйшла першая, мусіць, таму што для мяне была самая балючая страта і ўпершыню.

Калі ж праз нейкі час прыдбаў кітайскую ручку, амаль такую ж, якую згубіў па дарозе да камбайнераў, але трошкі большую, нават лепшую, то я ні пад якой прапановай не выносіў яе з хаты. Трымаў у самым патаемным месцы, дзе хаваю самыя важныя для сябе дакументы і рэчы, — у каробачцы з тоўстага кардону, з-пад батарэек.

А потым кітайскія ручкі сталі хобі, нават хваробай. Я іх пачаў калекцыяніраваць, складваць у тую каробачку. Пісаў то адной, то другой. Але радасці, якая была ў мяне ад яднання з той, першай, згубленай падчас жніва пад вёскай Махнавічы, не было. Не прыходзіла. Мо помста за маю неахайнасць і неабачлівасць.

Асабліва акуратна выпісваў кожны радок першых сваіх артыкулаў, што дасылаў у рэдакцыю як улкар — уласны карэспандэнт.

І ўласным стаў, можна сказаць, выпадкова. З газеты, калі я пачаў працаваць у раёнцы, запрасілі ў райком партыі. У арганізацыйны аддзел. Думалі, што раз я пішу для газеты, то змагу выдатна страчыць даклады. А я ў іх — як у касманаўтыцы... Мне да ванітаў было прыкра пісаць «благодаря идейному руководству родной Коммунистической партии мы добились определенных успехов в...». Ды яшчэ на расейскай мове. Учарашнія вяскоўцы, скончыўшы інстытут, паварыўшыся ў райкоме камсамола, ішлі напрамкі ў партыйныя работнікі. І іх потым нельга было пазнаць. І не Мікола ён ужо, а няйначай Мікалай Сяргеевіч, і не «добры дзень», а «здравствуйте», і не ўсмешка на твары, а пыхлівы партыйны выгляд... Не апраўдаў, як кажуць, спадзяванняў, не выходзілі ў мяне тыя даклады, словы не тыя падбіраў, не пафасныя.