Ён прылёг на крэслы, і я падклаў яму пад галаву падшыўку партыйных часопісаў. Ён цяжка дыхаў, хапаў ротам паветра.
— Вы мне прабачце, Зміцер Пятровіч, але чаго ж не сказалі, што ў вас хворае сэрца. Я б не рыхтаваў гэтае пытанне. Альбо размову вялі б з іншым чалавекам... То я ва ўсім вінаваты...
— Глупства, пройдзе... Казалі вы добра і правільна. Але цяпер я разумею, у чым справа. І з намеснікам вы не закрылі б пытанне. Хм... М-ммм... То ж з дзіцячага садка прыехала да мяне загадчыца — Валянціна Кузьменка. Як не загадала памагчы зрабіць перадавы дзіцячы садок, прыстала, каб я памог наладзіць у іх музычныя заняткі... Я... я адмовіўся, спаслаўшыся на перагрузкі ў вучэбным працэсе. Яна раззлавалася, сказала, што пашкадую пра тое, што адмовіўся... Вось і... Мм-ммм...
— Не лепшае?
— Здаецца...
«Валянціна? Жонка Шпіркі? Хацела свой садок зрабіць лепшым у горадзе? Для чаго? Каб яе перавялі загадчыцай гарана? Успомніў, нешта казалі такое... Аўтарытэт хацела зарабіць сабе на чужым таленце? Божа, яна сапраўды адпомсціла. І як? Маімі рукамі. І як я, дурань набіты, не адчуў, не зразумеў, што раблю агідную справу?! І Шпірка мне адпомсціў. Хітра і жорстка. Як толькі тое і ўмее рабіць партыя...»
Зміцеру было горш і горш. Пасінеў твар, і я перапалохаўся, баяўся, каб не здарылася якой бяды. Добра, што «хуткая» прыехала адразу ж. Дактары ўбачылі, што здарылася, адразу распранулі, пачалі рабіць кардыяграму... Адзін укол, другі... Зміцер задыхаўся, круціў галавой.
— Інфаркт, — канстатаваў ціха доктар у акулярах, паказваючы крывулі на палосцы паперы жанчыне. — Неадкладна трэба яго ў рэанімацыю...
Зміцер махнуў рукой, сіліўся нешта сказаць — і адкінуў галаву. Глядзеў няўцямна ў шэрую столь.
Не хацелася верыць у тое, што адбылося.
Кардыёлагі бездапаможна развялі рукамі...
«Божа, ці замалю я калі грэх, які ўзяў на сваю душу? І чаму мне выпала такая доля — выконваць чорную работу. За некага. Ойча, навучы, як быць гаспадаром свайго жыцця, каб у яго ніхто не ўмешваўся, не ламаў, не курочыў...
Адзін, не надта блізкі, сябра сказаў неяк, што ў мяне райскае жыццё.
Ад зайздрасці сказаў, даведаўшыся, што я працую «ў апараце»... Ці мог я растлумачыць яму, што варыўся ў звычайнай смале сапраўднага пекла? Не ведаў, як выбавіцца мне з яго, як адмыцца, ачысціцца ад ліпкага бруду, што паспеў прыліпнуць да мяне. Я адчуваў сябе выпацканым з ног да галавы...»
Калі «хуткая дапамога» забрала нежывога ўжо Зміцера Пятровіча, пайшоў я на бераг Прыпяці. У самога сэрца вісела на валаску. Баяўся, што і маё разарвецца следам за Зміцеравым...
У райскім пекле былі свае — жорсткія і звярыныя — законы.
Сатаняты правілі свой крывавы баль...
Я ўзвыў, як паранены звер, і прасіў Прыпяць, каб яна забрала, сцішыла мой боль, уратавала ад пякельнага агню, што палаў у душы. Была рака для мяне за родную маці, за самага лепшага ў свеце лекара...
І ніхто на Галафеева, ні на бальшавіцкую партыю не падаў скаргу ў Вышэйшы суд за тое, што яны забівалі людзей такімі вось метадамі. Не кулямі ж стралялі, словамі...
Сатанінская арганізацыя была па-за законам...
«Нам сонца не трэба, нам партыя свеціць...»
Думаў, што ў гэтым пекле і было для мяне самым вялікім выпрабаваннем на душэўную моц гэтае трагічнае здарэнне.
Але я, на вялікі жаль, вельмі памыляўся...
6...
Далей у дзённіку былі пропускі, шматкроп'е...
Абазначаны яны былі, аднак, чорным чарнілам. Зноў бачна яскрава — разрывалася душа ад несправядлівасці і прыніжэння. Аб мяне выціралі ногі. З мяне здзекаваліся і зневажалі. І нічога святога не было ў іх бруднай справе. Сатана Вялікі парадзіў маленькіх сатанятак, і яны ўжо не ўяўлялі жыцця без смагі крыві, паспытаўшы яе ў семнаццатым, потым у трыццаць сёмым; жыць не маглі без агрэсіі, без злосці і здзеку над чалавечымі душамі...
Яны цвёрда верылі ў тое, што іх улада будзе вечнай і непахіснай, што яны замест сонца будуць свяціць вечна...
Выклік да Галафеева не абяцаў нічога добрага, нутром адчуваў. Па рабоце ён ніколі нікога не выклікаў, для таго існавала другая сістэма партыйнай работы.
Ён сядзеў за сваім сталом надзьмуты, як індык, незадаволены, як заўсёды, але яго пастава сведчыла, што ён не абы-хто на гэтай зямлі — фігура! Ён — гаспадар, бай, хан, пан, і будзе ўсё так, як ён скажа, як загадае...
Перад гэтым мне прафарг сказаў, што неўзабаве павінен здавацца дом і што гаркаму выдзелілі дзве двухпакаёвыя кватэры. Я вось-вось павінен атрымаць ордэр і хутка засялюся ў новую кватэру. Сказаў Ігар, каб рыхтаваў выпіўку і закуску. Я ўжо і Яніне пахваліўся.