Выбрать главу

Супрацьлеглы бераг яшчэ больш прыблізіўся да мяне.

Ён ужо быў на адлегласці шырыні Прыпяці каля Мазыра.

Перагаворваліся, куляючыся ў небе, чайкі.

Сонца ледзь-ледзь зрушылася з поўдня: ад дрэваў пачалі ўжо адыходзіць на паўкрока цені.

Гулялася мне добра, дыхалася вольна — на ўсе грудзі.

Недзе на тым беразе загаўкаў сабака — пэўна, паляўнічы, і мо гнаў якога звера на гаспадара, бо раз-пораз цяўкаў, не выпускаючы здабычу сваім позіркам.

Антон крыкнуў што было сілы, і рэха імпэтным водгаласкам панеслася над люстэркам возера ці мора, паскакала па паверхні і заглухла ў вершалінах высокіх сосен.

У той дзень ён болей не чытаў свае запісы, не хацеў перагружацца забытымі эмоцыямі, бярог сілы для наступных сустрэч са злом і несправядлівасцю...

Сон ахапіў яго адразу, як лёг у ложак.

Спаў колькі часу, не ведаў — мо восем, а мо і дванаццаць гадзін.

І сны яго былі светлыя і спакойныя...

5...

Ён гартаў старонку за старонкай. Быў апісаны кожны дзень, кожная падзея — значная і нязначная.

Толькі цяпер звярнуў увагу і зразумеў сэнс: напісанае было, без асаблівага сумневу, адным і тым жа почыркам. Хіба што розным чарнілам. Калі быў светлы настрой і нічога не пагражала гаспадару дыярыуша, то пісалася зялёным колерам. Калі ж упляталіся мінорныя ці журботныя ноткі, то пачынаўся сіні колер. Калі ж зусім гнятлівы, песімістычны, нават чорны настрой і калі прысутнічала крыўда, несправядлівасць і зло — бралася толькі чорнае чарніла...

Радкі выводзіліся то роўна, то крыва, то прападалі зусім дзе-нідзе літары (думка абганяла руку?), і можна было падумаць, што пісаў непісьменны чалавек, а то радкі клаліся роўна і акуратна... Па кожным слоўцы і росчырку пяра ён мог вызначыць свой настрой — той, які быў некалі на той час і гадзіну...

Сама меней у дыярыушы было зялёных радкоў.

Трошкі больш было сініх.

Астатнія радкі — суцэльныя старонкі. Ды што старонкі! Амаль увесь сшытак спісаны чорным чарнілам!

І ён спалохаўся свайго адкрыцця — дык, значыць, у яго жыцці былі толькі адныя чорныя старонкі?!

А калі толькі чорныя — дык хіба тое называецца жыццём?

Ці — існаваннем?

Пеклам, няйнакш...

А можа ж, той вайсковец нездарма яму стрэўся тады на дарозе і нездарма ён даў яму сшытак з чорнымі вокладкамі? Пэўна ж, ведаў, які лёс наканаваны хлапчуку ў будучым. Мусіць, то яго, Тоніка, душа пад выглядам вайскоўца сустрэлася тады на дарозе. І ўсялілася ў дзіцячую душу.

Зноў скаланула Клімовіча ад новага адкрыцця. Толькі цяпер дайшло да яго свядомасці — вайсковец як дзве кроплі вады быў падобны на старшыну Падкапаева. Такое ж вайсковае адзенне. Такая ж і фуражка, і шрамы, во — шрамы, на шчацэ былі яны аднолькавыя.

А ў арміі столькі часу мучыўся здагадкамі — дзе ж яго бачыў, калі і дзе сустракаліся? І не ўспомніў, колькі ні напружваў сваю памяць. Падумаў ужо, што то, мабыць, яго сны...

Дык гэта ён, аказваецца, і выпрабоўваў яго моц, ствараючы невыносныя ўмовы. Мо таму і выжыў у Савецкай Арміі. Выжыў і не звар'яцеў.

«Падрыхтаваў мяне да такой вытрымкі старшына Падкапаеў?!»

Кожная гадзіна прабывання ў леснічоўцы падсоўвала яму новыя і новыя адкрыцці, якія прымушалі зноў і зноў па-іншаму паглядзець на сябе. Яму як хто даў у руку вялізнае павелічальнае шкло, і ён разглядаў сябе — бачыў казурку, якая была малапрыкметнай з'явай, прывідам, гібрыдам розных з'яў і разуменняў...

Ніводнае адкрыццё — будучае ці мінулае — не выклікала ў яго здзіўлення.

Восень, 1965

«Я дэмбільнуўся з Савецкай Арміі...

Не сказаць, каб я быў стройны і роўны, але ледзь-ледзь мяне сагнула. Не нашмат, праўда, а трошкі, градусаў так на два-тры, ад сілы — чатыры...

Дзякуй, дзядзька Ладымер, за навуку! Дзякуй за мудрасць і падказку, за компас, што ты даў мне ў рукі. Азімут свайго руху ад сябе самога я атрымаў ад цябе...

У цывільнае жыццё я іду загартаваны, хаця ж і з ранамі на сэрцы. Яшчэ — пакрыўджаны несправядлівасцю і жорсткасцю, злосцю і бяздушнасцю людзей, якія акружалі мяне, кіравалі мною, аддавалі загады, якія вымушаны быў выконваць.

Цяпер я нікому не паверу, што Савецкая Армія — гэта школа жыцця. Можа, і школа, але школа антыгуманізму і антычалавечнасці. Усё рабілася дзеля таго, каб задушыць у нас, маладых хлопцаў, пяшчоту і дабрыню. Каб забівалі і не задумваліся ні над чым.

Хацелі задушыць тое і ўва мне. Імкнуліся адбіць мазгі, зрабіць з мяне шызіка ці дэбіла, — тады я ні пра што не думаў бы, а, ідучы забіваць нявінных, як у тым жа Афганістане, мірных людзей, заваёўваючы іх зямлю і насаджаючы другую рэлігію, яе зусім і не маючы ў сваіх душах, змог апантана крыкнуць: