Выбрать главу

На добры лад ды на яго ласку ён мог бы загадаць, каб прычапіў я да ягоных саней шворку — і за колькі хвілін давёз бы мяне пад саменькую хату.

Не прапанаваў і не зірнуў у мой бок — пагнаў каня і знік у снежнай замеці.

Я ж сеў у снег і не ведаў, што рабіць далей. З месца зрушыць саначкі я ўжо не мог — не хапала моцы і сілы. Калені, здаецца, не адчувалі ўжо холаду, а перад сабой не бачыў ні дарогі, ні замеці — усё засланілі слёзы.

Непадалёк, другой дарогай, гучна размаўляючы, прайшлі лесарубы — брыгада Ладымера. Але ў мяне не было ні сілы паклікаць дзядзьку, ні жадання... Мне было яшчэ і сорамна перад ім, што не паслухаўся яго здзіўлення, а атрымалася, як той казаў — «жадность фраера сгубила», ды адно хіба цешыла — усё роўна яны не пачулі б мяне ў вечаровай завірусе.

Фэлька не спыніўся каля мяне з-за маці...

Між імі, як мне думалася, прабегла чорная кошка.

Нехта прытуліў маю галаву да цёплых грудзей.

— Што з табою, сынок? — маці спалохана туліла мяне да сябе. — І навошта ж ты столькі нагрузіў... Добра, што Фэлька ў акно пастукаў, сказаў, што ты тут гібееш... Кажу, чаго не памог табе, рагоча толькі...

Маці расцерла мне шчокі, раскатурхала, вярнула да жыцця. Скінула верхнія дручкі долу, і мы разам выцягнулі саначкі з абочыны.

3...

Далей запіс ужо быў кароткі, ці не самы кароткі на працягу ўсяго дзённіка:

«Здараецца ў жыцці так, што нешта хочаш забыць усё жыццё і забыць ніяк не можаш, а яно смыліць, муляе, як цвік у боце, што ненарокам вылез... Каб жа ведаць, што так атрымаецца, абабег бы я цябе, Валянціна, за тысячы кіламетраў. Не ведаў, што так балюча можа раніць каханне, не падазраваў нават, што боль той патройваецца, калі яго стварае каханы чалавек...»

Вось і ўсё. І здагадайся, што меў на ўвазе аўтар свайго дыярыуша. Так, ён вельмі не хацеў, каб пра ўсё ведалі іншыя. Не хацеў свой боль паказваць на людзі. З усіх сіл стараўся тое патушыць у сабе... Таму яго двайнік і запісаў так коратка, каб праз шмат гадоў успомніць з усмешкай, бо ведаў, што час залечыць яго душэўныя раны...

«Валя, Валя, Валянціна — намалёвана карціна...» Такі вершык дэкламавалі ёй аднакласнікі, і яна не злавалася на іх, толькі смяялася.

Валя — прыгажуня класа. Калі не школы. Доўгая каса, як не да пояса, гнуткі станік, прыгожая, з годнасцю хада. Але галоўнае ў яе прыгажосці — вочы. Вялізныя, бы слівы венгеркі, з блакітным адлівам неба. І вусны — пульхныя, сакаўныя, дакраніся — пырсне сок. Што хлопцы з класа, настаўнікі — маладыя і пажылыя нават — губляліся, зірнуўшы на яе, у яе вочы, не аднаго жонка раўнавала да Валянціны, учыняючы дома сварку...

Першым асмеліўся яшчэ ў дзевятым класе правесці яе дадому Бронік Башылаў — выдатнік класа. Ён быў спартсменскага складу, дужы, на памяць мог расказваць цэлыя часткі з «Яўгенія Анегіна» Пушкіна і «Новай зямлі» Коласа. Можа, тое і спадабалася Валянціне, хто ведае.

Пецька Крупа падгледзеў познім вечарам і абвясціў усяму класу — цалуюцца ўзасос. Ніхто не ведаў, як да гэтага аднесціся — падняць на смех, па-дзіцячаму дражнячы «цілі-цілі цеста...», ці паважаць іх, бо яны ў сваім жыцці зведалі першыя прыступкі да таямніц вялікага кахання, прачынілі завесу інтымнай чароўнасці...

Ніхто з класа пазней не асмеліўся кінуць у іх адрас хоць адно крыўднае слова.

А яны сядзелі на розных партах, уважліва слухалі тлумачэнні настаўнікаў, адказвалі самі ля дошкі і з месца, — і ніводнага разу не перакінуліся тым таямнічым, адным ім і вядомым, позіркам: ці то навучыліся так хавацца ад іншых, ці зусім не існавала між імі той духоўнай сувязі, што сілкуе каханне.

І потым жа нешта ў іх паламалася, не зладзілася. І не сварыліся, але адносіны іх разарваліся. Хто быў у тым вінаваты, ніхто не ведаў.

Пасля чарговага школьнага вечара (а іх часта наладжвалі, была такая завядзёнка) Валянціна падышла да Адася, як свайму даўняму сябру жартоўна загадала:

— Сёння ты мяне павінен правесці дахаты!

Адась, здаецца, пачырванеў ад нечаканасці, не змог вымавіць і слова, таму толькі кіўнуў галавой у знак згоды. А яна ўжо таго не бачыла, у яе і не было сумневу, што будзе неяк інакш, што Адась адмовіць ёй.

Выдатнік Браніслаў танцаваў цэлы вечар з Насцяй, сціплай і сарамлівай, яшчэ ж нясмелай дзяўчынай — на Валянціну не глядзеў, хоць яна і вельмі старалася пазлаваць яго, выклікаць у яго рэўнасць. Але яму, мусіць, было ўжо ўсё роўна, як кажуць, да лямпачкі, усе яе выбрыкі — здагадваліся мы, што выкінуў хлопец назусім са свайго сэрца...

На адным з такіх вечароў, ужо ў дзесятым, на пачатку вучобы, калі яшчэ першыя прымаразкі не кранулі зялёныя карункі лістоты на дрэвах, запрасіла прыгажуня Валянціна на «белы танец» мяне. Была яна ў блакітнай сукенцы з чырвонай ружай на высокіх грудзях, і не зразумець — ці то вочы адбівалі блакіт сукенкі, ці то сукенка напітвалася блакітам яе вачэй...