Выбрать главу

І Антон здагадаўся ўпасці на калена, каб не паляцець у смярдзючую багну, у якой пухкалі бурбалкі і кішэла процьма жукоў і, здаецца, вужоў. Ён толькі цяпер прыгледзеўся і здрыгануўся — вужы поўзалі адзін па адным, як дурэлі, і атрымлівалі асалоду ад балотнага жыцця. Над імі лёталі машкара і камарэча, розныя кузуркі сядзелі на лотацях — чым не жыццё? Рай... Вужыны рай, вужынае царства...

«Недзе ж з імі і Вужыны цар жыве, — падумаў разважліва Клімовіч, — тут у іх сваё жыццё...»

Яны на яго не звярталі ніякай увагі, не баяліся, не палохаліся, не ўцякалі, але і не імкнуліся да яго. Ён як і не існаваў для іх...

Пятыя кладкі ён прайшоў без асаблівых цяжкасцей, не лічачы, калі слізганула трошкі левая нага. Але ён не страціў раўнавагі, выратавалі правая нага і кій, што не даў нахіліцца ў левы бок...

Спрэс па ўсім балоце расла асака. Пад нагамі была цубкая ўжо зямля — з прыемнасцю стаў на яе, адчуў сябе спакайней.

Сцежка вывела знячэўку да хаціны, што прытулілася глухой сцяной да высозных клёнаў — ніколі і не страчаў такіх нідзе.

«Леснічоўка? Адкуль яна? Не памятаю, каб яна стаяла, не раз, здаецца, і праходзіў тут. Ці жыве ў ёй які самотнік, збеглы ад сораму і ганьбы сваёй радзімы? А мо то прыстанішча лесавіка, а я без яго дазволу забрыў у яго ўладанні? Хто ж я буду тут — няпрошаны госць? Ці вандроўнік-паляўнічы, які збіраўся адкрыць сусвет, і збіўся з дарогі, галодны і стомлены? Ці жабрак, які ходзіць па хатах і вымольвае кавалак хлеба? Так яно ці не так, але такіх любая паляшуцкая хата сустрэне прыхільна, абагрэе і накорміць.

Што ці хто чакае мяне ў гэтай хацінцы? Вораг ці сябра?..»

Антон асцярожліва пастукаў у дзверы. Ніхто не адгукнуўся. Яшчэ грамчэй пастукаў — зноў ціха. Тады ён паспрабаваў асцярожліва прачыніць дзверы — яны тоненька піснулі і замоўклі.

— Ці ёсць хто ў гэтай хаце і ці можна зайсці стомленаму вандроўніку? — спытаў яшчэ ў сенцах Клімовіч і, не дачакаўшыся адказу, узяўся за ручкі дзвярэй ужо ў хату.

— Хто жывы ёсць у хаце? — зноў падаў голас госць, пільна ўслухоўваючыся ў цішыню хаты.

Ніхто зноў не адказаў яму.

Тое, што ў хаціне нехта жыў, было бачна адразу. Па-першае, было суха і ўтульна — як усё роўна кожны дзень палілася грубка і печ. Грубка і сапраўды была цёплая, а на прыпечку стаяў гарбатнік — быў амаль гарачы. І Клімовіч не вытрымаў — адліў у гліняны кубак кіпню, і тады па хаце паплыў травяны церпкі водар.

Гарбата настоена была на паляшуцкіх зёлках, дамешваўся сунічнік і маліннік. Глытнуўшы, госць адразу адчуў, як да яго пачалі вяртацца страчаныя сілы.

Ён скінуў з сябе ўсю амуніцыю, паклаў каля парога. Плашч павесіў каля дзвярэй на ласіныя рогі.

Скрозь па сцяне віселі высушаныя пучкі святаянніку і любісты, арнікі і дзівасілу. Там жа звісалі вязанкі баравікоў, цыбулі, стручкі перцу і карані пятрушкі.

На стале ляжалі нейкія кнігі і часопісы, газеты і канверты. Роўным стосікам высіліся талеркі — вымытыя і высушаныя. Чарніліца і ручка з пяром — у цэнтры стала. Але што найбольш здзівіла — друкавальная нямецкая машынка «Эрыка».

І не вытрымаў, заклаў аркушык паперы, надрукаваў машынальна пытанне: «Адкрыйся, таямніца! Я прыйшоў сюды з добрымі намерамі, без кепскіх думак і жаданняў. Нічым не парушу чароўнае суладдзе і дабрыню, якія сустрэліся мне тут...»

Не дзівіўся, што машынка была з беларускімі літаркамі «і» і «ў». Як хто падрыхтаваў для яго і рабочы стол, і стос паперы — сядай, спадар Клімовіч, пішы, бо ты заўсёды плакаўся, што не хапала табе часу і магчымасцей засесці за нешта значнае і вялікае, а для газеты страчыў толькі тое, што ад цябе патрабавалі... Ніколі ты не належаў сам сабе. І рабіў усё тое, што праціўна было тваёй натуры...

«Хто, які добры Чалавек загнаў мяне сюды, а мо і сам Бог стварыў такую выдатную магчымасць пасядзець, па-разважаць...»

Столькі герояў і сюжэтаў сядзела ў яго галаве, столькі жыццёвых сітуацый, трагедый і шчаслівых імгненняў! На цэлыя аповесці і раманы, а рэалізаваць усё тое не мог — адбіралі час клопаты быту, неўладкаванасць, жабрацкае існаванне і штодзённая барацьба за выжыванне; працаваў за капейкі, якіх хапала толькі на тое, каб пражыць ад зарплаты да зарплаты — і то не заўсёды...

Хто ж тут жыве? Хто? Адгукніся!

Беларускі пісьменнік, што адгарадзіўся ад усяго свету і зашыўся сюды, каб тварыць свае геніяльныя творы? Але для каго ён тварыў, адарваўшыся ад плыні жыцця? Хто чытачы ў яго? Птушкі і дрэвы? Неба і сонца? Айчына ў небяспецы, сатана правіць баль, лепшыя пёры цяпер на перадавой, на літаратурных барыкадах, ірвуць сэрцы на іншае, не на творчасць. І ў кожнага балючая думка, як уратаваць Бацькаўшчыну, не аддаць яе на здзекі чужынцу. Бо колькі ўжо можна быць пад прыгонам і ў сваёй Айчыне адчуваць сябе эмігрантам, як той казаў — апазіцыяй?..