Выбрать главу

Клімовіч закурыў «прыміну». Зацягнуўся едкім дымком, выпусціў яго праз нос, прымружыў вока. У тым баку, дзе гайдалася паветра, падалося, што нехта заплакаў. Бы немаўля, просячы ў маці цыцку. Так магла падаць голас і птушка. Альбо дрэва, калі галіны церліся адна аб адну...

Шкадаваў, што не было побач Чэрчыля. Усё ж жывая душа. Сабака чуйна аднёсся б да ўсіх перападаў і незразумелых з'яў, супакоіў бы сваёй прысутнасцю.

Калі ж зноўку прыйшло супакаенне, калі агарнула дрымотная млявасць, тады яшчэ з большай сілай і напорыстасцю наляцеў віхрыска, уцягнуў у свой калаўрот траву і сухое бадылле, анучкі зноў падняліся з зямлі і пачалі круціцца над галавой Антона. У ботаў падняліся халявы — як хто браў іх рукой, — і яны ўзляцелі над ім, і самога Антона нешта прыўзняло, адарвала ад дуба і колькі разоў крутанула ў паветры, але не шмякнула, а асцярожліва апусціла нябачная сіла на зямлю — разам з ботамі і анучамі.

Ён лёгка ўпаў на спіну і раскінуў рукі ўшыркі.

«Што ж гэта такое было? — сам у сябе папытаўся Клімовіч, але дзіўна, страху не адчуваў, толькі цікавасць. — Перапады тэмператур? Атмасфернага ціску? Якую ж трэба мець магутную сілу, каб падымаць такое ў паветра?..»

Клімовіч не паверыў сваім вачам — дуба на сваім месцы не аказалася. Ён ляжаў за крокаў трыццаць далей — сырым, што быў пры зямлі, бокам, перавернутым да сонца. На тым жа месцы, дзе быў да гэтага дуб, зеўрала чорная яміна. У ёй валтузіліся не то жабы, не то вужы, ці то, можа, чорная зямля, як жывая істота, не магла супакоіцца і старалася зацягнуць сваю рану дзірваном і яшчэ амаль зялёнай травой.

«Божа, што за дзівосы ты падсоўваеш мне? Як тое акурат, што прыходзіла ў сны... Для чаго выпрабоўваеш мяне? Для чаго?..»

Антон заўважыў і яшчэ адну акалічнасць — там, дзе ляжаў нядаўна дуб, не было пня. Тады адкуль ён, дуб, тут узяўся? Буран-віхор прынёс аднекуль здалёку — нават не з гэтых мясцін? Ці пень зарос травой?..

На вачах, тут жа, чорная паласа-яміна зацягвалася травой, звужалася і звужалася — напачатку пакрывалася шэрым налётам з перасохлымі высокімі сцяблінамі, а потым, праз колькі хвілін, і следу не засталося ад разварочанага чарназёму...

«Як у маім сне, — усміхнуўся кісла Клімовіч, — толькі не зразумець — то дзівосы ці нечыя фокусы? А можа, хто пакеплівае з мяне, пасміхаецца?..»

Але ж страху, як і раней, не было. Антон прыняў гульню і рашыў падпарадкоўвацца яе правілам. Падсвядомым пачуццём адчуў, што страхам можа нарабіць шмат бяды. Як усё роўна нехта падказваў яму, як трэба сябе паводзіць, як рэагаваць на ўсё нечаканае, што адбывалася перад яго вачыма.

— Ладна, — сказаў некаму Клімовіч, — твая ўзяла. Я перастаў баяцца, прыму ўсё, што здарыцца са мною, спакойна і разважліва, без здзіўлення...

Тады, недзе за спінай, пачуўся глухі ўздых, як быццам пацвярджаў, што дамогся свайго.

І тады ж прымусіў сам сябе паверыць у тое, што нехта сочыць за ім, неадступна крочыць следам — нават слабыя крокі чуліся.

Антон адшукаў стрэльбу. Яна ляжала пад пакручастай бярозай. Там жа ляжаў і патранташ. Толькі з ячэйкі выпаў адзін зарад. Выпаў, калі насіла ў паветры? Пашукаў, пільна ўглядаючыся ў ссохлую траву — нідзе не было. Падумалася, што, можа, ён і з дому не браў яго. Хаця ж не — не хапала з сярэдзіны, а не з краёчку...

Клімовіч страціў пачуццё часу.

Гадзіннік спыніўся, стрэлкі не рухаліся на цыферблаце. Забыўся накруціць? Крутануў колькі разоў, але маятнік не захацеў набіраць ход.

Прайшло ўжо, меркаваў ён, шмат часу, а сонца як было ў зеніце, так і не скранулася з месца. Жыццё як быццам спыніла свой імклівы бег. І ў яго не было жадання некуды ісці, некуды спяшацца, нешта рабіць... Ім авалодала не то млявасць, не то санлівасць. Ён, здаецца, не ведаў, адкуль ён ішоў і куды, колькі часу крочыў ці быў у лесе пад Бронькай...

І тады Антон апамятаўся, схамянуўся. Азірнуўся навокал. Яму ж трэба неадкладна ў Камень — паабяцаў жа Настассі, што да снедання прыйдзе дадому, бо дзевяціны па Апанасу пасля Пакроваў. І яму, Антону, трэба абавязкова быць на памінках, бо пакрыўдзіцца нябожчык, калі ён за памінальны стол не сядзе...

Але ў які бок трэба было ісці, і дзе быў усход, дзе захад, — ніяк вызначыць не мог. Сонца не краталася з месца, як хто цвікамі яго прыбіў да столі.

Клімовіч рашыў выйсці на дарогу і па ёй кіравацца ў любы бок — глядзіш, і прыбіцца можна да нейкай вёскі, а там ужо раскажуць-пакажуць, як даклыпаць да Каменя. Далёка ж адысці ён не мог... Палескія вёскі не так і далёка адна ад адной, за гадзіну дацепае, і не сорамна будзе перад Апанасам і перад Настай...