Выбрать главу

Тут жа, пры сцяне, стаяў драўляны ложак, засцелены прасцірадлам, падушка, запасныя коўдры на табурэціку. У кутку, на паліцах самаробнае шафкі, ляжалі стосікам прасціны, стаялі гладышы, вазы, кубкі, стос нейкіх кніг, скорасшывальнікі з нейкімі дакументамі ці запісамі... Чалавек, што тут жыў, быў, мусіць, педантам і апантаным творцам...

«А дзе ж ён падзеўся? Пайшоў на паляванне? Хутка вернецца? Калі ж не вернецца, то я з дазволу Ўсявышняга пазнаёмлюся з яго паперамі... Можа, мне тут прыйдзецца прабыць шмат часу — у палоне Дабрыні можна быць і вечна... А цяпер — спаць, спаць і спаць...»

Боты пакінуў там жа, ля парога, стрэльбу прыткнуў за спінкай ложка — каля галавы, і толькі тады лёг на ложак.

Адразу ж, як толькі прымружыў ацяжэлыя павекі, да яго падкраўся глыбокі і моцны сон.

Тады ж яго ахутала супакаенне, якога ён, здаецца, ніколі не адчуваў за сваё жыццё.

4...

Сонца не краталася са свайго месца.

Мо яно заблудзілася і таму не ведала, у які бок павярнуць далей свой шлях, як і не ведала, ці то зрабіць зыход дня ці пачатак яго. Ніхто, здаецца, не ведаў, чаму так здарылася, як і не ведалі, хто быў у тым вінаваты.

Так і Антон заблудзіўся і таму не знаходзіў выйсця, таксама не ведаў — ці то поўдзень у яго жыцці, ці жыў ён на зыходзе таго ж дня...

Зоркі не ведалі, чаму іх днём не відаць з зямлі.

Млечны Шлях страціў сваю значымасць і перастаў указваць арыенцір нябесным валацугам.

Здавалася, нябесны шар перастаў круціцца па сваёй арбіце і таму затаіўся ў чаканні невядома якой каманды.

Стрэлкі гадзінніка забыліся, у які яны бок круцяцца і ці правільна паказваюць час.

Бо касмічны і зямны час адначасова спыніліся...

У пекле засумняваліся, ці сапраўды ўсё адпавядала сапраўднасці.

У раі таксама не ведалі, ці рай ёсць сапраўды той рай, які тысячагоддзямі апраўдваў сваю назву і прызначэнне. І мільярды чалавечых душ імкнуліся купіць ці набыць у гэтую запаветную Краіну квіток, з-за чаго ахвяравалі сваімі прынцыпамі і звычкамі, адмаўляліся ад процьмы салодкіх імгненняў і спакус, што прыдумала чалавецтва. Без чаго не маглі жыць мільёны і мільёны людзей...

А ці можа быць Рай у Пекле?

А ці можа існаваць Пекла ў Раі?

Ці ёсць ён — Пякельны Рай?!

Хто адкажа на гэтыя пытанні? І ці ёсць яны, увогуле, адказы?..

Хто пра тое ведае?..

Спаў Тонік невядома колькі гадзін, а можа, і сутак.

Бо нельга было вымераць час і даведацца пра яго дакладнасць. Гадзіннік даўно адмовіўся адлічваць секунды, а сонца заснула ў зеніце, не рухалася...

У яго ад перасыпу балела галава. Але ў душы адчуваліся лёгкасць і жаданне паляжаць яшчэ які час у ложку, асэнсаваць пражыты ў хаце час...

Што з ім здарылася? Выбраўся ў лес, у невялічкую вандроўку, а вярнуцца назад ніяк не можа. Цяпер жа ён не можа з упэўненасцю сказаць, ці хацеў ён сапраўды таго...

Можа, і вярнуўся б, ды перашкодзілі, сапсавалі ўсё страх і заўчасная радасць. Тое ён добра зразумеў і асэнсаваў. Калі яшчэ не прапала жаданне вярнуцца дахаты.

Страўнік напомніў пра сябе, што ён пусты. Смактала пад грудзьмі, і ад голаду стала млосна.

У рэчавым мяшку ён адшукаў загорнутыя ў ручнік сала і паўбохана хлеба, некалькі цыбулін, вараныя яйкі. Нездарма ж Насця прымусіла захапіць у дарогу, хоць і на некалькі гадзін збіраўся на тую пагулянку.

«Збіраешся ў дарогу на дзень, а яды бяры заўсёды на некалькі сутак», — гаварыла гаспадыня, і так мовяць заўсёды палешукі.

Добра, што паслухаўся, а думаў жа...

Голад утаймаваў хутка. Напіўся гарбаты з таго ж эмаліраванага гарбатніка. І адчуў сябе наетым і задаволеным. Уявіў яшчэ і вязнем, які задаволены сваім жыццём. Успомнілася нечая прытча: «Раб, які не адчувае сябе рабом, тройчы раб...» Тут жа і папракнуў сябе за папрок — недзе і нехта чытае яго думкі, яго незадаволенасць, яго іранічнасць — усё тое толькі адцягвае на невядомы тэрмін час яго выбаўлення з няволі, ну, няхай не з няволі, а з раю...

Выбаўленне з раю?..

Захацелася перабраць газеты і часопісы, што ляжалі на стале. Цікава, што тут за чалавек такі жыў, што так доўга не аб'яўляўся? Што ён чытае, чым жыве? Газет такіх там, у сябе, ён і не бачыў. «Вольная Беларусь», «Ліцвінія», «Пекла і рай», «Мы — не рабы».

Былі тут і знаёмыя — «Свабода», «Пагоня», «Спадчына», «Полымя адраджэння»... Былі газеты і на незразумелай мове. Як ні ўчытваўся ў выхадныя дадзеныя, каб даведацца, хто іх друкаваў і дзе, дакапацца да адраса не мог... Ці то адукацыі не хапіла, ці адмысловая мова была ў газет...