Хоць і была ў Антона куртка, але вымак ён да рубчыка. Яго пачала ўжо біць дрыготка — зуб на зуб не пападаў, а дажджу, здавалася, не было канца. Жыхала маланка, канцом зыркай пугі даставала да зямлі — каля самых ног Клімовіча кранулася долу, аж зямля засычэла і счарнела кругам...
У макрэчнай цемрадзі падалося, што нехта прайшоў непадалёк ад яго — у кроках пяці, сагнуты, з капюшонам на галаве, але неяк прасунуўся, бы манекен, не мяняючы паставы. Цяпер Антон пагукаць не асмеліўся, падумаў: «Хай ідзе сваёй дарогай...» Следам, ростам ужо большы, праплыў яшчэ нехта — і зноў Тонік не зачапіў здань, маўчаў, безуважна гледзячы ў суцэльную ліўневую сцяну.
І трэці, яшчэ вышэйшы, пракалываўся, цяжка дыхаючы і стогнучы, усё ў той жа бок.
Клімовіч маўчаў. Безуважна праводзіў позіркам невядомыя істоты: ведаў ужо, як паводзіць сябе. Галоўнае — не кінуцца ў паніку, не нагнаць на самога сябе страху.
Потым пачуліся рогат і грымоты, а яшчэ пазней данесліся плач немаўляці і скуголенне савы. Прабіваліся дзятлава музыка на вершаліне сасны і крык парадзіхі...
Жудасна было чуць такое і назіраць за зданямі.
Не зварухнуўся Клімовіч, не ўздрыгнуў ад жудасных гукаў, здушыў у сабе боязь і страх і не баяўся цяпер ні пачвар, ні ведзьмакоў, ні лесавікоў...
Выратаванне было, пераканаўся ўжо, у спакойнасці і разважлівасці.
Адно непакоіла — даймаў холад.
Ён прымружыў вочы, уявіў сябе ў іншых абставінах — на беразе Прыпяці ў спякотны дзень, твар лашчыць сонца, а спіну сагравае гарачы пясок. І тут жа адчуў, як да лба дакрануліся цёплыя промні — аднекуль жа яны струменіліся, хаця ж ведаў, што ўсё неба было ў чорна-алавяных аблоках і сонца не магло прабіцца скрозь іх. Але ўсё роўна не расплюшчваў вачэй, як баяўся спалохаць тое чароўнае імгненне, зноў падпарадкоўваўся таму пачуццю, што набыў за дзень, — як ведаў, што будзе аддзячаны за разважлівасць і абачлівасць.
Цяпло перакінулася ўжо да пераносіцы, потым падступіла да шчок. Гарачымі сталі вушы, патыліца, і па ўсім ужо целе разлілася цеплыня — запульсавала роўнымі штуршкамі кроў, ударыла ў скроні.
І яшчэ не расплюшчваў вачэй, як чакаў яшчэ нейкага цуду ці адкрыцця, а якога, і сам не ведаў, не здагадваўся. За дзень у яго адбылося столькі дзівосаў, што ён і здзіўляцца перастаў.
Нехта злёгку штурхануў яго пад бок, як сядно хацеў вывесці з задумення.
І тады ён расплюшчыў вочы і з усіх сіл стараўся не выказваць здзіўлення: на лугавіну зырка свяціла сонца.
На небе не было ніводнай хмурынкі — нават і дажджавых кропель на высахлай траве не значылася.
«Дык што ж тады ўсё-ткі гэта было? — хацеў здзівіцца Антон, але тут жа і прытушыў сваё здзіўленне, сам сабе адказаў, як супакоіў: «Анічога не было. Прыродная з'ява...»
Ён скінуў з сябе дажджавік, каб прасушыць на сонцы, але на ім і знаку ад дажджу не было. Згарнуў яго, паклаў у рэчавы мяшок.
Што яшчэ кінулася ў вочы — перамяніўся пейзаж. Замест дубоў стаялі нейкія іншыя дрэвы — ці не вольхі. І былі яны высачэзныя, у дзесяткі разоў большыя, што бачыў да гэтага. Дубовая калода, на якой адпачываў, зусім знікла — як і не было яе на лугавіне.
А калі выбраўся ў дарогу, напачатку разгубіўся — перад ім замест адной дарогі, на якую паказала Яніна, было аж некалькі — і ўсе яны разыходзіліся, беручы пачатак ад высокай алешыны, у розныя бакі, як промні сонца. І не было сярод іх галоўнай, бальшака, — усе аднолькава стаптаныя нечымі нагамі, і былі яны ўсяго сцежкамі-сцяжынкамі...
Атрымлівалася ж як на малюнку Васняцова — улева пойдзеш, там пагібель чакае, направа — долю сваю згубіш...
«Дык па якой ты раіла ісці, Яніна? — звярнуўся думкава Клімовіч да дзяўчыны. — Ці ўсё роўна ісці па якой — усе галоўныя?..»
Ніхто не адказаў — ні вецер, ні голас дзяўчыны.
І ён рашуча пашыбаваў наперад, нават не выбіраючы дарогі. Рашыў так — на якую выб'ецца, па ёй і пойдзе. Але ён і так ішоў па сцяжыне, нават не пільнуючыся яе. І гэтаму не падзівіўся, ведаючы, што нічога не пераменіць, не перайначыць. Ды і навошта? Ён сам сабе ўжо не належаў, а падпаў пад чыюсьці ўладу, і той, нехта, кіраваў яго думкамі, жаданнямі, а можа, нават і лёсам...
З кожным крокам сцяжына раздавалася ўшыркі. Спачатку паказаліся сляды ад калёс, і між імі значыліся конскія капыты з узорамі падковы, карычневыя кучы круглякоў. Потым, праз сотню крокаў, дарога яшчэ больш пашырылася, і ён ужо крочыў па правай машыннай каляіне — выразна бачыліся рабрыстыя карункі ад колаў магутных «МАЗаў». Дзесьці наперадзе, далекавата яшчэ, пачуўся брэх сабак (мо ўжо і Камень?), затрымцела радасна сэрца, што вось так хутка і проста выйшаў на вёску, што хутка знікнуць яго хваляванні і трывогі, праясніцца незразумелае становішча і стан...