Мужыкоў было няшмат — нам пашанцавала, чалавек мо з восем. Гэта ж на некалькі хвілін. А жанчына працуе ўвішна, не паспеем і словам перакінуцца. На першы погляд Тоня працуе павольна, як бы ляніва, але атрымліваецца ў яе хутка і зладжана.
І цяпер, як заўсёды, у яе добры настрой, жартуе, смяецца, паказваючы маладыя здаровыя зубы, — як быццам хоча пахваліцца сваёю пекнасцю і жаданнем усім дабрыні. А вочы ў Антаніны як два блакітныя азерцы, і кожны, напэўна, хацеў бы ўтапіцца ў тых азярынах, магніт была Антаніна, няйначай.
— Ну што, заснуў? — чуецца вясёлы голас жанчыны. — Ты ж чаргу затрымліваеш. Вунь у некаторых аж каласнікі гараць...
— Тры келіхі піва, — ачомаўшыся, гаворыць хутка невысокі хлопец, пэўна, першы раз завітаў да Антаніны.
— Так бы і казаў адразу, — не злуецца лекарка нашых прапітых душаў, адпускае хлопцу тры куфлі піва, не гледзячы на наступнага, пытаецца: — А табе колькі? Сам вады ў рот набраў?
— Чатыры...
Ну і Тоня, усё разумее і здзекуецца, бо ведае добра, чаму хлопцы губляюць мову, але ёй прыемна гэта, яшчэ больш квітнее пад нашымі позіркамі.
— Антон, а колькі мы возьмем? — паварочваецца да мяне Адам — стаіць спераду.
— Можа, па два?.. Так, па два. Не, лепей па тры.
Калі падыходзіць нашая чарга, Адам заказвае шэсць куфляў, а я кладу ў сподак грошы.
— Нечага доўга не было вас у мяне, — гаворыць гандлярка, проста дзіўна, як яна бачыць, нават не паварочваючыся, не падымаючы на нас вачэй, — і па чым пазнае людзей?
У куфлях пеніцца іскрыстае піва, бяжыць праз верх. Яна чакае колькі секунд, пакуль асядзе зусім, зноў далівае.
— З'язджаў далёка.
— Са здачай у мяне кепска. Мо білецік латарэйны возьмеце? «Жыгулі» абяцаю...
У вачах Антаніны весялосць і гарэзлівасць, не праца, а задавальненне, пачуеш ад яе колькі слоў, і настрой на цэлы дзень забяспечаны.
— Вазьмі, Адам, — гавару яму, а сам забіраю ў дзве рукі куфлі, дзякую Антаніне, усміхаюся ёй, адчуваючы, як сагравае мяне яе позірк і белы месяц незагарэлага цела на грудзях, адыходжу, кірую да столікаў.
Адам запіхвае ў кішэньку тэніскі блакітны білецік, павольна крочыць да мяне.
Піва халоднае, церпкае, а я ўсё не веру, што атрымліваю асалоду і задавальненне, зажмурваю вочы і не ведаю, дзе я і што са мной. Вось каб яшчэ і рыбінку, дык было б...
— Даўжок, шэф! — дакранаецца нехта ззаду да майго пляча.
Расплюшчваю вочы, паварочваюся: на мяне глядзіць няголены юнак, пазірае весела, як на роднага брата.
— З рыбкай дык яно смачней, — тлумачыць ён і кладзе перада мной кавалак вяленага ляшча, радуецца, што ён мне дапоўніць задавальненне.
— Дзякую, дружа! — ківаю галавой, але я не магу ўспомніць, калі ж я яго частаваў рыбінай, хаця за гэтымі стойкамі-столікамі такое здараецца часта.
— Забыўся, бачу, — ківае хлопец галавой, шмыгае прастуджаным носам, — забыўся. Добрае забываеш. А я не, не з такіх. Ты месяц назад частаваў мяне півам і цэлую рыбіну даў. А потым прыехалі мянты і мяне схапілі...
— А-а, — адразу ўспомніўся той непрыемны дзень, — ты назваўся тады Джо...
— Во-во! — абрадаваўся хлопец, заўсміхаўся, як даўняму знаёмаму.
— А чаго яны цябе схапілі? — зноў прыкладваюся да брыжыка куфля, раблю два доўгія глыткі.
— І сам не ведаю. Некага шукалі. А я вывескай сваёй, пэўна, ім некага напомніў. Вывеска такая ў мяне, што толькі за краты... Ну, прабач, што ўлез, — апамятаўся хлопец, адчуўшы, што Адам на яго паглядае незадаволена і настойліва, — прабачце...
Ён адышоўся ў дальні куток, адвярнуўшыся ад усіх, пачаў піць сваё піва. Дастаў з кішэні недакурак, прыкурыў і зацягнуўся дымком.
Я не ведаў, хто ён, адкуль родам, але нейкім падсвядомым чуццём адчуў яго неўладкаванасць, адзіноцтва. Я не быў упэўнены, што хлопец меў свой кут, ды ці і працаваў дзе. Па голасе адчуваў, што ў яго мяккая натура, але душа нечым надарваная, напэўна, зняверыўся ў людзях, у жыцці ды і, мусіць, у самім сабе.
Нарадзілася жаданне сустрэцца з гэтым хлопцам, пагаварыць, нават, можа, і напісаць пра яго ў сваю газету. Напісаць жорстка, праўдзіва, нічога не ўтойваючы. Зразумела, ён не ўпісваўся ў рамкі сучаснага чалавека, не мог удзельнічаць у камсамольскіх форумах і тым больш сядзець, як перадавік, у прэзідыумах... Але тут жа ўспомніў, што рэдактар газеты Вуськоў прызнае яго не актуальным ці непраўдападобным. Ён вельмі трымаўся за сваё месца. Слухаўся заўсёды. Даць у абласную? Дык тут яшчэ горш: газетай кіруе абкам партыі і яго партыйны ідэолаг Бабыроў. А першым быў Хасінаў. Татарын у Беларусі. Ці можна ўявіць Шаранговіча ці Цыбульку першым у Грузіі ці Азербайджане? Не дай бог, калі з'явіцца крытычны артыкул! Тады Хасінаў выклікае рэдактара да сябе, грыміць кулаком па стале, адпускае, беручы з таго слова, што такое больш не паўторыцца. Тады ідзе ў рэдакцыі лятучка і грыміць гром у адрас тых, хто асмеліўся замахнуцца на «честь, ум и совесть нашей эпохи».