— Што ж за злачынства такое ўчыніла вучаніца?
Мая Карпаўна зняла акуляры і павесіла іх на залачоным ланцужку на грудзях:
— Ведаеце, факт непрыемны. Таня Кружнова трэціруе ветэрана вайны — іграе на піяніна тады, калі ветэран вайны кладзецца адпачываць. Яна жыве на другім паверсе, а ён на першым.
— Вы правяралі — усё так?
— Навошта? Во перада мною пісьмо ветэрана. Ён, дарэчы, і сам прыйдзе на сход, раскажа.
Расчыніліся дзверы, і ў кабінет дырэктара зайшоў невысокі юнак — пухленькі, як калабок, рухавы. Вусны дзявочыя, акуратна апрануты — як на сцэну выходзіць. Рука мяккая, вялая.
— Першы сакратар Чыгуначнага райкома камсамола Сяргей Батурын. — А мне палезла ў галаву: «А ў Батуры былі куры, іх паны паелі, каб яны павыдыхалі да гэтай нядзелі...»
— Мо ты правяраў пісьмо?
— Не. Мы рэагуем на пісьмо. Нам указаў на тое райком партыі. Даём ход пісьму.
Педагогі і самі не разумелі, чаму адбываецца такі сход. Васьмікласнікі сядзелі насупленыя, маўкліва пераглядаліся.
— Падкажыце, дзе віноўніца сходу, — шапчу я класнай, з якой паспелі пазнаёміцца перад гэтым.
— Таня Кружнова? Ды вунь яна, на другой парце — ля акна.
Дзяўчынка і не выдавала на васьмікласніцу — ледзьве было бачна яе з-за парты. Разгублены твар, азіралася то на маці, то на класную, шукала падтрымкі, у вачах скруха і недаўменне.
— Скажыце, Вера Максімаўна, сапраўды Таня можа так псаваць нервы ветэрану, што трэба яе ўціхамірваць вось такім чынам? — цікаўлюся ў класнай.
— Ды што вы... Таня? Самая ціхая ў класе і ўражлівая. Слабая здароўем. Зрок кепскі. Маці збіраецца звазіць яе ў інстытут Фёдарава. Дзяўчынка марыць паступіць у музычнае вучылішча... Дырэктар выконвае ўказанне райкома камсамола — таму і сход...
Ветэран пісаў у сваім пісьме: «...такім не месца ў камсамоле, прашу выключыць...» Вось так і не інакш. Як загад. Ніколі не ўмешваўся ў ход падзей, але тут падказала нешта, што трэба ўмяшацца... Я падняўся, пайшоў і стаў між дырэктарам, якая строга «восседала» за сталом, і восьмым класам, прамовіў:
— Дзеці! Сход з персанальнай справай — гэта памылка. Мы (хто «мы», я на той момант не ведаў) прапаноўваем вам ісці дадому і забыць пра гэты сход. Мы будзем самі гаварыць з ветэранам, калі ён прыйдзе. А Таня няхай спакойна рыхтуецца да заўтрашніх урокаў — і забудзе пра сённяшні дзень.
Нехта хацеў крыкнуць «ура», але голас абарваўся. Падняліся ўсе і, як спалоханыя вераб'і, выскачылі з класа. Толькі Таня не верыла пачутаму, як і дырэктар, якая была ашаломлена выхадкай карэспандэнта, паглядала недаўменна на мяне і на настаўнікаў. Пульхныя губы Батуры прыадкрыліся — вось-вось заляціць муха.
І ў той жа момант у клас зайшоў ветэран. Высокі, стройны, увесь сівы, але са злым позіркам — калючым, едкім. Камандзірскім тонам высветліў абстаноўку:
— А клас дзе?
— Мы іх адпусцілі, — сумелася, спалохалася дырэктар, нават прыгнулася ад яго позірку. — Мы хацелі б паслухаць вас...
— Я пра ўсё падрабязна напісаў у пісьме. Патрабую строга пакараць дзяўчынку. А гэта хто ў вас? — паказаў ён пальцам на мяне.
— З газеты... — зніякавела дырэктар.
— Вы заманілі мяне ў пастку! — закрычаў ветэран. — Гэта вам не пройдзе! Я ў абком пайду, у ЦК буду скардзіцца! З заўтрашняга дня я жыву на дачы — аб'яўляю пратэст. Я да Брэжнева дайду... Я — ветэран вайны... Я вам устрою вясёлае жыццё.
«Такі ж Таню жыўцом праглыне і не аблізнецца, — падумалася мне, і я адчуў, што чалавек ён злы і страшны. — Ён ні перад чым не спыніцца сапраўды...»
І тады з ім загаварылі настаўнікі. Маўчаў, схіліўшы галаву, Батурын — намечанае мерапрыемства зрывалася.
— Дзякуй вам, што сарвалі гэты дурны спектакль, — прамовіла класная, калі праводзіла мяне на вуліцу. — Гэта ж дадумацца да такога... Але цяпер ён будзе пісаць на вас.
— Нічога. Разбяромся, Вера Максімаўна. Галоўнае, каб Таня не перажывала, — усё будзе добра.
Я пакінуў школу і не ведаў, пра што гаварылі дырэктар, Гаеўскі і Батурын. Тое мяне не цікавіла...
Пасля я ездзіў у чыгуначны інстытут, дзе працаваў ветэран Гаеўскі. Аказалася, што ніякі ён і не ветэран зусім, а праседзеў з маткаю ў вайну дома. Сын яго працаваў вялікім начальнікам у сталіцы...
Дамовіліся з дэканам факультэта, дзе выкладаў Гаеўскі вагонную гаспадарку, што сходзім да ветэрана дадому.
— Хачу толькі вас папярэдзіць, — звярнуўся я да Веніяміна Пятровіча. — Трэба быць гатовым да ўсяго.
— Да чаго — «усяго»?
— Да нечаканых сюрпрызаў.
Дзверы адчыніў сам гаспадар. Не здзівіўся прыходу, запрасіў праходзіць. Голасу я не пазнаваў — ціхі, спакойны, нават добразычлівы. Не той, што гучаў у класе — пагрозлівы, як быццам наважваўся запужаць усіх.