Льга было пазнаць і тую дарогу, па якой выбраўся ранічкай, і той масток праз Броньку, на якім некалі з Чэрчылем адпачываў і пераабуваўся — нацёр тады надта ногі, і там жа, пад пакручастай бярозай, біла крынічка з-пад зямлі... А вунь і крыж драўляны перад вёскай, абвешаны вышытымі ручнікамі клапатлівых гаспадынь...
Але (дзіва!) чым больш у ім мацнелі радасць і пачуццё, што ён вызваляўся з нябачнага і незразумелага чыйгосьці палону і ўлады, тым хутчэй пачала звужацца перад ім дарога. Машынная каляіна стала дзвюма палоскамі ад колаў вазоў, а потым і яны зніклі, і ён ужо валюхаў па добра ўтаптанай сцяжыне, што пралягла выспай праз узболатак; абапал сцежкі хісталіся качалкі рагозу. Далей ад сцежкі маўкліва стаялі яшчэ з зялёным лісцем роўныя алешыны. І яму ўжо нельга было ступіць ні ўправа, ні ўлева. Толькі — назад. А назад, туды, дзе ён быў да гэтага, вельмі ж не хацелася...
Клімовіч страху не адчуваў, і тое яго ратавала. Сам не ведаў, чаму гэтым кіраваўся, але перакананы быў, што ратаваўся.
Потым ён зразумеў сваю памылку, чаму не дайшоў да Каменя, — вёска ж, лічы, была перад самым носам, нават пах яе адметны пачуў... Вылузалася з рук, як уюн, выслізнула.
Памылка была ў тым, што раней часу ў ім нарадзілася радасць. Хаця, калі ўдумацца, яна ні на чым і не трымалася. Як і нічым не жывілася. Таму і сапсавалася ўсё нечакана, згасла. Нездарма ж прашчуры прыдумалі прымаўку: «Не кажы гоп, пакуль не пераскочыў...»
Пашкадаваў, што праявіў сваю нявытрымку. Няўсцерп, бач, яму стала. «Уж замуж невтерпеж...» І да гэтага яна, мачыха-нявытрымка, падводзіла не раз, але, як ні дзіўна, нічому не навучыўся — паўтараў свае памылкі зноў і зноў. Як усё роўна выпрабоўваў сябе на трываласць.
І, здаецца, не шкадаваў пра тое...
Нешта пракрычала сойка ў вершалінах алешыны — як папярэджвала. Пра што яна магла папярэдзіць? Нават калі і сказала б пра нейкую бяду чалавечым голасам, то ён не абмінуў бы яе, не пазбегнуў бы свайго лёсу...
Дарогу-сцежку пераразаў вірлівы ручай. Напорыста гнаў чыстую ваду на схіл, быццам недзе справа, у кустоўі, біла порстка з зямлі крыніца. Ён нахіліўся, памыў рукі, выцер твар. Зірнуў на сонца — яно гэтак жа вісела над галавой, было ў зеніце.
«Ці бывае ў гэтым царстве калі-небудзь ноч? — абыякава спытаў у самога сябе, не надаючы нейкай асаблівай увагі і значнасці свайму пытанню. І каб нічога лядайкага не падумаў пра яго Ён, той нябачны, здаецца, ж і нязлы, але што Вялікі Жартаўнік, дык тое дакладна, згладзіў сваё пытанне і сам жа сабе адказаў: «А навошта табе ноч? Хіба кепска — жыць толькі днём? То ж і спаць не трэба. Бо колькі доўгіх гадоў у чалавека на сон траціцца — страх!..»
Дарога яшчэ больш звузілася...
Сцежка пралягала праз балота. Абапал яе рос бабоўнік, рагоз, а дзе калюжыны, лапушыста ляжалі зялёныя аладкі лотацяў. Нават цвілі белыя лілеі. Узабраўшыся на іх, пераклікаліся, раздуваючы белыя капшукі на шыі, жабы.
Патыхала гніллю, церпкай затхласцю і атрутнымі газамі.
«Жабы ў кастрычніку? — спытаў і тут жа спахапіўся Антон. — Ну і што, што ў кастрычніку? Так трэба, у прыродзе ўсё можа быць...»
Сцежка ледзь-ледзь стала шырэйшай.
А як яе расшырыць можна было да ранейшай дарогі, Клімовіч не ведаў, хаця разумеў, што здольны тое зрабіць.
Наперадзе былі ўжо кладкі. Праклаў нехта іх праз усё балота. Патыхала смярдзючай тванню, багнай, уюнамі і хмелем. Аднекуль з нетрыскаў дрыгвы вылузвалася наверх паветра і ўспучвалася гулкімі чырвонымі бурбалкамі, — тады яшчэ больш смярдзючым рабілася паветра, не прадыхнуць...
Тонік адчуў, як пачала кружыцца галава, і, каб не ўпасці, заспяшаўся на кладкі.
На пачатку кладак тырчэў тоўсты арэхавы кій.
Клімовіч ухапіўся за яго, каб падтрымаць сябе, калі захістаюцца бёрны ці закружыцца галава, бо калі, не давядзі Божа, ён зваліцца і пападзе ў абдымкі Балотнага Цара, то яму ўжо ніхто, мусіць, не паможа.
Кій быў сухі, лёгкі, мо і занадта лёгкі. І не ўгадаць, быў ён высечаны летась ці залетась, а мо і ўсе сто год назад. Як і лагі, па якіх ступаў, якія былі і не сёлетнія, і не леташнія — вятры і дажджы зраўнялі час, спынілі яго на адным месцы...
Лагаў было дзве, і кладкі аднолькавай таўшчыні і шырыні. Счасаныя зверху, каб зручна было ступаць. І было пакладзена некалькі прагонаў — ці не з пяць. На трэцім прагоне ён нечакана пахіснуўся, хаця ж ногі цвёрда і ўпэўнена ступалі па кладках. Абапёрся на кій, а ён мякка пайшоў углыбіню і не знайшоў нідзе апірышча.