Выбрать главу

Пагасла святло, некуды знікла зала. Клімовіч апынуўся ў нейкім іншым асяроддзі — знаёмым і незнаёмым. Ён таксама апынуўся ў Полацкім княстве. Гістарычныя фільмы, што рыхтаваліся кінастудыямі, не ішлі ні ў якае параўнанне з тым жыццём, у якім ён апынуўся. Рэжысёры-пастаноўшчыкі праз сучасную інтэрпрэтацыю бачылі мінулае толькі сваім розумам і вокам. Яны і іншых прымушалі глядзець на мінуўшчыну гэтак жа, пад іх вуглом, пад іх ракурсам...

Але тое, што ўбачыла вока Клімовіча, значна рознілася ад прывычных кадраў — наіўных і недасканалых. І святая Еўфрасіння была незвычайнай прыгажосці, і мова яе рознілася ад нашай — была пявучай, мілагучнай і магутнай, як малітва да Бога, светлай, як сонейка, спакойнай, як цячэнне Дзвіны ці Прыпяці...

Еўфрасінню ніхто не іграў, яна сама была перад ім, у першапачатковай сваёй красе Прадславы, і ад праўдзівасці яе вобраза і душы нараджаўся гонар за сваю зямлю, за сваю зямлячку — пасланніцу Госпада...

Тонік быў у саборы інакам. Падаваў Еўфрасінні кнігі і чарніла. Насіў столік, за якім любіла сядзець святая, калі выходзіла на прыроду. Як радавалася сэрца хлапчука, калі бачыў яе перад сабою! Бачыў і не мог сказаць, бо не належаў самому сабе... І Еўфрасіння нічога не заўважала.

Потым буйным планам з'явіўся Крыж, які толькі што змайстраваў для Прадславы Лазар Богша. А ён, аказваецца, быў веку немаладога, падслепаваты, русявы, у даматканай прыгожай кашулі і з сінімі, як валошкі, вачамі...

Крыж напачатку ўзялі грэнадзёры царскіх войскаў. Потым быў адабраны. Кроў капала з яго — варожая і свая. Адна смерць за другой, калі хто дакранаўся да яго, то ішоў на той свет, — як зачараваны быў Крыж...

Потым, бачыў Антон, ляжаў ён на зялёным аксаміце, побач з іншымі каштоўнасцямі — дарагімі камянямі, бранзалетамі, завушніцамі, каралямі... Яго ўкралі чужыя рукі, і зіхаценне камянёў затухла. У няволі апынуўся Крыж, не на роднай зямлі, а ў захопнікаў, якія прыкідваліся сябрамі...

І не бачаць яго вернікі, не атрымліваюць Божага бласлаўлення. Таму і не шанцуе ліцвінам у жыцці ад таго, што за кратамі святы Крыж, пакутуе ў няволі, і цяжка яму выбавіцца з яе — свае ж не спрыяюць таму, беручы тым самым вялікі грэх на сябе і на наступныя пакаленні. Таму і ноч насунулася на Ліцвінію, светлага дня не бачна... Жах які, крыўда якая! Мець такое багацце, ахоўную грамату ад зла — і страціць яго, згубіць, дазволіць, каб нечыя брудныя і крывавыя рукі чужынца захапілі яго, паланілі...

Антон сціснуў кулакі, як быццам збіраўся тут жа кінуцца на крыўдзіцеляў. У шчокі ўдарыла гарачыня. Яго пёк сорам — быццам гэта ён быў адзін вінаваты ў тым злачынстве супраць ліцвінаў...

Цяпер ён ведаў, дзе знаходзіцца святы Крыж, ведаў, як вярнуць яго ў святы храм Прадславы.

Калі выберацца з Галоўнай Хаты і прыедзе дадому, то ён раскажа ўсяму свету, хто падняў руку на Божую Рэліквію, і ўвесь свет пракляне аднаго чалавека. Нездарма ўвесь род яго пракляты...

Убачанае доўга не выходзіла ў яго з галавы.

5...

Начаваць ён пайшоў у леснічоўку.

Дзверы лёгка прачыніліся, упусцілі яго ў цесную, але ўтульную хаціну. За час яго адсутнасці нічога не перамянілася, хіба што стала цёмна за акном — але колькі было часу, то быў дзень ці ноч, ён не ведаў.

Як гэта ў прымаўцы — шчаслівыя за часам не цікуюць. А ён шчаслівы ці няшчасны? Пра тое ён даведаецца пасля, калі вернецца ў ранейшае вымярэнне і час...

Клімовіч быў ашаломлены. У галаве не ўкладвалася, як такое можа быць — усе багацці свету сабраны ў адным месцы. Колькі ў Хаце памяшканняў і адсекаў? Хто фінансуе, і хто за ўсім гэтым сочыць?

І чаму пра сховішча ніхто не ведае? Нідзе пра яго і не ўспамінаецца.

А мо то тварэнне не чалавечага розуму? То ведамства канцылярыі Творцы, бо чалавечы інтэлект і магчымасці не здольны дасягнуць такога.

Чалавек толькі навучыўся здымаць эпізоды свайго жыцця праз аб'ектыў. З падсветкай, калі цёмна. Пасля рэпетыцый з акторамі здымаюць мастацкія стужкі, стараючыся падагнаць пад праўдападобнасць. Тут жа здымаецца без рэпетыцый, без папярэджання і без згоды, як кажуць, прынцып схаванай камеры. Жыццё натуральнае. Не выхапленае ўрыўкамі, прыгожымі эпізодамі, а без супынку — ад нараджэння і да імгнення смерці. І нават пасля смерці. Днём назірае Сонца, а ноччу — Месячык.

Тыя камеры ніколі не стамляюцца, ніколі няма недахопу ў магнітнай відэастужцы. І здымае пры любых абставінах — на зямлі і пад зямлёй, на моры і на дне яго, у космасе і на любой планеце...