Але яго здзіўленню не было межаў, калі ён, прабегшыся хутка па радках, зразумеў: спісана і апісана ўсё яго жыццё! Да падрабязнасцей і дробных эпізодаў. Але напісана выбарачна, з жыцця выхаплены эпізоды, як ён сябе адчуваў у раі падчас будаўніцтва светлага будучага, ды ўсё пад мудрым кіраўніцтвам магутнай і любімай, як яму імкнуліся пераламаць хрыбет, накінуць на яго калючую сарочку ўціхамірвання...
«Дык вось што азначала Янініна папярэджанне пра сюрпрыз-сувенір за сорак сем капеек! — апамятаўся Тонік і думкава ды запознена папрасіў прабачэння за тое, што не вельмі хораша падумаў пра яе. — Сапраўды нечакана. Але як ён аказаўся тут, на гэтым востраве, — хто прынёс сюды мой сшытак?!»
Была напачатку думка ўзяць сшытак з сабою — то ж ён згубіў яго, а не хто іншы. Дома ён апрацуе яго, прыдасць свежае гучанне, дадасць мудрасці, якую набыў тут, карацей, было жаданне зрабіць рукапіс-дыярыуш на высокім узроўні... Каб, ужо стаўшы кнігай, выклікаў не толькі цікавасць, а і захапленне, радасць нечаканага адкрыцця Сусвету. Але тут жа другая, супрацьлеглая думка падказвала, што нічога адсюль выносіць нельга, бо ён, сшытак-дзённік, ператворыцца ў нешта іншае, непазнавальнае альбо прападзе, ці чарніла знікне са старонак...
І таму ён не захацеў рызыкаваць.
Рашыў яшчэ хоць і на месяц, хоць і на два застацца ў леснічоўцы, харчу тут было і было, і прачытаць, дакладней, перажыць нанава сваё жыццё. Зноў адчуць, як трашчалі ў яго мазгі, як разрывалася ад болю сэрца і ледзь-ледзь не храснуў пазванок — так стараліся гнуць яго да зямлі начальнікі бальшавіцка-сатанінскай сістэмы...
І ён рашуча скінуў з сябе адзенне, зняў боты — і сеў за стол.
Адгарнуў старонкі сшытка.
Чытаў — і не верыў, чытаў — і жахаўся, адчуваючы зноў боль, які пранізваў яго раней, з самага дзяцінства, — колькі ж яму дасталося за ўсе гады!
Нельга двойчы зайсці ў адну і тую ж раку? О, гэта як паглядзець і хто будзе глядзець.
Ён цвёрда рашыў зайсці ў раку сваёй Памяці — як бы тое цяжка яму ні было...
Частка другая
1...
Помніўся з дзяцінства эпізод.
Гуляў Тонік ля калгаснага двара, ля канюшні — пара стаяла над парыльняй слупам.
Кульгавы Нікадзім — пад Берлінам асколкам зрэзала нагу па калена — танцаваў вакол вялізнага цэбра, дзе ў кіпені парыліся драўляныя палкі ў руку таўшчынёй.
Нікадзім аж узмакрэў, стараючыся не прапусціць нейкі адказны момант у сваёй рабоце — самакрутка толькі пераскаквала з аднаго куточка рота ў другі, і адначасова мружылася вока — цыгарэта ў левым баку, адкрываецца правае вока, і наадварот.
— Дзед Нікадзім, — зацікавіўся Тонік танцамі старога, — а што гэта ты робіш тут?
Дзед усміхнуўся ў пракураныя вусы, адкрытым вокам хітра стрэліў у яго бок, адказаў коратка:
— Ну...
— Што — «ну»?
— Дугі гну.
— Я папраўдзе, дзед Нікадзім, што ты робіш?
— Ну... Кажу ж — дугі гну. Ты паглянь, ета во, сюды, што тут на дне ў кіпені ляжыць? Яны, палкі, пакуль прамыя, а ў гарачай вадзе я іх згінаю. Ад вару яны гнуткімі робяцца. Так і санкі вырабляюць — пад парам згінаю, ета во, сам бачыш... Бачыш?
— Ну...
— Дугі гну. Вось і зразумеў.
І зарагаталі ўдвух, задаволеныя каламбурам.
Вось тады, глыбокім вечарам, ён і намерыўся зрабіць трэці і апошні запіс у сшытку:
«Нікому і ніколі не ўдасца сагнуць мяне ў дугу! Нікому!..»
Слова ў слова так і было запісана на другой старонцы. І дата стаяла — «20 сакавіка 1955 года».
Добра памятаў, што не пісаў тады тых слоў, а толькі падумаў і збіраўся дастаць сшытак раніцай, калі распачнецца дзень.
Але ж словы былі напісаны. І прытым яго рукой.
Ён пісаў — і не пісаў. Ці можа быць такое?
15 кастрычніка 1957 года
Няма нічога ў свеце больш балючага, чым дзіцячыя слёзы.
Настаўнік геаграфіі Сымон Кузьменка, па мянушцы Шпірка, часцяком здзекаваўся з вучняў. Ахвяру для сваёй душэўна-здзеклівай асалоды ён выбіраў заўсёды раптоўна, можа, нават і нечакана для самога сябе.
Была новая тэма: «Зямля Франца-Іосіфа. Клімат і жывёльны свет». Тэма лёгкая, і вучыць амаль не трэба было — раз прачытаўшы, усё можна запомніць.
Шпірка быў чарнявы з твару, нос кручком, як у крумкача. Вочы чамусьці заўсёды былі чырвоныя, бы ён штохвілінна напінаўся, падымаючы ці несучы што важкае, непасільнае. І заўсёды ён на некага быў злы. Мы баяліся яго ўрокаў, баяліся з ім сустракацца позіркам. Калі з ім размаўлялі каля дошкі, то глядзелі альбо ў акно, ці сабе пад ногі.
Радасны і задаволены, крочыў я ў школу. Настрой быў вясёлы — урокі добра падрыхтаваў, ганарыўся ўказкай.