Мы былі вайсковыя будаўнікі — будаўнічы атрад, дакладней, батальён. Розныя людзі, розныя характары. Мы ведалі, дзе працавалі. Некалі тут, у печах, якія рыхтавалі нейкую адмысловую цэглу для невядома якога будаўніцтва (цэглу забіралі начамі ў вагоны, вывозілі яе пад вялікім сакрэтам у невядомым кірунку), працавалі вязні-смертнікі. Пасля вайны працавалі палонныя немцы. Потым там адбывалі свой тэрмін зэкі — рэпрэсаваныя і з зоны. Гэта ўжо нас туды кінулі пасля ўсіх — маладых, дужых і нежанатых...
Вось гэта пекла дык пекла, і ворагу такога не пажадаеш... Тэмпература такая, што вось-вось расплавішся, таму і не вытрымлівалі, падалі, трацячы прытомнасць, на падлогу. Той, хто быў мацней ці стаяў над намі, выліваў вядро халоднай вады на слабакоў...
Бачачы, што мяне нельга ўзяць і такім пеклам, Падкапаеў пайшоў на іншае.
Вечарам, у прыцемку туалета, нечакана абступіла мяне некалькі чалавек. Нехта адзін з іх накінуў на галаву світку, і мяне жорстка збілі. Нагамі і кулакамі. Білі ў жывот, па галаве... Адзін голас падаўся мне знаёмым — выразна «чёкаў». «Ты чё, ударить не умеешь?» — пытаўся злосна і балюча выцяў колькі разоў у жывот... Я страціў прытомнасць і не ведаў, што паваліўся на брудную падлогу з калюжынамі смярдзючае і едкае мачы...
«Чё» быў з Валгаграда, як і Падкапаеў. Стараслужачы. Мяне невядома хто вынес, непрытомнага, з туалета і занёс у казарму.
Раніцай я не выканаў каманду «Пад'ём!», якую падаў старшына Падкапаеў. Ён спрабаваў сцягнуць мяне з ложка, але перадумаў, апамятаўся.
Потым з рота ў мяне пайшла кроў на падушку, і я пачаў трызніць.
Адпраўляючы ў шпіталь, ваенны следчы доўга і настойліва дапытваўся, хто мяне так збіў.
Я маўчаў. Нічога не гаварыў. Як і не чуў пытанняў. Мне здавалася, што і той следчы быў сярод тых, хто збіваў мяне.
Ці не месяц мяне лячылі ў шпіталі. Рабілі аперацыю ў жываце. Праведваў Падкапаеў, прыносіў яблыкі і апельсіны. Я яму шпурнуў прынесенае ў твар, сказаў:
— Перадай прывітанне свайму землячку, Серпухаву. Спытай, чё ён не праведвае мяне пасля таго, як размаляваў так. Калі я сказаў бы пракурору, хто гэта так мяне ўдзелаў і пячонкі паадбіваў, ды яшчэ хто гэта арганізаваў, то загрымелі б вы, падонкі, усе да аднаго за краты — як піць даць. Толькі б маё слова...
Старшына перамяніўся, здаецца, у твары. З жахам паглядзеў на мяне, як усё роўна дзякаваў за маўчанне.
— Але то было б маім паражэннем. А я хачу цябе сам перамагчы. І — перамагу...
Вярнуўся я са шпіталю праз тры месяцы.
Ваенныя дзеянні паміж намі, здаецца, скончыліся. Ці не капітуляваў перада мною старшына Падкапаеў?
Вечарам стараслужачы падаў мне гімнасцёрку і загадаў:
— Подшей, салага, подворотничок!
— Сам прышывай! — агрызнуўся я, кінуўшы гімнасцёрку яму пад ногі.
Калі клаліся спаць, сказаў днявальны, што мяне выклікае старшына ў капцёрку. Падкапаева там не было, але кругам сядзелі чалавек з дзесяць на табурэціках. Амаль усе каўказцы — грузіны, асеціны, армяне, азербайджанцы...
— Ну, что, салага, давно кровью умывался? — спытаў у мяне Халілаў.
Мяне падхапіў самы апошні і шпурнуў на сярэдзіну памяшкання. Удар першы быў у сківіцу. Я паляцеў зноў на ранейшае месца. Наступны ўдар у жывот. Зноў штуршок, і зноў балючы ўдар. Адчуваў ужо на твары ліпкую кроў. Яна сцякала за каўнер, а кунакі наносілі і наносілі мне кухталі...
— Ну, что, еще?
Я ўставаў, ізноў на мяне сыпаліся ўдары. Нехта кулаком моцна ўдарыў у скроню, і ў мяне закружылася перад вачыма — упаў адразу на падлогу. Зноў жа — галавой...
Мне проста пашэнціла. Мяне забілі б, калі б не выручыў былы зэк з Мазыра. Ён, Мішын, адцягнуў мяне ў казарму і паклаў на крайні ложак. Ноч сядзеў нада мною, ставіў халодныя прымочкі.
Родзік Мішын узяў нада мною апеку і больш ужо нікому не аддаваў на здзек. А Падкапаеву прыгразіў, калі хто мяне кране пальцам, то ён пусціць у ход апошні сродак. Які то быў сродак, я не ведаў, але зразумеў, што цяпер буду ўратаваны...
Але ў арміі былі свае законы, свае цяжкасці. І калі іх параўнаць з непрыязню старшыны і крывавымі здзекамі нацмэнаў, то гэта, аказваецца, былі яшчэ толькі кветачкі. Бо ягады былі наперадзе... Буйныя, пераспелыя. Як шраціны, упіваліся ў цела. А стралкі былі ой якія трапныя — варашылаўскія ім і ў падмёткі не згадзіліся б...
Не атрымалася ў Падкапаева — у дугу я не сагнуўся.
Можа, у тым, сам таго і не падазраючы, і памог мне той жа Падкапаеў з Валгаграда.
Тут ужо толькі так — калі шчасця няма, то няшчасце прыходзіць на дапамогу. Парадокс, але ўсё так атрымалася ў мяне.
Тады пацвердзілася і яшчэ адна філасофская выснова — усё, што ні робіцца, усё да лепшага. Да лепшага?..