Выбрать главу

Адзінае, што мяне трывожыла і непакоіла, дык гэта знікненне Яніны Альшанскай. Помнілася, пра нешта мы з ёю дамаўляліся. А вось пра што — ніяк успомніць не мог...

Яна ж не падавала ні голасу, ні знаку. Здзекавалася з маіх пачуццяў? Чаму яна згубілася ў зямной прасторы? Чаму не чую яе поклічу?

Калі ўсяго гэтага няма, то ці было наяве тое, што адбывалася з намі да гэтага? Мо то толькі быў салодкі сон? Мроі ці прывідная фантасмагорыя?

Мо зусім і не кахала мяне, а я ўявіў бог ведама што ў хворым сваім жаданні? То мне, мусіць, так хацелася...

І я рашыў знайсці, адшукаць яе на шырокіх прасторах Зямлі і Космасу, паклікаць і праверыць яе пачуцці.

А таму чакала нас апошняе выпрабаванне, каб падняліся мы на самую высокую прыступку Вышыні, да якой імкнуліся, якая прыцягвала нас з неадольнай сілай...

Сочы, санаторый «Беларусь»

Лістапад 1994

Пякельны рай

Кніга трэцяя,

якую за мяне нехта напісаў

Частка першая

1...

Ён збочыў з наезджанай дарогі, пераскочыў неглыбокую канаву, спрэс парослую шорсткім чаборам з пахкімі блакітнымі кветкамі, і падаўся ў глыб сасонніку. Адтуль даносілася верашчанне нечым устрывожанай ці спуджанай сойкі...

Антон шаргацеў ботамі па збуцвелай шорсткай траве, не збаўляючы хады, узбіўся на пясчаную выспачку з рудым і светла-зялёным лішайнікам, з якога выбіваліся смалістыя пакручастыя карані. Спыніўся, каб прыслухацца да навакольнай цішыні.

Нішто не парушала ляснога спакою, нават спуджаная сойка. Недзе ў тым баку, дзе выструніліся ў неба стромкія сосны з медзяным адлівам, ці то цененька падвывала бензапіла, ці то так паветра цадзілася скрозь густое голле дрэў пад націскам цёплага асенняга вятрыскі...

Раскашоўвалася ранняя восень.

Кажынным годам Антон Клімовіч такой вось парой выбіраўся ў лес, не зважаючы на перашкоды, якія неспадзеўкі абрыньваліся на яго.

Ён тады абавязкова браў з сабою Чэрчыля — паляўнічага сабаку. Не свайго, дзядзькі Апанаса Янушкевіча — з Каменя. Ды і стрэльбу Апанас яму даваў сваю. Яшчэ і зарады рыхтаваў. Набіваў колькі начэй гільзы порахам ды шротам, быццам ён, Антон, збіраўся паляваць на зубра ці мядзведзя.

Сустрэла яго самотная Апанасава жонка Насця. Як усё роўна роднага, абняла, прытулілася да яго, заплакала.

За акном, у двары, жаласліва завыў сабака. Антон позіркам пацікавіўся, што б тое азначала.

— То Чэрчыль. Кажынны дзень вые. Як плача сядно. І ў яго, як і ў мяне, душа баліць. На магіле трое начэй начаваў — ляжаў, ад яды адмаўляўся. Вочы ў слязах, як у чалавека. Ведаў і адчуваў гора. І ён, чалавеча, здаецца мне, не жылец на гэным свеце. Забярэ ён яго з сабою. Адна я, Тонічак, і застануся...

Як выйшаў у двор, Чэрчыль на яго не звярнуў ніякай увагі. Нават і вухам не павёў. А ў вачах... А ў вачах былі такія сум і скруха, што праціналі навылёт, як шрацінай, як быццам душа Чэрчыля перасялілася ў яго, каб пераканаўся ў невыносным болі...

2...

Антон пагладзіў сабаку па галаве.

Чэрчыль не зварухнуўся — як быў нежывы. Ён сапраўды падаўся нежывым, бо ніводная жылка не ўздрыгнула ад дотыку рукі, і далонь не адчула цеплыні сабачага цела...

Ідучы ў лес, Антон паклікаў яго з сабою.

Чэрчыль адно падняў галаву, паглядзеў на яго, як сказаў нешта сваё, сабачае, — ці то як прасіў прабачэння за сваю нямогласць, а мо паслаў госця туды, дзе з Апанасам авечак пасвіў...

— Мо б не хадзіў сёлета ў той лес, Тонік? — глядзела жанчына на яго сваімі празрыстымі, бы сінеча неба, вачыма, як умольвала, як упрошвала. — Дні цяпер такія нехарошыя...

— Чым яны нехарошыя, Настасся Язэпаўна?

— Паслязаўтра Пакрова. Заўтра — пятніца, ды яшчэ трынаццатае чысло. Такое спалучэнне вельмі благое, так дзяды казалі. Дык ото мо не хадзіў бы, Тонік, га?

Клімовіч трошкі паразважаў і адказаў, пагадзіўшыся з ёю:

— Добра, спадарыня Настасся! Тады я толькі прагуляюся за Броньку, пасяджу ля каверта, дзе сядзелі разам з Апанасам, падыхаю паветрам і вярнуся. На аладкі і паспею...

— Ну то глядзі сам, як хочаш. Аладкаў я зраблю. Са шкваркамі, якія ты любіш...

Смерць Апанаса нешта перавярнула ў ім, перайначыла, перакуліла ўсё дагары нагамі.

Клімовіч спыніўся зноў.

Яго як быццам нешта насцярожыла, прымусіла ўгледзецца ў густое кустоўе. Падалося, што адтуль, з карункаў голля, нехта цікаваў за ім, не зводзіў з яго пільнага позірку. Ён нават быў перакананы, што той, хто сочыць за ім, стаіўся за камлюкаватай бярозай — там гайдалася паветра ад нябачнага руху...