Ён у заўтра павінен пайсці з вопытам мінулага, каб, адраджаючы сваю радзіму, адраджаючы сябе, не паўтарыць больш тых памылак, якія яму выпалі.
4...
Жнівень, 1963
«Я іду па сваёй вёсцы...
На душы — бязмежная радасць — аж трымціць сэрца. Даўно ж не быў — замучыла настальгія. Як і некалі, іграў на другім канцы вёскі Мікола Прусаў на гармоніку; нехта кляпаў касу — дробненькі стукат разлягаўся па ўсіх Крушніках; я іду, а не ведаю, дзе знаходзіцца нашая хата і чаму не чуваць брэху сабакі...
Насустрач ішла дзяўчына ў празрыстай сукні, усміхалася ветла мне, падала рукі — як для абдымкаў. Не ведаў, хто гэта мог быць — Валянціна ці іншая якая дзяўчына. Мне ж не хацелася з ёю абдымацца — нешта замінала, адштурхоўвала. А яна падыходзіла ўсё бліжэй і бліжэй, а я стаяў і не рухаўся з месца... Потым адчуў саланаватыя вусны, гарачыню дзявочага цела...
— Пад'ём! — зычны голас старшыны Падкапаева разарваў ранішнюю цішыню.
Вочы сонныя, але падсвядомае пачуццё дыктавала рухі рукам і нагам — неабходна было за сорак пяць секундаў насунуць на сябе нагавіцы, потым накруціць на ногі анучкі і ўсунуць іх у боты. А яны начышчаны да бляску яшчэ звечара. Потым на хаду ўжо нацягваем на сябе гімнасцёркі — і займаем у страі сваё месца.
Старшына глядзіць на свой гадзіннік, сочыць пільна за секунднай стрэлкай. Мы пастроіліся, але трое — Цыбулька, Сташкевіч і Аліеў — яшчэ толькі ўссоўвалі ногі ў боты.
Падкапаеў злуецца, нядобра ўсміхаецца, падае зноў каманду:
— Адбой!..
Гэта азначала, што мы за тыя ж секунды павінны былі раздзецца і легчы зноў у ложак, чакаючы новай каманды.
Так кожную раніцу на працягу некалькіх тыдняў і месяцаў вучыць нас жыццю старшына Падкапаеў. Першыя дні тое выглядала як гульня, як камедыя, а з цягам часу абрыдла ўсё, як горкая рэдзька, і было ўжо смешна і горка з такой чорнай казуістыкі.
— Пад'ём! — яшчэ грамчэй крычыць старшына, і з нас, як пух, злятаюць байкавыя коўдры. Мы зноў як завадныя цацкі механічна ўзмахваем рукамі, матаем анучкі і спяшаемся як хутчэй у строй...
Падкапаеў неўзлюбіў мяне з першай сустрэчы. А напачатку ж здаўся мне чалавекам дабрачым — падобным быў на таго вайскоўца, што ў далёкім дзяцінстве падараваў мне агульны сшытак з чорнымі вокладкамі... Нават і голас супадаў — адзін да аднаго. Аж, бач ты, як памыліўся. Здорава памыліўся!
Ці то мой твар яму прыйшоўся не даспадобы, ці з-за таго, што не вельмі аддана казырнуў яму каля туалета, за што ён выказаў мне заўвагу а мо што і зусім іншае, пра што і не здагадваўся, — але я ўжо быў упэўнены, што ён ад мяне не адстане, што прыклеіўся, як бярозавы ліст ад веніка ў лазні, што выцісне з мяне старшына ўсе сокі, павыцягвае ўсё жылле, і што мае ён вялікае жаданне скруціць мяне ў бараноў рог, сагнуць у дугу...
Тут ужо ён нечым напамінаў мне і Шпірку — той жа хітры і хцівы позірк, тая ж яхідная ўсмешачка, калі ён выбіраў сабе ахвяру і прадчуваў асалоду ў здзеку над ёю...
— Я вас научу любить Родину! — з нейкім сваім чорным намёкам абяцаў старшына, аглядаючы кожнага па чарзе — прыглядаўся да гузікаў і каўнерыкаў, да ботаў і кішэняў, — з трэцяга разу толькі мы ўклаліся ў нарматыў. — Смирно! Еще смирнее!..
Падкапаеў рашыў пакараць мяне сам.
І пачалося ў мяне вясёленькае жыццё. Чысціць гальюны? Пасылае Клімовіча. Разгружаць вугаль на станцыі? Таксама я. Падраздзяленне едзе на экскурсію, а для мяне старшына абавязкова знойдзе смярдзючую работу. І так з тыдня ў тыдзень, з месяца ў месяц...
Нікому не скардзіўся на сваё жыццё. Як усё роўна хоць так помсціў Падкапаеву. Сваёй упартасцю, і тым, што не згінаюся, як ён хацеў...
Мне пастаянна не хапала сну. Ад нядосыпу кружылася галава. Стоячы на першым пасту — каля сцяга часці, заснуў, прыхінуўшыся да сцяны. Дзяжурным па часці быў мой лепшы сябар — старшына Падкапаеў. Ён і прыспеў мяне, спячага, на месцы... Адабраў аўтамат і праз колькі часу праз камандзіра адправіў мяне на гаўптвахту... На пяцёра сутак.
Я нават абрадаваўся гэтаму, бо некалькі дзён не выпадзе бачыцца са старшыной. Удалося і выспацца ў першую ноч. Днявальным на губе быў мой таварышок яшчэ па каранціне Пецька Гром. Ён і не чапаў мяне амаль усё сваё дзяжурства — нават і есці не прыносіў, каб не будзіць.
Здзекі нада мною працягваліся.
Мы вялі з Падкапаевым зацятую вайну. Я ведаў, што ён паставіў перад сабою задачу — зламаць мяне. Зламаць маю волю, сагнуць да зямлі, зрабіць мяне бязвольным і безабаронным. Таму мне неабходны былі сілы, шмат сіл, і невядома, дзе я іх здабываў. Пэўна, вясковая загартоўка напітвала мяне той энергіяй і стойкасцю, якую не мог перамагчы Падкапаеў...