— Дзякую. Я не буду спяшацца дадому.
— У цябе, я ведаю, процьма пытанняў. Але пакуль што толькі адно ты можаш высветліць у мяне.
— Што азначае — Галоўная Хата?
— Ты знаходзішся ва ўнікальным Сховішчы Сусветных Скарбаў. У Хаце сабраны культурныя каштоўнасці з усяго свету. Кожная чалавечая душа зарэгістравана, і пра яе можна даведацца са Святой Кнігі. Ты можаш прачытаць любую кнігу на любой мове свету. Для гэтага дастаткова яе ўзяць у рукі. Тут кнігі ўсіх стагоддзяў, усіх краін і народаў. Выдадзеныя і нават не выдадзеныя, якія будуць некалі чытаць — праз пяць, сто і тысячу гадоў...
— Дзі... Зразумеў. Дзякую! Хачу азнаёміцца з гэтым багаццем.
— Калі спатрэблюся, можаш мяне заўсёды знайсці — націсні толькі кропачку зялёнага колеру. А цяпер — да сустрэчы! Поспехаў табе! Па ўсіх тэхнічных пытаннях звяртайся да гіда — ён ад цябе злева. З кампутарамі ты меў справу, так што ўсё ў тваіх руках...
Да Тоніка прыйшло сапраўднае супакаенне. Прайшлі ўзрушанасць і здзіўленне, якім ён заўсёды не даваў вырвацца на волю, знікла душэўная дрыготка і недаўменне, ён стаў самім сабой.
Ён усміхнуўся. Рашыў проста пасядзець у мяккім крэсле, прыйсці да канчатковай раўнавагі. Сеў, расслабіўся, раскінуў ушыркі рукі. Прымружыў вочы. Ні пра што не думаў.
Паплыў па цячэнні бяздумнасці, бязважкасці і абыякавасці — збіраўся з сіламі...
Пра сябе адзначыў, што ў сваім жыцці ён яшчэ раз перамог самога сябе. Цярпеннем перамог. І падняўся яшчэ на адну прыступку. Да чаго? Сам не здагадваўся. Да самаўдасканальвання? А якога? І што гэта такое — удасканальванне?
Прывядзенне ў належны стан сваёй душы? Ці прафесіі? Ці пражыцця ў суладдзі з Богам, з яго запаветамі?..
Мільёны пытанняў — і ніводнага адказу.
Біблія... Першая Біблія ў свеце і — «Біблія» Францішка Скарыны. Ці ёсць яны ў сховішчы?
Націснуў на кнопку «Задавайце пытанне». Успыхнуў вялікі экран — мо метраў трыццаць вышыні.
— Ці можна паглядзець арыгінал першай у свеце Бібліі?
На табло загарэўся адказ: «1-1-1-1-1».
— Не разумею, што азначаюць лічбы.
Срэбрам засвяціліся словы: «Гэтыя рукапісы знаходзяцца за дзвярыма № 1, у першым радзе, на першай паліцы, у першым адсеку, па ліку — першая...»
Клімовіч кіўнуў галавой.
Ён выдыхнуў з сябе паветра, настроіўся на хвалю творчага спасціжэння. Адчуў знаёмы сверб душы — «Не дазваляй ніколі душы ленавацца», крутануў галавой, як бык, што выходзіў на карыду, падняўся з крэсла і пайшоў да дзвярэй — першыя ад уваходных. Не памыліўся — на дзвярах таблічка высвечвала нумар, смела адчыніў іх.
Калі ж зайшоў, з'явілася адчуванне, што ў памяшканні ён не першы раз, што яму тут усё знаёмае і вядомае...
Парог пераступіў смела і ўпэўнена.
У твар ударыла свежая прахалода, патыхала здаровым і жывым пахам. Не цвіллю і сырасцю, як у стандартных савецкіх жабрацкіх бібліятэках і музеях, а водарам, без пылоты і смецця... Хто ж тут прыбіраў, хто мыў і чысціў, сартаваў, ставіў на паліцы кнігі і класіфікаваў, падбіраў і заносіў у картатэку?..
Клімовіч не задаваў нікому пытанняў, ён проста дзівіўся гіганцкай рабоце, хаця не сустрэў ніводнага тут чалавека, жывой істоты, нават робата.
Без цяжкасцей ён адшукаў першы рад, першую паліцу і першы адсек. Біблія стаяла першай. З хваляваннем узяў у рукі Кнігу Кніг. Адчуў яднанне з Богам. Да яго лба дакранулася длань Усявышняга Творцы...
Клімовіч ведаў, што Кніга Бога знаходзіцца ў Ерусаліме. Але ж яна была і тут. Якая з іх — арыгінал? Ці то Боскі цуд — адна і тая ж кніга магла знаходзіцца ў двух месцах? Пэўна ж, так...
«І прасвятлее розум у таго, хто імкнецца да Святла. І памутнее ён у таго, хто лянуецца і не звяртаецца да мяне, не звярае сваё жыццё з маім. Я раздзяліў жыццё душы на Пекла і Рай. Ніколі не знойдзеце раю ў пекле, але хто шукае прывідны рай на зямлі, знойдзе сабе пекла, бо толькі сатана можа паддурыць народы, аплесці іх розум чорнай павучынай, прымусіць адмовіцца ад Запаветаў...»
Антона аж здрыганула ад гэтых радкоў. То ж пра такіх, як ён, бязбожнікаў, якія верылі ў светлы рай на зямлі, у камунізм, які бачыўся так блізка і яскрава, і які ніхто ніколі і ні пры якіх абставінах не мог пабудаваць. Як і тую Вавілонскую вежу...
Праз нейкі час ён паставіў Кнігу Кніг на сваё месца.
Непадалёк, у тым жа радзе, была і скарынаўская «Біблія», хаця, ведаў Клімовіч, яна знаходзілася ў Дзяржаўнай бібліятэцы, якая насіла імя таго ж сатаны, які паддурыў людзей і хацеў адлучыць іх ад Бога...
На паліцах былі сабраны ўсе Бібліі свету. А на сценах былі прымацаваны карціны з біблейскімі сюжэтамі пэндзляў Шнора і Дарэ, Ван Дэйка і Скарыны, Эмстэда і Бэнэ, Ліліена і Рубенса — усіх і не злічыць, бо кожная краіна дала свету сваіх геніяў, кожны з іх уславіў Бога, і Бог праславіў іх...