— Не на смерть, но чтобы... Так его, гада...
Мне было ўжо ўсё роўна. Я ляжаў на санцапёку, але тысячы сонцаў пяклі мяне, і не зразумець — ці то я на гарачай патэльні, ці ў гарачым прысаку...
А потым, здаецца, злыя людзі забыліся пра мяне і пакінулі ў спакоі, некуды зніклі. Я абрадаваўся, што мае пакуты скончыліся, цяпер я пайду туды, куды захачу, і ніхто мяне не затрымае, не перашкодзіць...
Дзіўна, але я ў родным горадзе заблудзіўся.
Увайшоў у нейкі тунель, і мяне невядомая магутная сіла штурхнула ў плечы, не дазволіўшы нават азірнуцца, агледзецца і павярнуць назад, пайшоў і пайшоў наперад — усё хутчэй і хутчэй... Усё здавалася, што вось-вось выйду на нейкі чысты прагал, туды, дзе сонца, дзе жыццё...
Чуў нейкія галасы над сабой, нехта строгім голасам камандаваў: «Кісларод!», «Ціск!»...
Над тунелем размаўлялі людзі, і што тое азначала, не ведаў... А потым доўга і нудна звінела ўвушшу, падступалі ваніты да горла, але крочыў і крочыў наперад, не зважаючы ні на што. Імкнуўся да нейкай невядомай мэты...
Ішоў доўга і цяжка — аж надакучыла.
Здаецца, за некалькі гадзін (а мо і сутак) я выбіўся з сіл і не ведаў, як адпачыць. Але нельга было ні прысесці, ні прылегчы — я нічога не бачыў, нават дарогі. І не было нават сілы ўпасці — нехта падтрымліваў мяне пад пашкі.
А потым — во дзіва! — нешта адарвала мяне ад зямлі, без крылаў узняўся, потым падпіхнула яшчэ з большай сілай, і тады я паляцеў з шалёнай хуткасцю наперад — у тым цёмным тунелі-трубе маячыла наперадзе кропка далёкага святла, якое прыцягвала мяне, абяцала жыццё і выратаванне ад няшчасцяў...
Вось-вось яно наблізіцца да мяне. Ужо здавалася, да яго рукой падаць. Я ўжо выразна яго адчуваў, але яно непрыкметна зноў аддалялася, як дражнілася ўсё роўна са мною.
— Тампон, пульс нулявы...
Нехта ці то сачыў за мной, ці нечае рэха далятала да мяне адтуль, звонку трубы, — і што толькі людзям ад мяне трэба?
Мяне несла яшчэ з большай хуткасцю. Я аж сціснуў сківіцы, каб аблегчыць свае пакуты палёту — усё цела здранцвела, напруцілася, і я ўжо баяўся, што не вытрымаю, што палопаюцца нябачныя абручы і дзежачка мая рассыплецца на асобныя клёпачкі...
І здарыўся цуд! Я ўляцеў — так, уляцеў! — у нейкую іншую прастору і, дзіўна, не баяўся, што разаб'юся ад той неймавернай хуткасці. Так яно і было — мяне нешта (ці нехта?) плаўна паставіў на цёплы пясок.
Твар абдало пяшчотнае паветра. Я ступіў крок наперад і пайшоў па мяккай траве. Пачуліся людскія выразныя воклічы. Але дзе яны былі, тыя людзі, дзе знаходзіліся, даўмецца не мог. Убачыў толькі тады, калі ўзбіўся на ўзгорак і перада мною адкрылася панарама невядомага наваколля.
Людзей было вельмі шмат. Былі яны ў асноўным у белым адзенні, і твары іх былі светлыя і задаволеныя.
— Здароў, нябожко, добры дзень! Чаго ж да нас завітаў? — побач стаяў мой аднагодак — падалося, здзіўлена глядзеў на мяне, недзе я яго бачыў — да болю знаёмы твар.
— А хто вы?
— Не пазнаў... Настазя табе падкажа. Настазя, хадзі-но сюды...
З-за яго спіны выглянула... баба Настазя і злосным голасам накрычала на мяне, рукамі замахала:
— А, Тонічак, ты мой родненькі!.. Унучак мой даражэнькі! Рана, ой як рана ты да нас завітаў! Ты ж сваю работку ўсю не перарабіў... То хай мы, мы дык сваё адтэпалі, адгаравалі, а ты... Карты мае праўду казалі — згубілі дзеда твайго сатаняты, на лесапавале ён Богу душу аддаў, забралі вылюдкі яго душачку... Во тутака зноў пабачыліся...
— Баба Настазя, я...
— Нічога і чуць не жадаю! Нічога! Прагані яго, Ян, адсюль, не месца яму тут, не месца... Прабач, што мы такія паганыя з табою, але мы ўбачымся з табою праз шмат гадоў, няскора, унучак. Так трэба. А тутака ты не затрымлівайся — пабачыў, як мы тут жывём, і ўцякай адсюль... Хутчэй.
— Тут у вас рай, бабуля?
— Уцякай адсюль! Хутчэй, пакуль не ўдыхнуў на поўныя грудзі гэтага паветра.
Дзед з бабай падышлі да мяне, узялі з абодвух бакоў за рукі — і адарвалі ад зямлі, паднялі над сабой і моцна піхнулі, бязважкага. Адпрэчылі ад сябе, ад свайго раю, у якім, як яны сказалі, мне рана было яшчэ знаходзіцца...
Я ляцеў назад той жа дарогаю, тым жа тунелем, і зноўку звінела ўвушшу — аж да болю ў барабанных перапонках. Аказалася, што на адваротным шляху шырокая прасторная труба была злучана з вадою — на ладнай глыбіні. Толькі вада чамусьці не цякла па трубе, хаця яе нічога не перапыняла...
У ваду ўвайшоў ці ўляцеў незаўважна, амаль не адчуў, і яна, здалося, была сухой, але мне не хапала дыхання — горла абхапіла чыясьці рука і не адпускала. Сціскала мацней і мацней. Выразна бачыліся бурбалкі, водарасці, пукатыя здзіўленыя вочы незнаёмых рыб. Мне не ўдавалася ніяк выплысці наверх — нешта прыціскала настойліва да дна, да водарасцяў. Промні сонца ледзь-ледзь прабіваліся да мяне і клікалі да сябе, туды, наверх, дзе было паветра і існавала жыццё.