— Машыну выйграў.
— Машыну?! Во дае! Малаток!
— Па латарэйным білеце, які я яму купіў.
— Як гэта? — у вачах Джо недаўменне і нават шкадаванне.
— У яго не было грошай на піва. Разлічваўся я. Антаніна замест здачы дала білецік. Яму дала.
— Ну, мужык! Дык гэта ж не чэсна! Ён жа павінен аддаць табе выйгрыш альбо, на худы канец, падзяліцца з табой сумай.
Я паціснуў плячыма, паднёс брыжык куфля да вуснаў: піва, якое купляў Адам, падалося мне чамусьці нясмачным. Каб не Джо, выліў бы яго за плот.
А ён недаўменна цікаваў за выразам майго твару і не разумеў, чаму я да ўсяго стаўлюся абыякава і спакойна. Гэта здзіўляла яго, злавала нават.
— Хочаш, я з ім пагавару як мужык з мужыком. Дай мне яго адрасок. На суд яго.
— Навошта, Джо? У гэтым павінны разабрацца мы самі. Ніхто ж не бачыў, а калі і бачыў, то яшчэ даказаць тое трэба. Толькі сумленне ўсё рашыць, ніякі суд тут не паможа. Я добра ведаю. Дзе двое замешаны, там палавінкі быць не можа. Альбо нічога, альбо — усё.
Джо толькі свіснуў ад такой маёй філасофіі. Яна для яго была незразумелая.
— Ды мы такіх шкур у Афганістане...
— І ты там быў, Джо? — Я паклаў сваю руку на яго, дужую, мускулістую, сціснуў нечакана яе.
— Быў, браток. І не адзін год. Лепшых сваіх дружкоў там пакінуў. А цяпер да канца жыцця мне месца спакойнага не знайсці.
— Знойдзеш.
— Не, Антон, я ведаю, што не. А калі і знайду, то гэта ўжо будуць не сябры, а так, сабутэльнікі...
— Добры ты хлопец, Джо. Шкада, што мы з табой не былі там побач.
— Шкада. А за машыну не перажывай. Мне яго шкада, а не машыну.
— Чаму?
— Ён яшчэ шкадаваць будзе, што так паступіў. Не падзяліўшыся.
— Не разумею цябе.
Замест адказу ён падняў куфель, іншым голасам, гледзячы мне ў вочы, сказаў:
— Хоць півам, але памянём нашых дружкоў-сябрукоў. Пухам ім зямля. За іх...
Я дапіў рэшту. Але больш не хацелася. Адчуў, як яшчэ мацней абхапілі нябачныя абручы маю галаву.
— Прынесці яшчэ мо па адным?
— Не, Джо. Хопіць. Па завязачку.
— Выглядаеш ты блага. Як цябе сто бабенцый адхадзіла. А ідзеш адсюль як выціснуты лімон. Табе тут сёння не месца. А мо дасі ўсё ж Адамаў адрасок, га?
Я адмоўна пакруціў галавой.
Мяне пачаў біць калатун. Нервы? Крыўда? Ператомленасць, напэўна... Радкі, хай на іх, даюць пра сябе знакі.
Вечарам жонка выклікала «хуткую дапамогу». У мяне была тэмпература пад сорак. Недзе падхапіў ангіну. Ці не на піўным полі? Мо Антаніна кепска памыла посуд... Ды і не ў кіпні ж выварваць яго...
Пра латарэйны білет жонцы нічога не сказаў — апошнім часам у нас з ёю былі нацягнутыя адносіны.
І трэба ж — праз паўгода, як быў надрукаваны матэрыял пра піяніна і псеўдаветэрана Гаеўскага, падаў ён на мяне ў ЦК партыі на шасці старонках скаргу. Наплёў там пра мяне такое, што...
Скаргу правяраць прыехаў жвавы маладзенькі хлопец, новаспечаны цэковец камсамола, учарашні супрацоўнік нашай маладзёжкі. Кучаравенькі, як херувімчык, галасок, як у жанчыны, і паходка такая ж. Я абрадаваўся таму, што разам працавалі, павінен жа адстойваць пазіцыю газеты — усё загарэлася з-за таго, што мы баранілі дзяўчынку ад нападак шызафрэніка.
Але з першых пытанняў Івана Жановіча я зразумеў, што ён прыехаў праінструктаваны і ад свайго не адступіцца: пытаўся ён, ці сапраўды я п'яны быў на камсамольскім тым сходзе, і ці праўда, што мацюкаўся... Ён адшукаў і жанчыну-кардыёлага, пацікавіўся, ці сапраўды яна так казала, як я напісаў. Аказалася, што нехта з аддзела газеты выкінуў са сказа два словы, і атрымалася, што засталося толькі «выдатная кардыяграма», а «для яго здароўя» прапала. А так выходзіла, што сапраўды ў інваліда са штучным клапанам не магло быць выдатнай кардыяграмы. Батура спалохаўся праверкі і блытаўся ў адказах: адмаўляўся, што даваў дырэктару ўказанне праводзіць такі сход. Іван хацеў, каб і я з ім паехаў на дачу да Гаеўскага, дзе ён жыў адзін. І пытанне ў лоб — а як я дакажу, што быў таварыскі суд з-за пчалы...
Во як яно павярнулася! Во як лезці ў вароты, у якія цябе не просяць. Месяц яшчэ мне давялося адмывацца ад бруду. Папрасіў Санько, дэкана, каб правялі сход кафедры і ўспомнілі, як яны праводзілі той суд з-за пчалы. Выпіску зрабілі, пячатку паставілі...
Прыдбаўшы неабходныя паперкі, я паехаў у ЦК камсамола. Аддаў Івану. Той доўга моршчыўся, быццам хто піхаў яму прымусова ў рот селядзец. Забег загадчык аддзела прапаганды Іван Цяпура. Прачытаў, з непрыхаванай пыхай і злосцю спытаў у мяне:
— Вам, можа, надакучыла працаваць у газеце?
— А табе, можа, у ЦК? — не ўстрымаўся я. Ведаў, што яны цяпер мне на хвост солі насыплюць, ды і не даражыў я работай у газеце — абрыдла пісаць хлусню і падман.