Ён наблізіўся зусім блізка да мяне. Але тупату капытоў я не пачуў — быццам прывід узнік перада мною. Убачыў шчыт з патрыяршым крыжам, похвы ад мяча — залачоныя, і сам меч у моцнай і дужай руцэ.
Ваяўнічага ці агрэсіўнага ад вершніка не сыходзіла. Наадварот, выпраменьвалася магутная энергія Дабрыні і Абаронцы. Абаронцы і Заступніка Вялікага Княства Ліцвініі...
І тут жа з неба жыханула чорна-атрутная маланка — скіравала сваю смяротную піку на мяне. Але вершнік тут жа выдаўжыў руку — і меч застыў над маёй галавой.
Маланка апяклася аб лязо мяча, успыхнула ружова-чорным полымем і згарэла, упала клубком на зямлю — і згасла...
Каб не ён, вершнік Княства, не мінаваць мне бяды. Абараніў, засцярог, уратаваў жыццё... Значыць, ён — абаронца. Абаронца ад зла.
— Чаму так доўга не з'яўляўся? — спытаў у яго, калі ён зноў падняў меч над галавой.
— Раней не мог. Чакаў.
— Чаго?
— Калі абудзіцца народ. Калі зразумее і адчуе, што ён гаспадар свайго лёсу і сваёй Дзяржавы. Чакаў, калі загаворыць на роднай сваёй мове, якую яму даў Бог.
Я падаў яму дзве тоўстыя кнігі, напісаныя мной і Янінай. Сказаў, што неўзабаве яшчэ некалькі тоўстых пастаментаў будзе гатова — рыхтуюцца ў Касмічнай Радзе.
— Дзякую, яны вельмі неабходны для нашай гісторыі! Цяпер усё больш і больш людзей паверылі ў сябе. І іх з кожным днём усё больш і больш. Людскія душы абудзіліся. Вашыя старонкі ўвальюцца васільковым вянком у Кнігу Жыцця...
Зашыпела гадзюкай маланка, скіравала свае смяротныя стрэлы на мяне і на кнігі. І зноў вершнік імгненна падставіў вострае лязо мяча.
Чорнае воблака яшчэ мацней зашыпела, скацілася безжыццёва на зямлю — у тую ж чорную яміну, што ўтварылася перад гэтым...
І ў той жа момант я пазнаў вершніка! То быў Яён!
Ён сышоў з белага няўрымслівага каня, пагладзіў яго шаўковую доўгую грыву, што краналася зямлі, і накіраваўся да мяне, не выпускаючы з рук мяча.
Мяне ж нешта скаланула — не мог зрушыцца з месца.
Яён павярнуўся да мяне спінай. Зрабіў яшчэ адзін, апошні крок. І — увайшоў у мяне.
Тады ж я адразу адчуў, як мы зліліся ў адно цэлае.
Тады ж мне зрабілася невыносна балюча — і з грудзей вырваўся немы і доўгі крык — крык радасці і сцвярджэння, крык жыцця і спадзявання...
У руках адчуў нешта важкае, амаль непасільнае. Але я ўтрымаў яго — мне трэба было ўтрымаць, чаго мне тое ні каштавала б... Нейкі голас загадваў мне тое зрабіць...
За спінаю пачуліся крокі, але не было магчымасці азірнуцца, каб пераканацца ў сваіх здагадках.
— Не палохайся, любы, і не аглядвайся. Нельга тое рабіць, бо парушыш агульнае суладдзе пачатай намі гісторыі... Так, то я, твая Ахутавана!..
Голас Яніны супакоіў мяне. Зразумеў, што трэба ўсё прымаць так, як яна раіла, тады ўсё і адбудзецца па нашым сцэнарыі...
Яна прайшла скрозь мяне, як і Яён.
Тады ж перастала біцца ў грудзях другое — закаханае сэрца. Яна прайшла і выйшла з мяне, панесла сваю палавінку з сабой. Па маіх плячах яшчэ доўга струменіўся шлейф яе шаўковых косаў. На галаве паспеў заўважыць вянок з васількоў.
Чамусьці меч апынуўся ў яе руцэ, і яна ўселася на месца вершніка. Трымала ў руцэ нашыя кнігі.
А пасля і не Янінай мне падалася, а князёўнай Ліцвініяй — прыгожай і ўпэўненай, з тым жа вяночкам на галаве.
І трэці раз атрутна зашыпела маланка, пусціўшы на мяне плойму чорных стрэлаў.
Але меч і на гэты раз прыкрыў мяне, абараніў, і нічога благога не здарылася са мною...
Трэці раз жыццё маё было ўратавана.
А ў памяці, і на маім языку, неспакойна звінелі, пераліваліся крынічкай паўзабытыя радкі:
...каханая, як цяжка без цябе.
Без погляду твайго, твайго кахання...
Ніяк не мог успомніць, адкуль радкі, як і не ведаў, хто іх напісаў. Толькі нейкае незразумелае і чароўнае слова суправаджала, як музыка:
— Ахутавана!.. Ахутавана!.. Ахутавана!..
Мне было хораша стаяць пад чэрвеньскім сонцам і дажджом.
Цёплыя промні і дажджавыя кроплі падалі на твар, абмывалі мяне чысцінёй і бальзамам, касмічным нектарам... Я адчуваў прыцягненне неба — неабсяжныя і недасягальныя галактыкі клікалі да сябе...
Калі ж я толькі падумаў пра тое, то адразу адчуў сябе ў бязважкасці.
На імгненне мне падалося, што адарваўся ад зямлі і касмічная сіла ўзняла мяне на планету Кахання, на зорку Кветак, дзе чакаў нас Дзьмухавец-Ахутаванчык...
Верылася: тое і сапраўды можа адбыцца ў любы момант, калі я захачу таго...
І тая вера не пакідала мяне, яна проста драмала ў тайніках маёй душы, дачасна не прасілася на волю.