Выбрать главу

Шчымлівае шкадаванне і горычнае расчараванне агарнулі яго, нябачным вобручам зноў нешта сціснула галаву — закалола ў скроні. Але ненадоўга, на колькі секунд...

І тады ж ён апамятаўся, успомніўшы, што нельга паддавацца эмоцыям і часоваму настрою — трэба пазбавіцца ад сваіх ранейшых спадарожнікаў — страху і шкадавання, усплёску радасці і здзіўлення. Яны толькі замінаюць, шкодзяць яму. Спакойнасць і разважлівасць. Вось два кампаненты, якія выведуць яго да намечанага.

«Ці то Яніна падманула, ці я сам вінаваты, што не ўспомніў своечасова пра сувенір за сорак сем капеек. Ды ладна ўжо, што паробіш. Так яно, напэўна, і павінна было ўсё адбыцца...»

Перасохла ў горле, і ён наліў у кубак карычневага кіпеню — піў, смакуючы яго, лагодна ўсміхаючыся ад асалоды.

Галава рабілася яснейшай, і ўвачавідкі праходзіў боль.

І ён перастаў шкадаваць аб згубленым. Ці, як ён сам сябе паправіў, нязнойдзеным. Бо як жа можна згубіць тое, чаго не меў. Ад такой думкі і зусім стала лёгка. Што даказвала, і ў які ўжо раз, што чалавек сам сабе гаспадар, гаспадар свайго настрою.

«Ну, што, Антон Клімовіч, пара і гонар ведаць! — гаварыў сам да сябе госць леснічоўкі, — загасцяваўся ты тут, загуляўся... Цікава, колькі ж часу ты правёў тут? Час праляцеў як адна секунда. Як адно імгненне. У вечнасці. Ніколі так карысна не праводзіў час, траціў заўсёды яго на бязглуздзіцу і непатрэбшчыну...»

Перад дарогай падсілкаваўся — зноў адрэзаў лусту ад непачатага бохана хлеба, не зменшылася і сала, цэлымі засталіся і яйкі.

Скінуў з ног мяккія ходнікі, паклаў на ранейшае месца — на прасцірадла, якім была засцелена амаль уся падлога.

Пашукаў анучы — яны былі сухія і мяккія, як быццам нехта іх вымыў і высушыў перад печчу. Чыстымі былі і гумовыя боты — і следу ад ранейшай гразі не засталося на іх.

Паглядзеў яшчэ, ці не забыўся чаго, каб зноў не шкадаваць потым, прайшоўся па хаце. Паправіў рэчы на стале, акуратна склаў стосікам кнігі, потым паставіў у ранейшым парадку зэдлікі і табурэткі.

Кінуў позірк на падваконне.

Напачатку лёгенька кальнула ў скроні. Слабенька так, адно нябачная іголачка ўпілася ў цела, і ён як зачараваны падыходзіў пакрысе да акна — не зводзіў пільнага позірку з той рэчы, якую ўбачыў. Яго ўвагу прыцягнуў агульны сшытак з чорнымі вокладкамі...

Асабліва не спадзяваўся, не цешыўся тым, што пашанцуе. Бо колькі разоў у жыцці памыляўся — толькі возьме ў рукі яго і адразу адчувае, што рэч не належыць яму, чужая, не той сшытак, што даў пехацінец за арэхі... Тут жа ўпершыню ўнутраны голас падказваў, крычаў нават, што ён цяпер не памыляецца, што гэта адзіна той згублены ці ўкрадзены некім сшытак, які і сапраўды, як казала Яніна, каштуе ўсяго сорак сем капеек...

Клімовіч выдаўжыў руку, адначасова баяўся, што ён, сшытак, раптоўна знікне з вачэй, растворыцца, што было б зноў жа не дзіўнай з'явай, бо тут дзівосаў хапала з коптурам.

Рука дакранулася да вокладкі, пальцы зноў адчулі цяпло сваёй паперы, адчулі як жывую істоту, якая ўсе гады была неадрыўнай і жывой часткай Антона...

Сшытак узяў у абедзве рукі, як бы баючыся, што ён можа выслізнуць і некуды праваліцца. Хвалюючыся, адгарнуў вокладку — і тады кроў магутнымі штуршкамі ўдарыла ў скроні: «Ён! Ёоо-он, мой сшытачак дзяцінства!..» І малюнак той жа — фіялетавым чарнілам намалявана дарога, і на ёй ён, Тонік, на пачатку яе. Дрыжачымі рукамі адгарнуў першую старонку.

«Божа, ці праўда ўсё гэта?!»

Яго рукой, роўным каліграфічным почыркам школьніка, напісана дата першага запісу. І словы песні:

Люба, братцы, люба,

люба, братцы, жыць, -

з нашым атаманам...

Дыхнула салодкім дымком дзяцінства. Тым далёкім часам, калі свет быў такім ружовым і прыгожым, калі яшчэ былі маладымі і прыгожымі тата з матуляй... І браціка Міколкі голас пачуўся, нябожчыка браціка...

Але найбольш здзівіла і ўразіла, нават ашаламіла, зусім не тое, не песня. У сшытку, помнілася, былі ўсяго два запісы. А тут яшчэ і яшчэ. Ды напісана не чыёй-небудзь рукой, а яго асабістай, Тонікавай. Ён добра памятаў свой почырк у школе, у арміі, у інстытуце... І напісанае пазней той жа кітайскай ручкай, што ён любіў пісаць, тым жа чорным чарнілам «Вясёлка-2». Неверагодна!

Тое ўсё не ўкладвалася ў яго галаве!

Больш таго, сшытак быў спісаны ўвесь, да апошняй старонкі. Густа, у кожны радок — без пропускаў. Каб болей улезла? Ці такі аб'ём і быў запланаваны напачатку? Разлічаны на ўсё жыццё?