Выбрать главу

Перахрысціўся тройчы Антон на ўсе бессмяротныя кнігі. Ён навучыўся маліцца тут, каля кніг. Хаця даўно паверыў у Бога, і Бог дараваў яму яго невуцтва і дзікунства... Але, ведаў Клімовіч, яму яшчэ ісці і ісці да Бога, яшчэ доўга вырываць і выкарчоўваць з сябе асцюкі заразы і бацылаў, што ўшпырылі яму ў школе, затуманілі мазгі, пазбаўлялі волі, адбіралі і забаранялі імкненне да Божага бласлаўлення... І ён выправіўся ў гэтую нялёгкую дарогу, верыў, што пераадолее любыя цяжкасці, што выпадуць на яго долю...

Стомленым, але задаволеным ён вярнуўся ў круглы пакой. Нават забыўся пра дзверы Вяртання, бо цікаўнасць да невядомых ісцін узяла верх, і ён з гэтым ужо не мог нічога парабіць. З памяці не сцерлася жаданне вярнуцца дадому. Яно, жаданне, драмала ў мільярдных адсеках і ячэйках, але не прачнулася яшчэ памяць, яна драмала і чакала свайго часу... Чакала таго імгнення, калі мозг Антона запоўніцца ведамі, вопытам, мудрасцю, што выпрацавала чалавецтва за тысячагоддзі і якія не магло ўзяць наступнае пакаленне, што прыходзіла на змену — з-за ляноты сваёй не магло, уяўнай і памылковай задаволенасці...

Тонік адчуў сябе малым дзіцёнкам, якога ўкінулі ў пакой, дзе было шмат дарослых цацак. Яго згаладалы мозг, быццам лёгкі паралон, напітваўся з кожным імгненнем тымі сусветнымі здабыткамі, што накапіліся на Зямлі і ў Сусвеце...

«Божа, дзякуй, што Ты ёсць, што паклікаў мяне сюды. Каб даказаць ёлупню і неразумнаму стварэнню, што мы на зямлі нічога не значым, бо нічому не навучыліся, не зразумелі, чаго прыйшлі на гэты белы Свет, ад каго залежым, хто даў нам Сілу і Розум...

Даруй, што позна прыйшоў да Цябе...

Цяпер я іншы. Цяпер я буду ведаць, дзеля чаго трэба жыць. І — як жыць. І — колькі жыць.

Я яшчэ слабы розумам, шмат чаго яшчэ не петру, але з усіх сіл буду імкнуцца ісці да Цябе... Дай толькі мне сілы. Кожны дзень, пражыты на зямлі, я хачу прысвяціць Табе...»

Калі ж мінула першае ўзрушанне, калі кроў зноў спакойна і раўнамерна пабегла праз сэрца, ён зноў падступіўся да кнопак чароўнай машыны. Паслаў у Сусвет пытанне:

— Якія віды мастацтва знаходзяцца ў Сховішчы?

Экран засвяціўся жоўтым колерам, потым успыхнуў блакітам. На ім ішоў пералік асноўных скарбаў, што былі схаваны ў нетрысках унікальнай установы.

Тонік выгукнуў нешта невыразнае, падобнае на здзіўленне ці ўзрушэнне. У яго няйнакш адняло мову. У тое цяжка было паверыць. У Хаце былі сабраны творы ўсіх мастакоў свету — вядомых і невядомых, прызнаных і непрызнаных. Бо ўсе яны адзначаны перстам Творцы. Аб'ектыў Сонца і Месяца засведчыў усё, што адбывалася за тысячагоддзі з кожным чалавекам, з кожнай жывой істотай.

У відэатэцы былі хранікальныя кадры ўкрыжавання Ісуса Хрыста (а атэісты сцвярджалі, што таго ніхто ніколі не бачыў), яго Ўваскрашэнне, кадры пра Настрадамуса, пра Сусветны патоп, пра...

Не было складанасці даведацца пра загадкавыя смерці князёў Вялікага Княства Літоўскага, пра лёс кожнага караля Рэчы Паспалітай. Ды пра ўсіх-усіх людзей. Памяць засведчыла апошні ўздых, апошні ўдар сэрца, прасачыла, дзе знаходзіцца яго душа, у каго перасялілася пазней...

«Спакайней, спадар Антон, спакайней... А то страціш розум ад перанагрузкі думак, — супакойваў сам сябе Клімовіч, з усіх сіл аберагаў сябе ад уздзеяння аграмаднага грузу інфармацыі, што накапіла Памяць. Не, гэта не Сховішча, не Музей, гэта... Такога і слова падабраць немагчыма, такога вызначэння яшчэ не было на ўсім зямным шары. Мо і ў Сусвеце. Не ішла нават ні ў якае параўнанне Каралеўская бібліятэка ў Вялікабрытаніі, Нацыянальная ў ЗША... — Спакайней, Антон, спакайней. Паберажы свае эмоцыі...»

Ён задумаўся, нахмурыў лоб, абхапіў галаву рукамі. Яго як што падымала і апускала — акурат як з тым дубам на лугавіне. То было папярэджанне? Узрушанасць не аціхала, і ён падышоў да акна.

Глядзеў на белыя вялізныя аблокі і баяўся сам сабе прызнацца, што ён нішто ў гэтым жыцці. Што яго веды, якімі ён няхай і не ганарыўся, але выкладчыкі ацанілі як выдатныя, былі на нулявой адзнацы інтэлектуальнага ўзроўню Сусвету. Яму стала прыкра і сорамна за сябе.

Цікава, што скажа Памяць Сусвету пра Крыж святой Еўфрасінні Полацкай? Дзе знаходзіцца сёння, у каго, у чыіх нячыстых руках?..

Параілі прайсці ў відэазалу «Памяць». Стаў на падлогу, і яго нейкая сіла панесла да намечанага месца. У зале было пуста, хаця стаяла некалькі соцень крэслаў — паўкругам. Дзе ж астатнія гледачы? У яго памяць урываўся напамінак пра нейкую такую ж залу, дзе ён праглядваў сюжэты з мінулага Полацкага княства... Дзе і калі тое было?