Не ведаю, якая сіла спаднізу зноў штурханула мяне. Але пад спіну ўжо — ці то дзед з бабай яшчэ прыглядвалі за мной і сачылі, каб я не застаўся, ці хто на тым марскім ці рачным дне клапаціўся пра мяне, — і тады мяне порстка панесла на паверхню чыстай і празрыстай вады...
Сонца зырка ўдарыла мне ў вочы, і я зажмурыўся, сцішваючы рэзкі боль.
— Ну во, цяпер, здаецца, вярнуўся...
— З таго свету вярнуўся...
Мяне акружалі людзі ў белых халатах. Не разумеў, што здарылася, што яны ад мяне хочуць.
— Я... быў... там... дзеда з бабай бачыў, але яны мяне прагналі адтуль. Забаранілі... там быць...
— Ну і добра, што прагналі, — хірург глядзеў на мяне вясёлымі і стомленымі вачыма, радаваўся сваёй перамозе. Я ж радаваўся, што не застаўся ў гасцях нябожчыкаў. — Мы радыя за цябе. Малайцы ў цябе дзед ды баба, разумныя, далажу табе, людзі!
Але ж што такое са мною ўтварылася?!
7...
У той вечар госць леснічоўкі не пакінуў — адцягваў момант развітання.
Сонца ўжо даўно села за цёмныя шчыкі лесу. Не трымалі ногі, зліпаліся вочы, здавалася, яго зусім пакінулі сілы — двойчы пабыць на тым свеце, то ўжо, мусіць, занадта...
На твар аднекуль з начной шэрані ўпала некалькі сняжынак.
«Снег? — падумаў ён, задраўшы галаву. — Чаго ж ён так рана сабраўся ісці — нават і замаразкаў яшчэ не было...»
Позна лёг спаць, і спалася яму лёгка, і галоўнае — не падкочваліся да яго ніякія трывогі. У сне ён не падскокваў, як уджалены гадзюкай (а яны не раз кусалі яго, як папярэджвалі аб небяспецы), не кідаўся з боку на бок, ратуючыся ад нейкай пачвары, што гналася за ім...
Не прачынаўся ён некалькі леснічоўскіх сутак — сонца то апускалася за гарызонт, дасылаючы ў акно развітальныя малінавыя промні, то ўставала з другога боку, зазірала ў другое акно, здзіўлялася, што госць не прачынаецца — старалася як найбольш паслаць у хаціну жоўта-ружовых промняў...
Але разбудзіла яго цішыня.
І — раніца.
Тонік выйшаў у двор. Прысеў колькі разоў, памахаў рукамі, нос удыхаў ранішняе, волглае яшчэ паветра.
Ад леснічоўкі вакол узняўся ранейшы лес, перанітаваны кустоўем. Тырчэлі на пясчаных выспах на высокіх сцяблінах жоўтыя кветкі — каравяк мядзведжае вуха.
І ўжо не існавала вострава.
Ужо не было зусім і вады...
«Ну што, спадар Клімовіч, мо пара ўжо і вяртацца, га? Зачакаліся цябе, мусіць, і Наста, і Чэрчыль, ды і на працы не з радасцю аднесліся да самаволкі... Цікава, колькі я адсутнічаў? Дзень, два ці ўвесь тыдзень? Пара, браце, табе, ды і даўно пара знікаць адсюль. Загуляўся, мо і занадта... — дакараў сам сябе Антон, але тут жа і супакойваў: — Але ж, згадзіся, што не ўпустую бавіў тут час. З вялікай карысцю пабыў у леснічоўцы і ў Сховішчы Валадара. Галоўнае, што цяпер маецца ключ, код размовы з Творцам. Мусіць жа, пачэсна быць пасрэднікам...»
Раніца як быццам загадвала, каб Антон Клімовіч збіраў свае манаткі і пакінуў леснічоўку, нават уцякаў адсюль, як тое раіла баба Настазя з дзедам Янам яму там, на другім канцы жыцця...
Але ён зноў нечага марудзіў, разважаў, усё адцягваў той момант, калі зробіць першы крок ад парога леснічоўкі да свайго дому, да свайго часу. Стаяў, курыў, глядзеў у далеч асмужанага ранішнім туманам лесу і адзначыў пра сябе, што развітваецца з чароўнай мясцінкай са шкадаваннем...
У ім адначасова жыло і цвярозае пачуццё, што ён выкарыстаў свой апошні шанец, выкарыстаў з карысцю — і не толькі для сябе асабіста.
Непакоіла хіба адно — ці здольны ён будзе ў сваім вымярэнні і часе ўсё ўспомніць, занатаваць, перадаць усяму люду простыя і неабходныя веды, раскрыць вочы на многія рэчы, на якія ніхто раней не звяртаў ніколі неабходнай цікавасці і ўвагі...
На дарогу з'еў кавалак хлеба з салам. Выпіў два кубкі гарачай гарбаты. Нешта падказвала яму, і ён пачуў тое, — схадзіў да крыніцы, набраў вядро вады, наліў поўны гарбатнік свежай — паставіў на прыпечак.
Пасля падмёў у хаце і памыў падлогу — пакінуў сляды, як прыходзіў з вуліцы.
Паліў кветкі — здалося яму, што трошкі звяла лісце.
Заслаў ложак — так, як было да яго прыходу.
Толькі пасля таго, як усё ўпарадкаваў у хаце, пачаў збірацца і сам.
Ды што яму было збірацца — накінуў куртку з капюшонам, а за спіну закінуў рэчавы мяшок.
Перад тым як пераступіць парог, яшчэ раз уважліва агледзеў хаціну. Спыніў позірк на чорным сшытку, які паклаў туды ж, дзе і браў, — на падваконнік, да герані. Хацелася забраць з сабою, але перадумаў, не хацеў парушаць Закон леснічоўкі, ды і тыя радкі ён ведаў на памяць — кожнае слоўца.