Выбрать главу

— Ты адзін з класа і не прызнаваўся мне ў каханні, — дыхаючы ў шыю і шэпчучы на вуха, танцавала прыгажуня з усмешкай Афрадзіты, не ведаючы, якую хвалю пачуццяў падымала ў маёй душы. — Чаму так — не кахаеш ці саромеешся прызнацца?

— Ні тое, ні другое, нават і не трэцяе, — адказаў першае, што прыйшло на язык, стараўся стрымліваць сябе, бо жыццё трошкі навучыла — перш чым кінуцца ў вір, змераць неабходна глыбіню.

— А што — трэцяе? — здзівілася шчыра прыгажуня, какетліва адкінулася ад мяне, зазірнула ў вочы — не чакала такога адказу. — Чаму маўчыш і толькі ўсміхаешся?

— Трэцяе тое, што я не ведаю, што такое каханне і з чым яго ядуць.

— Так-такі і не ведаеш? — жмурыць прытворна вочы дзяўчына і ўпіваецца сваімі слівінамі ў мае — вось-вось не вытрымаю і адвяду позірк.

— А адкуль мне ведаць? То табе вядома — з усімі хлопцамі класа перацалавалася... У цябе ж вопыт, а мяне апошні раз цалавала...

— Хто? — цікаўна ўхапілася за саломінку міс класа.

— Сучка Майка, калі гулялі з ёю на поплаве...

Валя рассмяялася, адкінуўшы галаву, ды так моцна, што ўсе, хто танцаваў, паглядзелі недаўменна на нас.

Цалаваў Валянціну каля яе хаты. Кружылася на нябачнай восі зямля. А неба з Вялікай Мядзведзіцай адплыло некуды ў бездань, і разам з зоркамі адарваліся мы ад зямлі, паплылі ў бязважкасці, як аблачыны...

— Я кахаю цябе, Валянцінка!..

...Сустрэла мяне маці, але не здзівілася майму візіту — як чакала, запрасіла ў хату.

— Валянціна дома? — папытаў для прыліку, хаця ведаў, што яна вось-вось вынырне з-за шырмачкі ў квяты і пацягне мяне, шчаслівая, за руку да стала, дзе мы сядзелі не адзін вечар, распытае-раскажа, падзеліцца навінамі і адкажа на галоўнае пытанне...

— Няма яе, міл чалавек, — неяк скрушна прамовіла маці, глядзела на мяне вінавата, як шкадавала, быццам нешта здарылася непапраўнае па яе віне, — з'ехала... заўчора. Са Шпіркам. Настаўнікам. Развадным. Без роду і племені... Ды вось яна табе тут пісьмяцо, галубок, пакінула.

Маці падала мне заклеены беленькі канверт.

«Тонік, любы мой, прабач! Прабач! Прабач! Жыццё распарадзілася інакш, чым мы яго планавалі. Маім мужам будзе Кузьменка, і я цяпер — Кузьменчыха, бо гэта я яму ўпершыню аддалася. Яшчэ ў сёмым класе».

Маці стаяла каля акна, маўкліва плакала. Крыўдна было за сябе, за дачку...

— Падлюка яна, вашая Валянціна, цётка Насця!

І, больш не сказаўшы ніводнага слова, выйшаў, выкуліўся з хаты. Не развітаўся, не азірнуўся.

А я думаў, што жыў у райскім садзе...

Аказалася — жыў у пекле...

Раніцай ён зноў выйшаў на ганак.

Зірнуў удалеч і адзначыў, што далёкі лес значна прыблізіўся да леснічоўкі. Слаба, але праглядваўся пясчаны бераг, на ім высокія сосны і кустоўе.

З'явілася патрэба прагуляцца, размяць ногі, падыхаць лясным водарам.

Далёка не адыходзіў, каб не заблудзіцца і не згубіць леснічоўкі. Бо без яе яму аніяк нельга. Як без паветра. Як без надзеі. Як без будучыні.

Вецер гнаў воблакі некуды за возера.

А сонца не краталася з месца — але ўжо прыпякала не так, як да гэтага. Ці мо тое яму толькі падалося. І не зразумець было — стаяла ранняя восень ці позняе лета.

Над галавой, высака ў небе, недзе пад самым сонцам, падалі голас жоравы — спявалі перад адлётам развітальную песню.

У галаве Клімовіча сумбур. Уражанне такое, што ён прачытаў процьму кніг і ўсе яны ляжалі ў беспарадку на падлозе і ніхто іх не можа расставіць на кніжных паліцах у патрэбным парадку. Але тое ўжо зробіць час, увойдзе духоўная рака ў свае берагі...

Калі ж чытаць усе запісы ў дыярыушы, то на тое спатрэбіцца не адзін месяц. А мо і год. А калі зноўку перажыць усё тое, што адбывалася з ім, прапусціць праз сябе, то яму неабходна мець некалькі сэрцаў. Бо ад адной такой нагрузкі, перамешанай з душэўнымі пакутамі, якая ўзвалілася на яго, цяпер не вытрымае, разарвецца яго сэрца...

Дакрануцца б толькі да асноўных болек — ад гэтага нікуды не падзецца, так ужо наканавана лёсам. Перад новай дарогай, што выпала яму, трэба азірнуцца, узважыць усё і ацаніць пройдзены шлях, паглядзець на сябе збоку. Для чаго тое ўсё? Ён жа, Антон Клімовіч, нараджаўся зноўку. Нараджаўся ў новай якасці. Ён узяў на сябе вялікую адказнасць перадачы, узбагачэння Чалавека ўнікальнымі ведамі і магчымасцямі.