Выбрать главу

Выбраўся ў дарогу няскора...

Пакуль адшукаў анучы — а іх пазаносіла аж на другі бок лугавіны, да самага ўзболатку, дзе тырчэлі каля сажалкі карычневыя катахі рагозу, а боты дык і зусім невядома дзе апынуліся — на суках дуба завіслі, халявамі зачапіліся, — прыйшлося лезці даставаць.

Калі ўсё прывёў да ладу, калі прыйшлі да яго асвядомленае супакаенне і перакананасць, што робіць усё лагічна і правільна, Тонік угледзеў непадалёк ад сябе маладую жанчыну — ці не Віту, карэктара газеты. Але што ёй тут рабіць, у гэтым лесе. У лес, здаецца, яна ніколі і не выпраўлялася...

«Паклікаць? Гукнуць? Дагнаць? А калі не яна, тады як і што сказаць? Ды якая, у рэшце рэшт, розніца — мне ж толькі дарогу папытаць трэба, каб выбавіцца з гэтай невядомай і незразумелай пасткі...»

Ён ускочыў з месца. Похапкам пашыбаваў следам — за стракатай сукенкай, за прыгожым гнуткім станам, каб сказала паляшучка, у якім кірунку ісці.

— Пачакайце хвілінку, шаноўная спадарыня! — пагукаў Клімовіч, адчуваючы, што крокі яго няпэўныя, а паляшучка аддаляецца ад яго — спяшалася некуды. — Пачакайце, я заблудзіўся. Богам прашу, пачакайце!..

Жанчына спынілася, але не павярнулася, так і стаяла тварам да ўзболатку, трымаючы кошык, з якога выглядвалі сыраежкі і зялёнкі.

Клімовіч, задыхаўшыся, падбег да яе, абышоў і стаў спераду, хуценька загаварыў:

— Прабачце, што я вас запыніў — заблудзіўся. Ніколі са мной такога не здаралася, сам не ведаю, як такое атрымалася сёння...

Сказаўшы, ён паглядзеў ёй у вочы, стаўшы насупраць, зірнуў і аслупянеў: перад ім стаяла яго жонка Яніна, усміхалася ветла, паказваючы маладыя белыя зубы, кофту распіралі пругкія крамяныя грудзі. Вось такой акурат яна была тады, як пазнаёміліся, як ён сустрэў яе па дарозе на станцыю — была яна ў такой жа апранасе, у тапачках на босую нагу і з кошыкам.

— Ты? Яніна? — аслупянеў, не верачы сваім вачам, аж дыханне забілася.

— Я — Яніна, але, прабачце, вас не ведаю... — яна смяялася ці здзекавалася з яго. — Вы памыліліся...

— Можа, і памыліўся, яшчэ раз прабачце. Але ў вас пісяг на руцэ пасля аперацыі і сем рабацінак на шыі, — я яшчэ называў цябе Вялікай Мядзведзіцай і Ахутаванай.

— Ахутаванай? Дзіўны вы, аднак, чалавек, спадар...

— Антонам маці назвала.

— ... спадар Антон Клімовіч. Першы раз бачыце мяне і адразу кінуліся ў заляцанні. Я ж магу і пакрыўдзіцца. А то і раззлавацца.

— Вы і прозвішча маё ведаеце? Яніна, прабачце, калі падаўся вам такім, не крыўдуйце. Калі вы мне паможаце адшукаць дарогу на Камень, буду вам вельмі ўдзячны і не буду крыўдзіць сваімі прыставаннямі. Заблудзіўся я, і ўва мне гаворыць толькі радасць сустрэчы з жывым чалавекам. Яніна, вы мне скажыце пра дарогу...

— Скажу, але трошкі пасля. А што вы ў лесе робіце? Адзін, са стрэльбай. А за ўсе гады, што вы ходзіце, ніводнага разу так і не стрэлілі. Хто вы — паляўнічы, рыбак, грыбнік?

— Гэтага я і сам не ведаю. Проста люблю гуляць ці блукаць па асеннім лесе.

— Блукаць? Навошта? Для чаго?

Клімовіч не заўважыў, як сонца над галавой схавалі хмары і на лугавіне неўпрыкмет нарадзіўся слабы прыцемак, як сонечнае зацьменне...

Дождж ліў ужо не як з бочкі, як усё роўна прарвалася неба — за крок не было нічога бачна. Шкадаваў, што не папытаўся, з якой вёскі была купрынаўская Алеся-Янінка, пэўна, такой прыгажуні не стрэць нідзе ў свеце... А потым жа і апамятаўся — а калі і сказала б, а калі і прызналася б, то хіба магло што змяніцца ў яго становішчы?

3...

Янінка, Яніна...

З вялікага кахання не атрымалася вялікага шчасця. «Каханая, як цяжка без цябе...» Як хто сурочыў, як хто пазайздросціў. Не склеілася, не звязалася...

І хто быў у тым вінаваты, ніхто адказаць не мог.

Ды і не вінавацілі абое нікога, наракалі толькі на сябе, на свой характар ды на абставіны, у якія кідаў іх жыццёвы віхор...

Нехта ўкраў іх шчасце. Падгледзеў і ўкраў.

Як некалі нехта ўкраў у яго агульны сшытак з чорнымі вокладкамі.

Ішоў Тонік з лесу, арэхаў поўныя кішэні набіў ды і за пазуху яшчэ напіхаў — ішоў як Барабек пузаты і малы. Трэскаў спелыя арэхі, даставаў сырыя сакаўныя зярняты, са смакам жаваў.

Насустрач крочыў вайсковец. Убачыў хлапчука з арэхамі, запыніў. Захацелася і самому пакаштаваць.

— Слухай, хлопчык, — нахіліўся ён над Тонікам, глядзеў зверху ўніз на яго — быў ростам вышэй двух метраў, — грошай у мяне няма, а арэхаў хочацца. Вазьмі вось харошы новы сшытак — тоўсты, старонкі лашчоныя, у клетачку. Вершы пісаць будзеш ці дзённік свайго жыцця весці. Некалі, праз шмат гадоў і мяне ўспомніш, — салдат дастаў з рэчмяшка абяцаны сшытак і падаў хлапчуку.