Маўчым. Не ведаем, пра што далей і гаварыць. Добра, што хоць заняткаў не будзе — з ёю не прыйдзецца быць цэлы вечар. Мне даўно карцела падняцца і пакінуць яе, што ж тут заседжвацца?
— Ты мне прабач, Антон, што ў нас так атрымалася. Маладая была, дурная...
— Ды што ты, усё нармальна, усё выдатна. У тым сэнсе, што так яно ўсё і атрымалася. Лепей і быць не магло. Ды ведаю, што і ты не шкадуеш, што так атрымалася.
Яна ўздыхнула, паглядзела, адвярнуўшыся, у акно:
— Як сказаць. Усё ў гэтым жыцці складана. Мо калі і пагаворым пра ўсё?
Ад загадчыцы дзіцячага садка я выходзіў з незразумелым настроем. Ні радасці, ні шкадавання, ні цікаўнасці... Хіба што адно — унутраная задаволенасць, што не кранае мяне яе ўсмешка і нерастрачаная гарачыня, як яна прызналася. Жанчына раздалася ўшыркі, што і не абдымеш цяпер — стала як паравоз. Толькі вочы засталіся тыя ж — вялізныя, круглыя, і здаецца, яшчэ большыя — як у цялушкі.
Раніцай праходзіла бюро гаркама. На ім сярод дзесяткаў пытанняў адно рыхтаваў і я. І рыхтаваў я яго ад педагагічнага інстытута. Музычны факультэт інстытута слаба ўдзельнічаў у культурна-асветніцкім жыцці горада. Чаму менавіта такое пытанне загадаў Шпірка вынесці на бюро, я не ведаў.
Зміцер Вераб'ёў, загадчык кафедры, упіраўся, сцвярджаў, што не ўваходзіць у іх абавязкі прымаць удзел у культурным жыцці горада, на гэта ёсць творчыя і фальклорныя калектывы, а іх задача — вучыць студэнтаў азам музыкі. Я і сам пра тое добра ведаў, але... Прыходзіў і раз, і другі, і трэці да іх, рыхтаваў паперы для пасяджэння бюро...
На незадаволены твар Зміцера стараўся ўвагі не звяртаць — ён то чырванеў, то рабіўся бледным, амаль белым. Не прыдаў значэння, што ён раз-пораз браў пад язык таблетачку нітрагліцэрыну...
Бюро, як заўсёды, пачыналася своечасова.
Нашае пытанне было пятым, і я, бачачы, як перажывае загадчык кафедры, яшчэ маладога ўзросту чалавек, параіў яму гадзінку пагуляць па парку, падказаў яшчэ, што яму не след так хвалявацца, перажываць, бюро ёсць бюро, нічога ў тым смяротнага няма...
— А гэта нястрашна? — наіўна, па-дзіцячы спытаў ён, зноў беручы таблетку пад язык.
— Ну, усе жывыя выходзяць адтуль, — пажартаваў я такім чынам, каб хоць трошкі развесяліць яго.
Але, здалося мне, не развесяліў. Ён, неяк няўклюдна схіліўшы на плячо галаву, пайшоў па калідоры да лесвіцы, каб сысці ўніз.
Я ўжо занепакоена пашкадаваў, што ўзяўся за такую незразумелую справу — які клопат партыі пра тое, што не належыць рабіць спецыялістам, ніяк не разумеў...
Калі нас паклікалі, Зміцер, здалося мне, быў ужо спакойны, нават усміхаўся мне. Калі ж усе расселіся, я расказаў сутнасць пытання. Апавядаў пра вялікую работу кафедры, пра тое, што не хапае музычных інструментаў, а тыя, што ёсць, патрабуюць рамонту. Сказаў, што пры інстытуце працуе мастацкая самадзейнасць, што калектыў часта выязджаў выступаць перад жыхарамі горада і раёна, ездзіў за сотні кіламетраў у іншыя вобласці.
У канцы ж выказаў адзін толькі папрок, што пажадана было б кафедры музыкі аказваць больш дапамогі творчым калектывам горада. Я, як мог, стараўся бараніць Зміцера. Бо чалавек ён быў таленавіты, творчы. Напісаў некалькі лірычных песень, якія гучалі па радыё...
У разгар разгляду нашага пытання першы сакратар ударыў раптоўна далонню па стале, строга спытаў у Зміцера:
— Так, скажите, пожалуйста, почему вы лично устранились от этой важной работы?
Загадчык кафедры перамяніўся ў твары, паспрабаваў адказаць шчыра:
— Абавязкі, ускладзеныя на мяне па рабоце, я выконваю добрасумленна — заўваг не маю.
— Почему вы разговариваете не на русском языке? — чамусьці яшчэ больш распаляўся першы, глядзеў ва ўпор на Зміцера, як стараўся нагнаць на яго больш страху.
— Бо я выкладаю прадмет на роднай мове.
— У меня есть предложение: за слабое участие в общественной работе объявить заведующему кафедрой строгий выговор с занесением...
— Я ж не член партыі... — кісла ўсміхнуўся ён.
Я бачыў, як Зміцер схапіўся за левы бок, збялеў увесь. Самога сябе ненавідзеў я за тое, што не адумаўся напачатку, не задумваўся над тым, што раблю глупства і грэх. Не здагадаўся адвесці своечасова бяду ад сумленнага чалавека. А я мог тое зрабіць...
Бюроўцы сумеліся, як спалохаліся, пераглядваючыся. Толькі першы сакратар, як дыктатар, сядзеў па цэнтры доўгага паліраванага стала і не адчуваў агульнай трывогі, скрыгатнуў незадаволена зубамі. Бачыў ён каля гэтага стала і не такое — на насілках выносілі з інфарктамі...
Зміцера ў калідор я вывеў пад рукі, потым завёў у свой кабінет. Падаў вады. І тут жа набраў нумар «Хуткай дапамогі», папрасіў тэрмінова прыехаць — кепска з сэрцам...