Выбрать главу

Але радасці ў яе вачах не ўбачыў: «Ты як сапраўдны камуніст жывеш. Ты ўжо думаеш, куды ссыпаць ураджай, хаця яшчэ нічога не сеялі. Не кажы, спадар, гоп, пакуль не пераскочыў...»

Я быў прысаромлены роднай жонкай, нават пакрыўдзіўся на яе за недавер.

— Как у вас хватило партийной совести подделать документы? — свідраваў мяне першы сакратар спапяляючым позіркам.

— Якія дакументы? Не разумею, Анатоль Аляксеевіч.

— Не понимаете? Документы на квартиру. Вы вместо профорга напечатали списки на получение квартир.

— Слова даю, я не бачыў і ў вочы тыя спіскі. Прафарг сказаў, што хутка здаецца дом і нам выдзелена дзве кватэры. Больш я нічога не ведаю...

Пада мною пачынала плысці зямля, хістацца пакой.

— Вы лжете! Я давно хотел спросить, почему вы никогда не разговариваете на русском языке? Вы — националист?

— Я — беларус. І вучылі мяне ў беларускай школе.

— А вы изучали тот предмет, где утверждается о необходимости слияния языков и наций? Там утверждается, что будет единый — русский, язык Пушкина и Достоевского, а беларусский — это мертвый язык. Это утопический, клоунский язык... Но я не об этом. Меня возмутило то, что вы сделали.

— Я нічога не рабіў.

— Мне доложил обо всем Кузьменко.

— Паклічце яго, хай пакажа, што я пісаў і ці падрабляў што.

— Здесь не прокуратура, чтобы устраивать очные ставки. У меня все.

Каб захаваць сэрца, я адпомсціў сваёй дурной галаве.

З Міколам Ермаковым у кавярні мы выпілі па бутэльцы гарэлкі. Ён быў шчаслівым чалавекам — пабудаваў даўно кааператыўную кватэру і пляваў на ўсіх і на ўсё. І быў незалежны ў думках і меркаваннях. Піў ён за кампанію, і толькі дзеля таго, каб аблегчыць мае пакуты і боль.

Дадому я тады не дайшоў. На паўдарозе мяне падабрала міліцыя і, як самая гуманная ў свеце міліцыя, пашкадавала, паклала ў чысценькія беленькія прасцінкі, не забыўшыся перад гэтым адправіць пад душ. Праўда, здаўся ён мне чамусьці надта халодным — ведама, добра не нагрэлі, вугаль, мусіць, быў у іх сыры, няякасны, як і ўся нашая сацыялістычная сістэма...

«Нам сонца не трэба — нам партыя свеціць...»

Я спаў на панцырным ложку, і снілася мне, што Шпірка і Валянціна прынеслі мне на сподку зялёненькую паперку і прымушалі распісацца — то быў ордэр на кватэру. А я не мог ніяк распісацца — мяне ванітавала і выварочвала вонкі кішкі... Усё заканамерна было ў жыцці і лагічна: самы лепшы выхад для мяне — захліпнуцца ў асабістых ванітах...

«Раньше думай о Родине, а потом о себе...»

Людзі, а хто ж падумае пра мяне?!

Ці не партыя?

Бо «народ и партия — едины»?

Старонкі, старонкі, старонкі...

Здзіўляўся, як у такім невялікім сшытку можа ўмясціцца ўсё жыццё. Як магло напісацца столькі радкоў? То ж ці не аб'ём «Чалавечай камедыі»?

Не ўтрымаўся, спусціўся па пясчаным схіле да вады.

Памыў рукі, твар, удыхнуў на поўныя грудзі вечаровага паветра.

Гледзячы на ваду, адкрыў для сябе чарговую заканамернасць: калі ён прачытае яшчэ адзін запіс у сваім дыярыушы, то берагі мусяць зліцца. Значыць, яму дазволена перажыць яшчэ адзін, але толькі адзін-адзіны эпізод з мінулага жыцця, напісаны, канечне ж, чорным чарнілам і кітайскай ручкай... Але ж іх тысячы і тысячы.

Які выбраць, выдзеліць?

Сакавік, 1991

Запіс кароткі, у некалькі сказаў. Але праз гэтыя сказы ўспаміналася яскрава, як ён зусім нядаўна працаваў у газеце.

«Падман». Так называўся крытычны артыкул, які ён друкаваў у газеце. Галоўным героем быў загадчык магазіна Ждановіч. Стрыечны брат загадчыка аддзела ЦК партыі. Была зроблена масіраваная атака, каб выгнаць з працы, пакараць так, каб і дзесятаму заказаў.

Чаго яму каштавала вылузацца з кіпцюроў крывавага монстра, колькі крыві папілі, колькі ён правёў бяссонных начэй! Валасатай рукі ці ўплывовага дзядзькі ён не меў...

Снег на яго галаву пачаў падаць яшчэ ў школе. Не разумеў толькі, чаго здзіўлялася маці, калі падстрыгала яго:

— І адкуль, сынок, у цябе валасы сівыя пракідваюцца? Рана праз цяжкае праходзіш — непасільнае ўзвальваеш на сябе...

Почырк неяк павяло ўбок. У беспарадку стаялі літары — то ўверх заносіла радок, то ўніз спаўзаў, як гнуткая вяроўка.

Ведаў чаго. І ведаў, што тварылася тады ў спакутаванай душы.

Нават Яніна не здагадвалася ні пра што...

«Тупы ўдар па галаве, і перад вачыма быццам бліснула маланка. Болю не адчуў — толькі млявасць і кволасць апанавалі ўсё цела.

— Так его, писаку, чтобы знал, про что писать, — хрыплы голас недзе ў цемры чуўся далёкім працяглым рэхам.