Выбрать главу

— Служу Савецкаму Саюзу!..

Да арміі я паступіў у педінстытут. Калі ж скінуў вайсковую амуніцыю, перавёўся на завочнае аддзяленне. Але пасля таго, як мяне ўзялі на працу ў раённую газету. Я і не прасіўся туды.

Праз паўгода паклікалі мяне на трэці паверх — у райкам партыі. Інструктар аргаддзела Мікола Траяноўскі па тэлефоне сказаў, што мяне чакае другі сакратар Альберт Каралёў.

— Мы ўважліва чыталі твае матэрыялы, — казаў сакратар. — Смела, глыбока, свежа. Мы прапаноўваем вам пасаду інструктара райкама партыі. Як вы глядзіце на гэта?

Я вычакаў паўзу. Здзівіла, што ён сказаў і «ты», і «вы». Кватэру адразу прасіць было няёмка, хаця карцела спытаць пра галоўнае.

— Гляджу дадатна.

— Тады — лады. У аддзеле раскажуць, чым будзеш займацца. Загадчыка арганізацыйнага аддзела пакуль няма — праз два тыдні прыедзе пасля заканчэння партыйнай школы. Тады пачнецца сапраўдная работа. А цяпер — да сустрэчы. Думаю, што вам спадабаецца работа ў апараце.

«Нам сонца не трэба — нам партыя свеціць...»

І закруціла мяне, завіхурыла партыйная работа. На заводзе па вырабу меліярацыйных машын рыхтаваў справаздачны партыйны сход, бо на ім павінен быў прысутнічаць першы сакратар Галафееў — жорсткі, з заўсёды незадаволеным тварам. Яго баяліся як агню.

Потым прападаў на нафтабудзе — рыхтавалі наглядную агітацыю. Намячаўся рэспубліканскі семінар па эфектыўнасці рэалізацыі партыйных рашэнняў...

«Нам сонца не трэба — нам партыя свеціць...»

Жыццё на прыватнай было не мёд. Пакутаваў ад неўладкаванасці. Падвучылі хлопцы падысці да прафсаюзнага лідэра Ігара Шантаровіча, параілі сказаць пра ўмовы свайго быту. Ігар унёс у спісы, запісаў, колькі чалавек у сям'і.

Раніцай сказалі ў прыёмнай, каб мы, трое інструктараў, зайшлі ў кабінет новага загадчыка аддзела Кузьменкі — прыступіў да работы. Перад гэтым, казалі, ён працаваў у Гарадзенскай вобласці. То пасля партыйнай школы накіравалі да нас...

Мы зайшлі, павіталіся, селі ў крэслы.

Я асабліва і не прыглядаўся да новага загадчыка, тым больш што сядзеў ён насупраць акна, у якое свяціла сонца. Мы ўзялі ў рукі блакноты (разумныя словы начальства трэба было заўсёды занатоўваць), каб запісаць указанні, парады і прапановы.

— Для пачатку пазнаёмімся. Завуць мяне Сымон Бенядзіктавіч Кузьменка. Завочна я вас ведаю, але хто ёсць хто...

У мяне ўсярэдзіне нешта ёкнула, як быццам абарвалася тоненькая нітачка. Голас падаўся знаёмы і непрыемны для мяне. Толькі тады я павярнуў галаву і пільна ўгледзеўся ў чалавека.

«Божухна, дык то ж — Шпірка, які Кузьменка?!»

— Мікола Ермакоў...

— Пятро Шарынец...

Назваўся і я — апошнім.

Ніводнага разу Сымон не падаў выгляду, што мы ведаем адзін аднаго. Ды не проста ведаем, а не можам адзін аднаго пераварваць. Бо некалі паміж намі прабегла чорная кошка. А можа, я дарэмна нагаворваю — Сымон чалавек не злапамятны і забыўся пра ўсё, забыўся, што я яго абразіў пры ўсім класе, назваўшы Шпіркаю, — столькі ж год прайшло...

Ды, пэўна ж, не, такіх людзей жыццё не мяняе, яны і застаюцца імі ж, хіба больш жорсткасці дабаўляецца да іх жаданняў, — акурат такія і патрэбны былі партыі...

Паехаў вечарам правяраць партыйную вучобу ў дзіцячым садку — сярод выхавацеляў. Перад гэтым трэба было зайсці да загадчыцы. Пастукаў асцярожліва ў дзверы і зайшоў у невялічкі пакойчык. За сталом сядзела мажная, з высокай прычоскай-стогам жанчына, здзіўлена паглядзела на мяне. Здаецца, крыху пачырванела ад нечаканасці.

— Ты, Тонік? — акругліла яшчэ больш свае вялізныя вочы. — А я ведала, што ты мяне знойдзеш.

На мяне глядзела прыгажуня нашага класа Валянціна, і не зразумець было — абрадавалася яна нашай сустрэчы ці не.

— Адкуль ведала?

— Сымон Бенядзіктавіч казаў, што ты ў апараце працуеш.

— Так, ён мой начальнік. Пра школу мы ніводнага разу не гаварылі. А я не ведаў, што ты тут працуеш. Я ж на заняткі да вас прыехаў...

Было жаданне адразу ўсё кінуць і пайсці з гэтага кабінета, так мне гідка стала, убачыўшы яе, Валянціну. Вельмі ж балюча некалі яна абышлася са мною, каб вось так проста і спакойна размаўляць. Валянціна адводзіла вочы, пэўна, адчуваючы за сабой віну...

— А мы перанеслі заняткі на паслязаўтра. Сёння дзень у нас такі, што нельга сабрацца ўсім разам. Я вінаватая, што не перазваніла. Як жывеш, Тонік, Антон? Жанаты? Дзяцей маеш?

— Усё нармальна. І дзеці ёсць. Сын.

— У мяне двое дзяцей — сын і дачка.