У Яніны ружовяцца шчокі, наліваюцца сокам вусны, а ў паглядзе іскрынкі пяшчоты і даверу:
— Не, Ахутаванчык, не заўважалі.
Гаспадар вадзіў нас па сваіх аранжарэях. Радаваўся, калі Яніна, уражаная, нахілялася, каб, зажмурыўшы вочы ад задавальнення і мройнасці, дакрануцца да нейкай кветкі і панюхаць яе...
— А гэтая кветка з вашай Ліцвініі, — паказаў Дзьмухавец на блакітны васілёк, на поле васількоў, з якіх выткаўся вялізны жывы дыван.
— Адкуль ён тут, Дзьмухавец? — расчулілася Яніна, пагладзіла блакітнавокую кветку, спыталася: — Васілёк-васілёчак, адкуль ты тут? Ты ж — як прывітанне з роднай Ліцвініі!
Васілёк захістаўся, як жывы, ад ветру. Загайдаўся блакітны дыван поля.
— Яны ад вашага кахання выраслі. Вашай энергіяй жывіліся. Хутка і вашая Ліцвінія расцвіце гэтаксама. Такія кветкі заўсёды цвітуць на яе вольным абрусе. Вы яго і засцелеце на стол, за якім будзеце святкаваць сваю перамогу над сіламі зла, калі адчуеце сябе зноў шчаслівымі і вольнымі, люд Вялікага Княства Ліцвініі...
Прыйшоў час і развітвацца.
Мы ўзялі Ахутаванчыка па чарзе на рукі, паднеслі да твару, дакрануліся носам да носа, сказалі:
— Ты не сумуй тут, дружа!
— А на маіх зорках ніколі сумна не бывае. Вы не дасце мне сумаваць.
— То і добра, — радаваўся я. — Хай Ахутавана ніколі не ведае суму і расчараванняў. Шчасця тваёй планеце Венеры!
— Так яно і будзе! — крыкнуў у адказ Дзьмухавец-Ахутаванчык. — Ахутавана! Да сустрэчы!
— Ахутавана! — адказваем мы, аддаляючыся ад яго, пачынаючы разбег у Галактыку.
Дзьмухавец развітальна махаў нам рукой...
Мы ляцім скрозь галактыкі, абмінаючы сузор'і. Неадрыўна глядзім адно аднаму ў вочы.
— Спадар Антон, шляхціц Клімовіч! Ты мяне не пакінеш ніколі? Мы яшчэ вернемся на нашую планету Кахання?
— Вернемся, Янінка, абавязкова вернемся. Ахутаванчык запрашаў жа нас да сябе.
— Я вельмі хачу верыць у тое.
— Нам жа нішто не можа перашкодзіць. Бо Ахутавана заўсёды з намі, заўсёды ў нашай душы...
Зноў адчуў, як ад яе зыходзіла ўзмоцненая трывога.
Але такой, здавалася мне, яна ніколі не была! Што адчувала сэрца жанчыны? Што прадчувала?
Няўжо — Зямля?!
Поле, як акінуць вокам, спрэс блакітнае і неабсяжнае. Як і неба. Акурат як той дыван, што паказваў нам Дзьмухавец.
Цвіце лён. Маленькія суквецці ўтвараюць блакітны абрус. Ім засцелена, здавалася, уся зямля, што злівалася на гарызонце з небам...
Рахманае сонца жывіла палеткі, промні лашчылі і сагравалі мне твар.
Мне здавалася, што я стагоддзі не быў на Зямлі.
Бо шчыра радаваўся сустрэчы з лугам і лесам. Не ўтрымаўся — прайшоўся басанож па роснай халоднай траве.
Нехта сцёр маю памяць, бо я нічога не ведаў пра сябе, пра тое, што адбывалася са мною, дзе я быў і што бачыў.
Адчуваў я сябе няйначай цяжарнай жанчынай, якая не магла нарадзіць.
Мяне распірала незнаёмае дасюль пачуццё. У сонечны дзень бачыў у небе зоркі. Іх жа відаць толькі ноччу. Бачыў я яшчэ, як пераляталі ў небе нейкія незразумелыя лятальныя апараты. У іх сядзелі нейкія стварэнні і паказвалі пальцам у мой бок. Не разумеў толькі: ці то пасміхаліся з мяне, ці з гонарам паказвалі на мяне, каб расказаць іншым пра дзіўнага зямляніна, які бачыць і чуе тое, што недаступна ўсім астатнім...
На небе не было ні воблачка.
Праз хвіліну за наміткай блакітнай палоскі лесу жыханула маланка.
З-за пагорка, у тым баку, дзе злівалася сіняе поле з небам, вынырнуў на белым грацыёзным кані пры ўсёй амуніцыі малады вершнік. Трымаў ён над сабою бліскучы даўгі меч. Не апускаў яго — як аберагаў усё роўна ад таго грому ці перуна зямлю.
Вершнік вагаўся, выбіраючы дарогу, і неўзабаве накіраваў каня ў мой бок.
Скакаў па блакітным абрусе, які выткалі васількі. Бег каня быў запаволены, марудны, спаважлівы — як што перашкаджала ці замінала, і капыты, здаецца, не краналіся зямлі.
Я ж не рушыў з месца, стаяў як укопаны.
Да мяне пакрысе падступаліся ўзрушанасць і салодкашчымлівая радасць.
Даўно чакаў я вершніка. Даўно верыў, што менавіта вось такім сонечным днём ён і адшукае мяне, каб уручыў я яму тое багацце, што прынёс з Космасу. Толькі яму я мог уручыць сведчанні для Праўдзівай Кнігі Памяці нашага Княства.