Выбрать главу

— Ведаю, наш магутны Божа! А я, дзеля вялікай ласкі Тваёй, увайду ў дом Твой, пакланюся святыні Тваёй богабаязна. Госпадзе! Вядзі мяне ў справядлівасці Сваёй на непрыяцеляў маіх; выпрастай перада мною дарогу Тваю. Бо няма вернасці ў вуснах іхных: сэрца іхнае — ліха, горла іхнае — адкрытая магіла, язык іхны ліслівы. Навучы, Усемагутны Валадару, зразумець і ўведаць тое, што напаткаецца мне невядомае на шляху маім... Уваж, Госпадзе Ісусе Хрысце Божа наш, са святога жылля Твайго й з трону славы валадарства Твайго і прыйдзі асвяці нас, Ты, што на вышынях сядзіш з Айцом і тут з намі нябачна прысутны. Бо Тваё валадарства, і сіла, і слава, Айца, і Сына, і Святога Духа, цяпер, на ўвесь час, і вякі вечныя. Амін.

— Раскрыюцца табе багацці мудрасці і розуму, калі звернешся да мяне. Бо ты паверыў мне, паверыў у мяне. І ў сябе паверыў. Шмат грэшных душ неўзабаве прыйдуць да мяне.

Таго, хто гаварыў да яго, ён не бачыў, але яскрава адчуваў Яго прысутнасць, святое свячэнне было над ім, зыходзіў на яго валадарны дух і спакой. У ім зноў адкрывалася невядомае дагэтуль пачуццё светласці і далучэння да нябесных вяршынь, злучэння з імі нябачнымі ніцямі.

На яго былі ўскладзены абавязкі пасрэдніка, таго, хто злучыць чалавечыя душы з мудрасцю Божай, не навучыць, а толькі падкажа, якой дарогай ісці да Дома Валадара...

Нейкі момант ён не адчуваў сябе. Яго цела згубіла вагу — ногі не датыкаліся да зямлі. Свячэнне над галавой рабілася ўсё большым і большым, каляровымі кругамі яно разыходзілася і згасала, а з нябачнага цэнтра нараджаліся ўсё новыя і новыя... Яны пульсавалі. У такт ім у яго целе сэрца штурхала па венах ачышчаную кроў, і мозг рабіўся іншым, абноўленым, мільярды клетачак ажылі і ацэньвалі навакольнае жыццё з новым падыходам, з іншымі крытэрыямі...

— Вось у такім стане і павінен жыць кожны Чалавек! — данеслася да вушэй. — Для ўсіх адкрыты дзверы Дома Майго, нікому не забаронена пераступіць парог яго.

— Весела гукае Богу ўся Зямля. Уся Зямля паклоніцца Табе і будуць пяяць імені Твайму!

— Веру ў тое!

— Слава Айцу, і Сыну, і Святому Духу! Амін.

І ў гэты ж момант выбухнула зыркім воблакам святло — як быццам сонца падкацілася да яго зусім блізка, да самага твару. Ён толькі зажмурыў моцна вочы, каб не асляпіцца. Не страх быў у ім, а засцярога, не хваляванне, а сцішанасць...

Стала ціха, так ціха, што цененька зазвінела ўвушшу.

Патыхаў аднекуль слабы павеў ветру.

Патыхала вечнасцю, спакоем і суладнасцю.

Антон яшчэ раз агледзеўся, бо развітваўся з Домам Валадара, ведаючы, што сюды больш не вернецца. Ды яму і не трэба сюды вяртацца. Пра ўсё ён і так ведае, а калі ўзнікне неабходнасць, у любы момант звернецца да Творцы і Ўсёведаючага і атрымае жаданы адказ.

Клімовіч ведаў, упэўнены быў, што так яно будзе і сапраўды.

Ён яшчэ раз агледзеўся, са шкадаваннем глядзеў на ўсё, такое рэальнае і праўдзівае, не фантастычнае, якое кратаў рукамі, дзе мог перакінуцца ў любы час, падуладны яму былі любыя жаданні...

Няхай не ва ўсе дзверы ён зайшоў, няхай далёка не пра ўсё даведаўся — ды і не пад сілу тое аднаму чалавеку. Галоўнае, што ў яго жыцці адбылося тое, чаго ні ў кога і ніколі не адбывалася за сто гадоў. Адсюль ён выйдзе ці не самым мудрым і таму шчаслівым чалавекам на ўсёй Планеце. Так, шчаслівым, бо атрымаў бласлаўленне ад Творцы Сусвету.

Вось і ўсё. Цяпер — развітанне.

Антон дакрануўся да ручкі, яшчэ раз азірнуўся: пераміргваліся зялёныя светлячкі на сцяне, свяцілася неба ад сонца.

— Бывай, зала! Бывай, Сховішча Сусветных Скарбаў! Дзякую, што падзялілася са мной неацэнным багаццем!

Калі ён змоўк, сцяна ператварылася ў суцэльную шэрую тканіну. Значыць, яго чулі, сачылі да апошняй секунды за яго знаходжаннем у зале.

Антон яшчэ стаяў нейкі момант, не могучы скрануцца з месца — яго як што не пускала, а ў душы ўжо нараджалася цёплае шкадаванне, што больш не пабачыць таго, што адкрылася яго вачам перад гэтым, адно хіба радавала — як добра, што ёсць такое неацэннае багацце ў Свеце!

Творца ведаў, што тварыў. І для каго.

Дзверы расчыніліся, потым другія — і ён апынуўся зноў у леснічоўцы са знаёмым хатнім пахам, водарам гарбаты і асенняга лісцяпаду.

Хата была асветлена тым жа зенітным сонцам: промні ў леснічоўку не пападалі.

«А сувенір! — спахапіўся Тонік. — Я ж забыўся пра сувенір, які падаравала мне Ліцвінія...»

Ён спехам вярнуўся, як не падбег да дзвярэй, узяўся за металічную ручку, крутануў яе, адчыніў дзверы — і ледзьве не вываліўся ў двор — парог дзвярэй леснічоўкі з другога боку быў над ровам з вадой. Напачатку нічога не зразумеў — а дзе ж падзелася зала з экранам і дванаццаццю дзвярыма?! Яна ж была тут, за гэтымі адзінымі дзвярыма, то ж не прывід быў, а рэальнасць...