У паштовай скрынцы было тры газеціны і больш нічога. Заўсёды з нецярпеннем гляджу сваю газету — канечне ж, няма, бо «трамвай» — апошні нумар месяца, кожны імкнецца ўсунуць сваё, каб мець хутчэй ганарар. Я ж далёка, я ж — на «кусце», мяне можна і адкінуць, адпрэчыць... Але гэта мяне не засмучае, а недзе і радуе — значыць, яшчэ партфель там мой не апусцеў, матэрыялы ёсць, значыць, можна чакаць і пакуль рабіць перадышку...
Канверт упаў бязгучна на іншыя канверты ў скрынцы, і ў мяне паспакайнела на душы. Заданне выканана, цяпер можна колькі дзён адпачываць.
А на дварэ ўжо восень. Ужо ўдарылі першыя і другія прымаразкі, зляцела першым каштанавае лісце, на чарзе таполі і ліпы. Ужо без курткі не выйдзеш — ахопяць дрыжыкі. Па дарозе забег у абком камсамола, перакінуўся словам-другім з хлопцамі, паслухаў, што думаюць пра апошнія мае друкаванкі, і пабег на бераг. Мяне ніхто не абавязваў наведвацца ў абком, проста аднойчы ўзнікла сама па сабе неабходнасць з некім гаварыць, адвесці душу. Бо дома, на адзіноце, я «размаўляю» толькі з паперай, а яна субяседніца маўклівая і сухая.
Адам здалёку, убачыўшы мяне, махае рукой — кіруй сюды. Перад ім стаяць з бліскучымі мокрымі бакамі шэсць куфляў — як пузатыя салдаты на аглядзе.
— Здароў быў!
— Быў здароў!
Піва бальзамам уліваецца ў мяне, вяртаючы да жыцця. Зажмурваюся і бачу лес, хвоі, рэчку. Хораша! Цуд! Ой, як добра!
— А рыба дзе, Адам?
— Не знайшоў, прабач. Позна ачомаўся.
— А вось яна, ваша рыба. Частуйцеся! З-за маёй спіны цягнецца чыясьці рука — на газеціне перад намі лёг карычневы, тлусты, вэнджаны ляшчук.
Джо заўсміхаўся наіўнай усмешкай:
— Добры дзень. Даўнавата вас тут не было.
— Даўно, Джо. Месяцы з два. Дзякую за рыбу, а ў самога хоць засталося?
— Ёсць. І не адна. Я сёння багаты.
— Адкуль багацце?
— З Калінінграда цётцы прыслалі пасылку. Яна са мной падзялілася.
— Шанцуе, скажу табе, на цётку.
Джо нечым перамяніўся. Не тым, што цяпер ён быў паголены, і не тым, што трошкі лепей апрануўся. Не, нечым іншым, а чым, зразумець не магу. Ён свяціўся нейкім таямнічым святлом, гарэў жаданнем нешта рабіць, памагаць, тварыць дабро.
— Пачаставаць півам, Джо? — заўважаю, што ў яго куфлі засталося толькі на донцы.
— Ды, як той казаў, калі не вельмі, дык яно добра, але калі вельмі добра, дык яно і не вельмі, але так ужо і калі б і не, то падумаць можна, што і няўжо...
— Зразумеў.
Я паставіў перад ім два куфлі. Адчуў, што Адам, які маўкліва стаяў перада мною, быў незадаволены. Але я не пачуў ад яго ні слова папроку. Нават незадаволенага позірку не заўважыў.
— Дзякую, смачна вам піць, — сказаў і адвярнуўся, бачачы, што мы з Адамам яшчэ і словам не перакінуліся.
Адам дапіў свой куфель, адставіў убок. Хлебтануў з наступнага.
— Куды падзеўся, што злавіць не магу?
— Па маршрутах Палесся насіўся. Дадому заскочыў, з бацькамі пабачыўся.
— Трымаюцца як?
— Нічога, дзякуй Богу. Маці хварэе апошнім часам. Ногі ў яе — даярства дарэмна не праходзіць. У гумавіках — зімой і летам. Ім жа цёплай адзежыны ніхто і ніколі не выдаваў.
Піва з рыбай п'ецца весялей. Пажуеш салёны кавалачак, і піва само просіцца. Смаката! Дай Бог Джо здароўя! Сёння можна было б з ім зблізіцца яшчэ больш, але ў мяне галава бы пусты цабэрак. А дамовіцца з ім пра будучую сустрэчу баюся, а раптам з'еду куды. Да яго трэба прыйсці вольным ад думак і клопатаў, свежым і бадзёрым, з жаданнем добрай і шчырай гаворкі. Ды і без Адама. Каб ніхто нам не замінаў, не перашкаджаў, каб нагаварыцца ўдосталь.
Адам пільна ўгледзеўся ў газету.
— Пачакай, пачакай, — скінуў ён лешчыка і шалупінне з газеты. — Дык гэта ж табліца розыгрышу... Ты не правяраў?
— Не, — кажу я абыякава, — толькі і было тое ў галаве. Я ж не памятаю і нумар. Білет у цябе?
— Дома. Але ж я памятаю — злева ўсе тройкі, а справа — пяцёркі.
Адам вадзіў пальцам па радках, шукаў патрэбны радок. Я ж пацягваў піва, думаў пра сваё, найбольш пра будучую сустрэчу з Джо.
— Гы... Гы-гы-гы... — перакрывіўся твар у Адама, па-дурному вырачыў вочы. — Вачам не веру... гы-гы-гы... Здаецца, браце, «Жыгуль»! Ну, точна ён. Тройкі і пяцёркі! Антон, слухай, я выйграў!
— Віншую, Адам! — паціснуў я яму машынальна руку, быццам гэта ён сабе сам прыдбаў той латарэйны білет і хваліцца выйгрышам, а я тут збоку прыпёку.
— Дзякую, дзякую.
У яго гарэлі ад радасці вочы. Ён не знаходзіў сабе месца. Яму ўжо было не да піва. Забыўшыся і на мяне, ён стрымгалоў кінуўся ў людскі натоўп і знік — як і не было яго побач са мною.
— Што за радасць у вашага сябра? — спытаў Джо, перайшоўшы да мяне.