Выбрать главу

— Ты што гэта такое, панімаеш, зрабіў?! — узняў Шпірка чорныя калматыя бровы — глядзеў злосна і незадаволена на мяне, як страшыў мяне чырвонымі бялкамі. — Гэта ж, панімаеш, шампур шашлыкі рабіць!

Клас засмяяўся ад жарту. Я ж зніякавеў ад нечаканасці павароту падзей — не чакаў, што так сустрэне ён мяне.

— Я п-пп... па-па... — я ад хвалявання заўсёды заікаўся, і нічога з гэтым парабіць не мог, і адказаць нічога яму не здолеў.

— «Па-па-па», — перадражніў ён мяне, — што ты, панімаеш, распапкаўся? Двойка табе за ўказку і за тэму...

А потым так сталася, што Шпірку перавялі ў другую школу. Не з-за мяне, пэўна ж. Ударыў па твары вучня — знайшоў сабе новую ахвяру для здзекаў. І, каб не было дырэктару вялікіх непрыемнасцей, перавяло яго раённае начальства ў суседнюю, Турбінскую школу...

Я атрымаў перамогу. Але ведаў, што то быў толькі першы званочак, як папярэджванне, што трэба быць заўсёды гатовым да ўсяго, што стрэнецца ў жыцці, — да благога і добрага.

То была ці не першая ранка на маім сэрцы.

Чаго празвалі мы Сымона Шпіркай? Падслухалі, як ён гарэлку купляў у Аўгустоўскіх — дзеда і бабы. Пытаюцца, чым закусваць будзе, дык ён і адказаў: «Шпіркай, канечне ж, шпіркай...» У нас, на Палессі, так не называлі. А ён — «шпірка». Быў ён з Берасцейшчыны. Ну і прыклеілі яму мянушку — Шпырка ці Шпірка...

2...

У леснічоўцы закурваць не хацелася. Карцела ўтаймаваць хваляванне, якое падступілася да яго ад напамінку пра далёкае дзяцінства. Крытычна ацэньваючы напісанае некім пра яго, прыйшоў да вываду, што занадта ж дакладна перададзены той настрой і боль, што былі пры ім, не прапушчана пры гэтым ніводная дэталька, штрых. І гэта толькі яго старонкі жыцця, і толькі ён разумее і адчувае, што паміж радкамі, хаця аўтар не кіраваўся з аглядкай на нейкую цэнзуру...

Ён выйшаў босы на ганак.

Снежань, 1957

У хаце ні паленца дроў. Апошнія маці ўкінула ў печ.

— Мо, сынок, у лес выбраўся б, якіх дручкоў на санках прывёз бы, — просіць мяне маці, на бацьку не спадзеючыся, у таго ў галаве былі толькі школа ды ўрокі — настаўнічаў у Вішнёўцы, што за пяць кіламетраў ад нас (кінулі туды за п'янства), — сто разоў прыставала да бацькі, ды ўсё ўпустую, раніцай няма чым і выпаліць.

— Добра, вось апошні ўрок падрыхтую і паеду...

Урокі зроблены. Заўтра лёгкія прадметы. Бо заўтра пятніца, якую я люблю. Бо за ёю субота, калі і зусім не трэба будзе рыхтаваць урокаў, і можна стаць на лыжы і паўдня прабегаць па ўзгорках і гарах...

Я ведаю, дзе можна набраць амаль гатовых дроў. Ды і не абы-якіх...

Брыгада клёпальшчыкаў, якой кіруе наш сусед Ладымер — сваяк дзядзькі Адася, лесніка, паклала пракаветны дуб, і мужчыны крыжуюць яго на клёпкі. Дуб яшчэ не ачышчаны ад галля, яшчэ і да палавіны камля не дабраліся, пілуюць «Дружбай» кавалкі і шаткуюць на аднолькавыя адрэзкі, складваюць у штабелі. Бачыў заўчора, як прабягаў паўз іх на лыжах...

Вось з верхатуры і насяку тонкіх сухіх галін, і лепшых дроў мне не знайсці.

— Добры дзень! — вітаюся з усімі, назіраю, як ідзе ў іх праца — шчыруюць мужчыны, стараюцца скласці да канца дня пяты штабель — такая норма ў іх на дзень.

— Добры, добры! — не выпускае пілу з рук дзядзька Ладымер — хударлявы, высокі, гнуткі, заўсёды з усмешлівым тварам, ведае, чаго прыехаў, але для прыліку ўдакладняе: — Па сучча? Давай, нагружай. Сучча шмат сухога, акурат для цябе...

Я доўга і не валаводзіўся — насек хутка, склаў акуратна, звязаў вяровачкай, каб не рассыпаліся дарогай. Аж узмакрэў, намахаўшыся сякерай. Ды, пэўна ж, трошкі перагрузіўся — не мог скрануць з месца. Убачыўшы мае марныя намаганні, дзядзька Ладымер падышоў і памог выцягнуць на ўтаптаную дарогу.

— Хіба ж дацягнеш сам? — падзівіўся, гледзячы на нагружаныя санкі.

— Дацягну — дарога добрая, — радасна кажу я, ведаючы, што абрадуецца маці, убачыўшы такія ладныя дровы.

— Пастараніся! — крыкнуў нехта ззаду, ляскаючы пугай — яна звонка шчоўкнула ў вечаровым паветры.

Я пазнаў голас Фэлькі — вясковага баламута і хітрага бабніка. Быў, мусіць, на добрым падпітку — вясёлы, сам з сабою гаварыў. У яго быў свой конь, які даваў яму перавагу над іншымі людзьмі — незалежнасць і ганарлівасць.

— Пастараніся, ну?! — уладарна крыкнуў Фэлька ў цемры.

Мне б, дурню, стаяць на месцы і не рухацца, нічога з ім не сталася б — аб'ехаў бы, конь у яго вунь які спраўны, але я, ёлупень, — да гэтага часу кляну сябе — сцягнуў санкі з цубкай дарогі ў мяккі глыбокі снег — на ўзбочыну.

— Но-ооо! Пайшоў, вараны-ыыы! — ляснуў зноў пугай, але ўжо па баках каня, у мой бок і не зірнуў — не ведаю, ці пазнаў ён мяне.