Я ведаў, што родзіч Гаеўскага перабраўся ўжо ў апарат ЦК партыі. Таму так прыдзірліва правяралі скаргу. Іван правяраў.
Ён толькі скрыгатнуў ніжняй сківіцай, паказаў рэдкія шчарбатыя зубы. Не люблю, калі ў роце зубы як у паламаным плоце — сікась-накась, і характар у іх такі, і ўчынкі непрадказальныя...
Я ляснуў дзвярыма, пакінуўшы Івана ў недаўменні. Праз тры гадзіны на агульным сходзе рэдакцыі з парадкам дня «Аб маральна-этычных паводзінах уласнага карэспандэнта Антона Клімовіча» ўляпілі мне вымову. За маральна-этычную блізарукасць. Так і да сённяшняга дня не ведаю, што тое азначала. Недаўмявалі ўсе члены рэдкалегіі і супрацоўнікі газеты — артыкул вісеў перад гэтым на дошцы лепшых матэрыялаў тыдня. Наташа вінавата прасіла ў мяне прабачэння, што не магла абараніць.
Я ж ведаў, адкуль плыў на мяне ўвесь гэты бруд.
І што-небудзь змяніць, перайначыць не мог.
У мяне не было валасатай рукі ні ў ЦК камсамола, ні ў ЦК партыі. Было толькі жаданне памагчы слабай і хворай Таццяне, якой Гаеўскі мог сапсаваць разам з Батурам жыццё.
А Таня, як я потым даведаўся, паступіла ў вучылішча. Будзе ў дзіцячым садзіку музыкальным кіраўніком. Маці ездзіла ў інстытут Фёдарава. Аперацыя прайшла паспяхова, зрок у дзяўчыны палепшыўся.
У Адама прачнулася сумленне. Праз тры месяцы ён прынёс мне тысячу рублёў, паклаў на стол. Вінавата загаварыў, хаваючы вочы за калматымі бровамі:
— Я разумею, што гэта твой «Жыгуль»... Але ж білет аказаўся ў мяне — як бы і мой. Ты мне яго аддаў. Ты прабач, што так выйшла... Мы з Адай параіліся, рашылі табе сплаціць хоць столькі...
Я яму не сказаў ніводнага слова. І шкада было яго: вельмі ж пакутаваў чалавек, грызла яго, напэўна, сумленне.
Роўна праз тыдзень пасля таго ён трапіў у цяжкую катастрофу. З месца здарэння — аварыі — яго забрала «хуткая». У яго быў пашкоджаны пазванок і траўма галавы.
Як накаркаў Джо сваім таямнічым прадказаннем.
А мо ён ведаў у жыцці адну непахісную выснову: на чужым свайго шчасця не пабудуеш...
Эх, Джо, Джо... І ты ўвайшоў у мой лёс, няпрошана ўвайшоў, сам не падазраючы пра тое. Чаму мяне так цягне да цябе? Чым прычараваў? Што абодвух ахрысціў Афган? Ці нечым іншым?!
Калі і дзе мы сустрэнемся з табою наступны раз?
Вечарам я пайшоў да Адама ў бальніцу. Але дактары ў палату не пусцілі, сказалі, што ён у цяжкім стане.
Ля дзвярэй, у калідоры, сядзела, плакала Ада, яго жонка, — трымала ў руках насоўку.
Мяне яна не бачыла, быў прыцемак, і я, доўга не думаючы, пакінуў бальніцу...
6...
Не лезуць думкі ў галаву, хоць плач. Бывае такі застой, хаця і не часта. Маўкліва стаіць перада мною «Эрыка», не падганяе, церпіць.
Набыў сабе і электрычную — «Ятрань». Але схаваў яе падалей, каб не была пад рукамі: ёю добра толькі гатовае перадрукоўваць, не спыняючыся, не думаючы. А калі пачынаеш пісаць новы матэрыял і трэба думаць, напручваць мазгі, то рухавічок машынкі яхідна выгаворвае:
— Ну, што спыніўся? Ану націскай на клавішы... Што, мазгі не вараць? Няма каму лупцаваць цябе. Ну, хопіць спаць, гані радкі пра будаўніцтва светлага будучага... Давай.
Ну акурат як дзед Рыгор здзекуецца!
Альбо як сварлівая жонка, калі не ў гуморы, звягае і звягае, выводзіць з сябе. Ні на што не прамяняю «Эрыку» — маўклівая, спагадлівая, усё разумее, цярпліва чакае, калі праклюнецца ў мяне свежая думка — і тады пойдзе, загаворыць радок. Я нават адчуваю яе спагаду і пяшчоту. Дыханне дабрыні адчуваю. Яна імкнецца ўсімі сіламі памагчы мне, паспагадаць, падказаць, але не ўмее... Пакуль не ўмее. Потым і гэта навучыцца рабіць — веру ў тое.
Я чапляюся за першы сказ, за першае слова — і тады ўсё зрушваецца з месца. Тады ідзе праца, тады я ва ўладзе той тэмы, якая павінна быць выкладзена на паперы.
Званок тэлефона перабівае думкі. Падымаю слухаўку.
— Алё, скажыце, абгат ужо прывезлі? — пытаецца нейкая старая з картавым «р», працяжным, аж захліпаецца, і я з цяжкасцю разумею, што яна мае на ўвазе абрат.
— Будзе заўтра, — адказваю я, каб не раздражняцца далей.
Майму карэспандэнцкаму пункту далі тэлефон былога гармалзавода. І так у даведніку горада. Таму я часта адказваў на пытанні: ці выкананы план па малаку, ці палепшана ручная праца...
Праз хвіліну зноў званок.
— Алё, гармалзавод?
— Мг...
— Гэта з абласной газеты турбуюць, Вадзім Ішкевіч. Гэта інжынер Цыбульскі?
— Мг...
— Можа, у вас што ёсць цікавае для заўтрашняга нумара?
У абласной газеце ўсе гаварылі па-расейску, і Вадзім пытаўся гэтак жа. Прыйшлося і мне гаварыць гэтак жа.