Выбрать главу

Аднойчы сустрэў мяне дырэктар прафтэхвучылішча геалогіі, хмыкнуў, разумеючы:

— Што ты там на паўсагнутых ходзіш... І спіну не гнеш, а прыгнечаны. Ідзі да мяне ў намеснікі — сур'ёзнай справай займайся, выхоўвай маладое пакаленне. І зарплата большая, і вольны чалавек будзеш — пішы, што душа патрабуе.

Пераходу майму не пярэчылі. Здалося мне, і рады былі такому рашэнню.

Вучылішча рыхтавала бурыльшчыкаў, якія працавалі не толькі ў Беларусі, а і ў Цюмені, Іраку, Індыі, Танзаніі... Не ўтрымаўся, напісаў пра хлопцаў-выпускнікоў, якія шукалі на Палессі нафту. Так і назваў нарыс — «На далёкай буравой». Адаслаў у маладзёжную газету — і адбылося дзіва: праз тыдзень убачыў яго — далі на ўвесь разварот. Мастак прыгожа намаляваў клішэ...

Нечакана нарыс у конкурсе заняў прызавое месца. А калі паехаў у сталіцу на курсы ўдасканальвання намеснікаў дырэктараў, зайшоў да рэдактара. Той павіншаваў мяне з творчай удачай і тут жа прапанаваў:

— Ідзі да нас уласным. Па палескім «кусце». Акурат месца пустуе...

Я, канечне ж, даў згоду.

Дырэктар, добрая душа, праводзячы мяне з вучылішча, чамаданчык усырычыў. З «Эрыкай» — нямецкай машынкай. Такога падарунка я і не чакаў. Лічу, што самы дарагі падарунак.

Напісанае ад рукі ў рэдакцыі праглядаў супрацоўнік аддзела, потым загадчык, нешта крэслілі, папраўлялі. А потым аддавалі на машынку. Тады пачала мне памагаць «Эрыка» — я перадрукоўваў напісанае ад рукі, каб ім там, у рэдакцыі, было прасцей з маімі старонкамі. Але з цягам часу падумалася: я ж раблю двайную работу. А ці нельга адразу — на машынку. З блакнота... Доўга не мог прызвычаіцца: аказваецца, гэта рабіць было нялёгка... Не клаўся радок так, як пад пяром... Разрыў нейкі існаваў. Мо з паўгода я так пакутаваў. Але ж пераламаў сябе.

Такім чынам я развучыўся пісаць самапіскай. І яны ляжалі ў мяне як музейныя экспанаты, напамінаючы пра першую страту, пра радасць дакранання залатога пяра да паперы... Як пра першае каханне, якое я згубіў, якое прынесла мне шмат творчых пакут, але не шчасце...

5...

Камсамольскі сход, як і намячалі, пачаўся з пачаткам урокаў пасля перапынку. Дырэктар школы пазнаёміла мяне з класным кіраўніком — жанчынай у строгім касцюме, у гадах, невысокага росту. Галіна Эдуардаўна абыякава аднеслася да майго прыходу.

— Добра, пасядзіце. Толькі ці знойдзеце вы што цікавае для сябе. Звычайны клас, звычайныя дзяўчаты і юнакі, са сваімі схільнасцямі і недахопамі...

— А я і не шукаю нешта незвычайнае.

Гаварылі завучанымі і сцёртымі сказамі, нуднымі і сухімі, ніводнае слова не кранала душу — як маю, так і іх. Як адбывалі пакаранне. Прымусова. Выпускны ж клас — ніякіх зрываў ці выбухаў быць не магло.

А мне ўспомнілася чамусьці, як я ездзіў не так даўно ў Жыткавічы і мяне запрасілі баптысты на сваё маленне. Юнак, трымаючы ў руцэ Евангелле, не заглядаючы ў яго, пяцьдзесят пяць хвілін пераказваў раздзелы з яго, як не трэба садзіць плевелы ў зямлю разам са здаровым насеннем. На маленні, я ведаў, было чалавек з дваццаць з мясцовага прафтэхвучылішча. Ніводнага разу юнак не спатыкнуўся, а гаварыў так пераканаўча і натхнёна, што яму можна было верыць. Яй-богу, было б мне гадоў з восем, слухаючы яго словы, абавязкова стаў бы веруючым. Тады падумаў: вось бы нашым камсамольскім важакам такую перакананасць і ўпэўненасць! Не было яе. Не закладзена проста было ў душы камсамольцаў. Колькі і быў на сходах потым, дык ніводнага разу не пачуў, каб хоць адзін гаварыў разумна і пераканаўча. У ідэалогіі не было глебы, не было праўды, не было будучага. Смешна, але калі хто гаварыў, дык і саромеўся гаварыць, бо і сам не верыў у свае словы...

Я ж напісаў пра баптыстаў так, як і пісалі тады пад рубрыкай «У павуцінні рэлігіі». Шкадую, што так напісаў адзіны артыкул на такую тэму. Хаця ж і пісаў з сумненнем, бо і людзі спадабаліся, песні іх спадабаліся, ведаў, што ніхто з іх не піў і не курыў, не мацюкаўся, але матэрыял павярнуў так, што абвінаваціў маладых у памылковасці іх ідэалаў і жыцця... Паралельна ж пісалася нешта іншае. Я спрабаваў разабрацца з другога боку ў іх жыцці і веры. Хаця ведаў, што тое, другое, не надрукуюць...

Сход доўга і не цягнуўся — трошкі больш за гадзіну. Нічога не рашылі, ні пра што не дамовіліся... Прабалабонілі ўпустую і самі ведалі пра тое. Але ж ведалі і другое — мерапрыемства правялі.

Калі ж зноў ішоў да дырэктара школы, у калідоры заўважыў аб'яву пра другі камсамольскі сход — з персанальнай справай.